АНАТАЛІ́ЙСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Зах. і Цэнтр. Анатоліі ў Турцыі. Геал. запасы 3,8 млрд. т (1978). Больш за 40 радовішчаў. Вугляноснасць басейна вядома са старажытнасці, інтэнсіўнае прамысл. асваенне з 2-й пал. 20 ст. Магутнасць пластоў вугалю ад 0,6—2,5 м да 80 м. Цеплыня згарання 11,73—19,56 МДж/кг. Каля 85% вугалю здабываецца адкрытым спосабам.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СКАЯ НІЗІ́НА,

на Пд Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, паміж гарамі Андалускімі і Сьера-Марэна, у бас. р. Гвадалквівір. Даўж. каля 300 км. Займае перадгорны прагін, запоўнены кайназойскімі адкладамі. Густа населена. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 400—700 мм за год. Зараснікі маквісу, пальміту, гарыгі. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў; гаі цытрусавых, аліўкавых дрэў, сады, вінаграднікі. Буйныя гарады Севілья, Кордава, Кадыс.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́Б (Antibes),

кліматычны курорт у Францыі. На У ад Канаў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора, каля падножжа Прыморскіх Альпаў. Развіваецца з пач. 20 ст. Субтрапічны клімат з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой, хваёвыя лясы, пясчаны пляж спрыяльныя для адпачынку і лячэння агульнасаматычных хвароб. Буйны цэнтр маст. керамікі, кветкаводства і міжнар. турызму. Музеі, бат. сад, цэнтр зімовага спорту.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЕ́С (Apellēs; каля 380—300 да н.э.),

старажытнагрэчаскі жывапісец. Працаваў у Эфесе, Косе, Александрыі, быў прыдворным мастаком македонскіх цароў. Пісаў на драўляных дошках тэмперай. Выкарыстоўваў белую, чорную, жоўтую і чырвоную фарбы, віртуозна валодаў святлаценем. Выканаў партрэты Філіпа II і яго сына Аляксандра Македонскага, аўтапартрэт. Найб. вядомая карціна Апелеса «Афрадыта Анадыямена». Работы Апелеса не захаваліся.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХІ́ДЫ (Opisthorchiadae),

сямейства гельмінтаў класа смактуноў; паразіты рыб, паўзуноў, птушак, млекакормячых і чалавека. У сусв. фауне 29 родаў, больш за 100 відаў. На Беларусі 4 віды. Найб. пашыраны апістарх кашэчы (Opistorchis felineus) — узбуджальнік апістархозу.

Даўж. каля 1 см. Развіваюцца ў прамежкавых (малюскі), дадатковых (карпавыя рыбы) і канчатковых гаспадароў (рыбаедныя жывёлы і чалавек).

Да арт. Апістархіды. Апістарх кашэчы (павялічаны).

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎКА,

паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫ́НЬ,

вёска ў Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПнЗ ад г. Лунінец, 250 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Люшча. 1971 ж., 710 двароў (1995). Лесаперапрацоўчы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі магілы ахвяраў фашызму.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТС, Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).

Дз.Баўтс. Пекла. 15 ст.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,

традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.

На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)