ГЕ́РВЕГ ((Herwegh) Георг) (31.5.1817, г. Штутгарт, Германія — 7.4.1875),

нямецкі паэт, крытык. У 1839 эміграваў у Швейцарыю, з 1848 у Парыжы. З 1866 у Бадэн-Бадэне (Германія). Арыентаваўся на творчасць Р.Бёрнса і П.Беранжэ. Спалучаў песенны лад вершаў з сац. насычанасцю тэматыкі. У зб. «Вершы жывога чалавека» (ч. 1—2, 1841—43) пераважае паліт. лірыка, скіраваная супраць феад.-манархічнага ладу і ням. філістэрства. Вершы 1846 у асноўным пра паўстанне 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Цыкл вершаў прысвяціў рэв. падзеям 1848—49 у Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (1893, Масква — 7.5.1919),

удзельнік грамадз. вайны на Палессі. З ліст. 1918 агент ЧК па забеспячэнні Чырв. Арміі ў раёне Лунінец—Сарны—Роўна, дамогся ад ням. акупантаў перадачы рэўкому артыл. складоў і інш. ваен. маёмасці б. царскай арміі. Для абароны раёна ад пятлюраўцаў сфарміраваў з палескіх паўстанцаў 3 палкі (каля 3 тыс. чал.). Старшыня Ваен. савета камуніст. паўстанцкіх войск Беларусі і Зах. Украіны, чл. Палескага рэўкома (гл. Палескае паўстанне 1918—19). Распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырв. Арміі вызваліў Сарны, Корасцень. Загінуў у баі пад Шапятоўкай. Пахаваны ў Мінску.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́НСКІ (Крыштоф) (? — май 1593),

кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы з рас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.​Вішнявецкага. Загінуў у баі (па інш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ТОРГА И ССЫ́ЛКА»,

гістарычны часопіс, орган Усесаюзнага т-ва б. паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, які выдаваўся ў Маскве ў 1921—35. Асн. раздзелы: гісторыя рэв. руху ў Расіі; катарга, турма, ссылка і эміграцыя; некралогі; бібліяграфія; хроніка. Друкаваў даследчыя артыкулы (сярод аўтараў М.М.Дружынін, М.В.Нечкіна, Я.В.Тарле), мемуары, архіўныя матэрыялы. Ёсць публікацыі (пераважна ўспаміны) пра Цётку і А.Л.Бурбіса (1923, № 5), Курлоўскі расстрэл 1905 (1926, № 4), паўстанне 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве (1924, № 3) і інш. матэрыялы з бел. гіст.-рэв. тэматыкі. Рэдактары: У.​Дз.​Віленскі (Сібіракоў; 1923—27), Ф.​Я.​Кон (1927—29), І.​А.​Тэадаровіч (1929—35). Выйшла 116 нумароў.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХЕ́ТЫ, Кахетыя,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў вярхоўях рэк Іоры і Алазані (прытокі Куры). Да 8 ст. ўваходзіла ў склад Картлі. З 2-й пал. 8 ст. вылучылася ў незалежнае княства. У 1104 цар Давід Будаўнік пры дапамозе мясц. азнаураў заняў К. і ўключыў яе ў склад аб’яднанага Груз. царства. У 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. царства, якое вяло ў 16—18 ст. барацьбу за сваю незалежнасць ад Ірана і Турцыі (гл. таксама Кахецінскае паўстанне 1659). У 1762 К. і Картлі аб’ядналіся ў адно царства, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),

рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ІН (Марк Міхайлавіч) (10.5.1903, в. Рыебіні Прэйльскага р-на, Латвія — 13.2.1969),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1926—49), з 1940 у Бел. дзярж. эстрадзе, з 1956 рэжысёр Бел. рэсп. студыі тэлебачання. Артыст героіка-рамант. плана. Сярод роляў: Франдоса («Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Фабрыцыо («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ботвін («Ботвін» А.​Вявюркі), Гірш («Паўстанне ў гета» П.​Маркіша). Тэлепастаноўкі: «Суд» У.​Галубка, «Наталля» паводле Я.​Скрыгана і «У пошуках радасці» В.​Розава (1958).

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЮ́К (сапр. Б у т Павел Міхнавіч; ? — 19.4.1638),

кіраўнік казацка-сял. паўстання на Украіне супраць польскіх феадалаў у 1637—38. Казак Запарожскай Сечы, у 1635 разам з І.Сулімай на чале нерэестравых (якія не былі на службе ў караля Рэчы Паспалітай) казакоў узяў польскую крэпасць Кадак. У 1637 у якасці гетмана нерэестравых казакоў узначаліў антыфеад. і нац.-вызв. паўстанне, якое ахапіла пераважна Левабярэжную Украіну. 16.12.1637 каля с. Кумяёк (цяпер Чаркаскай вобл.) казацка-сял. войска пацярпела паражэнне ад арміі Рэчы Паспалітай на чале з польным гетманам М.​Патоцкім і пазней капітулявала. П. і інш. кіраўнікі паўстанцаў пакараны смерцю ў Варшаве.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)