ЛО́ПЕС ((López) Франсіска Салана) (24.7.1826, Асунсьён, — 1.3.1870),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Парагвая. Узначаліў першае парагвайскае пасольства ў Еўропу (1853—54), у час якога адстойваў эканам. і паліт. суверэнітэт краіны. Прэзідэнт у 1862—70; заахвочваў развіццё нац. эканомікі і культуры, абмежаваў буйное землеўладанне. У 1865—70 у час вайны Парагвая з кааліцыяй Аргенціны, Бразіліі і Уругвая (гл. Парагвайская вайна) камандаваў парагвайскай арміяй і паказаў сябе таленавітым палкаводцам. Загінуў у баі.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Фларыян) (1664?, Полацкае ваяводства — 1762),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Львоўскі папскі калегіум (паводле інш. звестак — Віленскую акадэмію), д-р тэалогіі. Чл. ордэна базыльян (1709), епіскап віцебскі (1716—19), архіепіскап полацкі (1719—62), мітрапаліт кіеўскі (1748—62). Пашыраў уніяцтва ў Полацкай архіепархіі, выкарыстоўваў місіянерскую дзейнасць і прымусовыя метады. Удзельнік Замойскага сабора грэка-каталіцкай царквы (1720). Ахвяраваў сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабора (1738—50).

С.​В.​Казуля.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗА́М АЛЬ-МУЛЬК.

Нізам ал-Мулк (тытул Абу Алі аль-Хасана ібн Алі ібн Ісхака ат-Тусі; 1017, каля г. Тус, Іран — 14.10.1092), дзяржаўны дзеяч Сельджукскай дзяржавы. Везір сельджукскіх шахаў Алп-Арслана (з 1063) і Мелік-шаха (з 1072). Прыхільнік моцнай цэнтралізаванай улады, аўтар кнігі пра майстэрства дзярж. кіравання «Сіясет-намэ». Забіты ісмаілітамі.

Тв.:

Рус. пер. — Сиасет-намэ: Книга о правлении вазира XI столетия Низам ал-Мулька. М.; Л., 1949.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (?—1088),

царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЕРС ((Lubbers) Рудольф Франс) (н. 7.5.1939, г. Ротэрдам, Нідэрланды),

нідэрландскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў езуіцкі каледж і вышэйшую эканам. школу ў Ротэрдаме. У 1962—63 служыў у ВПС. Адзін з лідэраў Каталіцкай нар. партыі (з 1976 Хрысц.-дэмакр. заклік, ХДЗ). У 1973—77 міністр эканомікі. З 1977 дэпутат, у 1978—82 старшыня фракцыі ХДЗ у Ген. штатах (парламенце). У 1982—84 прэм’ер-міністр Нідэрландаў, з 1989 адначасова міністр агульных спраў.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́СТАЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (9.3.1855, Разанская вобл., Расія — 30.8.1908),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, грамадскі дзеяч. Д-р медыцыны (1888). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1881). Працаваў у г. Магілёў: з 1889 ардынатар губ. бальніцы, з 1892 дырэктар фельчарскай школы. Навук. працы па спосабах увядзення лякарстваў у арганізм. Заснаваў т-ва Чырв. Крыжа ў Магілёве.

Тв.:

Внутригорловое распыление (интратрахеальная пульверизация) как способ введения лекарств в организм. СПб., 1888.

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Георгій Андрэевіч) (3.4.1897, г.Харкаў, Украіна—9.10.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З 1918 на франтах грамадз. вайны. З 1919 у органах дзяржбяспекі на Каўказе, у Сібіры і інш. З 1931 у апараце АДПУ пры СНК СССР і НКУС СССР, з ліст. 1936 да сак. 1937 нарком унутр. спраў БССР, адначасова нач. асобага аддзела Гал. ўпраўлення дзяржбяспекі НКУС СССР па БВА. 7.3.1937 арыштаваны і асуджаны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1996.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАН ((Mellon) Эндру Уільям) (24.3.1855, г. Пітсбург, ЗША — 26.8.1937),

амерыканскі дзярж. дзеяч, прадпрымальнік, банкір. Узначальваў заснаваны ў 1869 яго бацькам прыватны «Мелан нэшанал банк», лічыўся вядучым банкірам ЗША. У 1921—32 міністр фінансаў ЗША, удзельнічаў у распрацоўцы Даўэса плана і Юнга плана для Германіі. У 1932—33 пасол у Вялікабрытаніі. Яго карцінная галерэя ўвайшла ў Нац. галерэю мастацтва ў Вашынгтоне. Адыграў найб. значную ролю ў стварэнні багацця сям’і Меланаў.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

палі́тык, ‑а, м.

1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.

2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.

3. Уст. Палітычны зняволены.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)