ГІ́ЛЕР (Giller) Агатан
(9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),
польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.І.Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 5, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,
саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч
(падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ
(БНПС),
палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.Ф.Сушынскі (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР, падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.С.Конеў (1955—60), А.А.Грэчка (1960—67), І.І.Якубоўскі (1967—76), В.Г.Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.
Літ.:
Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;
Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ІСЛА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Арганізацыя Ісламскі кангрэс (АІК),
міждзяржаўная паліт.-рэлігійная арг-цыя. Створана ў 1971 у Рабаце (Марока). Аб’ядноўвае 45 мусульм. краін (1991) на ідэі панісламізму. Мэты — умацаванне салідарнасці мусульм. краін, развіццё эканам., сац., культ. і навук. супрацоўніцтва паміж імі. Найвыш. орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц (збіраецца кожныя 3 гады). Штаб-кватэра ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНААМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў
(Organization Central American States; АЦАД),
рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Амерыкі. Створана ў 1951. Аб’ядноўвае Гандурас, Гватэмалу, Коста-Рыку, Нікарагуа, Сальвадор. Статут прадугледжвае магчымасць далучэння Панамы. Паводле Хартыі 1965 мэта арг-цыі — узаемадапамога, эканам., сац. і паліт. супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы. Вышэйшыя органы — нарады кіраўнікоў краін-удзельніц і міністраў замежных спраў. Штаб-кватэра ў Сан-Сальвадоры.
т. 1, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»,
клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФА́РА (Alfaro) Элой
(1842 — студз. 1912),
дзярж. і паліт. дзеяч Эквадора. Лідэр Ліберальна-радыкальнай партыі. Генерал. У 1895 абвешчаны Нар. асамблеяй вярх. правіцелем краіны. У 1897—1901, 1906—11 прэзідэнт Эквадора. У 1906 урад Альфары прыняў канстытуцыю, якая замацавала дэмакр. свабоды. У 1909 пры падтрымцы Альфары скліканы 1-ы кангрэс працоўных Эквадора. Забіты ў г. Кіта.
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́ЗІЯ
(ад лац. allusio жарт, намёк),
адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст. або літаратурны факт. Напр., П.Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.
т. 1, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)