сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увайсці́, увайду, увойдзеш, увойдзе; пр. увайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. увайдзі; зак.

1. Зайсці ўнутр чаго‑н., уступіць куды‑н., у межы чаго‑н. Увайсці ў хату. Увайсці ў двор. Войскі ўвайшлі ў горад. Увайсці ў лес. □ [Ваўчыха:] — Як увойдзеш у браму, убачыш там двух сабак. Якімовіч. Захацелася Галынскаму ўвайсці ў ваду і паплыць аж туды, да тых дрэў. Галавач. Ноч. Сёння крэйсер павінен увайсці ў Няву для падтрымкі рэвалюцыі. Сяргейчык. // Пранікнуць углыб чаго‑н.; упіцца. Сякера больш чым напалову ляза ўвайшла ў дрэва. Шамякін. Два гарпуны глыбока ўвайшлі ў бок кашалота. Ён ірвануўся наперад, але моцныя канаты надзейна трымалі яго. Матрунёнак. // Асесці. [Хаткі] схіліліся набок, увайшлі ў зямлю ледзь не па самыя вокны. Шахавец.

2. Уступіць, уключыцца ў склад, у члены чаго‑н. Увайсці ў склад праўлення. Увайсці ў склад рэдакцыі. □ У склад уборачна-транспартнага атрада ўвайшлі вопытныя механізатары. «Звязда». У .. [штаб] увойдуць камандзіры атрадаў і начальнік лагера. Сергіевіч. // Стаць састаўной часткай чаго‑н. П’еса трывала ўвайшла ў рэпертуар тэатра. □ Некаторыя з праектаў Міхайлава ўвайшлі ў падручнікі і ўражалі яснасцю сваёй думкі і строгай прыгажосцю. Карпаў.

3. Змясціцца, умясціцца. У бочку ўвайшла яшчэ вядро вады.

4. Унікнуць у што‑н., разабрацца; асвоіцца з чым‑н. Рыгор ведаў, што новы дырэктар яшчэ поўнасцю не ўвайшоў у работу інстытута і таму часта выязджае ў камандзіроўкі. Арабей. Я неяк увайшоў ужо ў рэдакцыйныя будні і адчуваў цяпер сябе ў рэдакцыі патрэбным чалавекам. Сабаленка.

5. (з прынавоўнікам «у»). У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі азначае пачатак дзеяння, стану, які выражаецца гэтымі назоўнікамі. Увайсці ў азарт. Увайсці ў кантакт. Увайсці ў прывычку. Увайсці ў традыцыю. Увайсці ў сістэму. Увайсці ва ўжытак.

6. Разм. Прайсці які‑н. шлях, адысці на якую‑н. адлегласць ад чаго‑н. Увайсці дзесяць кіламетраў. □ [Мішурын:] — А ці далёка мы ўвайшлі ад Брэста? [Стары:] — Адсюль да Брэста дзевятнаццаць кіламетраў. Чорны.

•••

Увайсці ў гады — стаць дарослым.

Увайсці ў гісторыю — стаць вядомым, надоўга захавацца ў памяці людзей; пакінуць след у гісторыі.

Увайсці (уцерціся, убіцца) у давер’е (давер) — набыць давер’е, дабіцца прыхільнасць каго‑н.

Увайсці ў жыццё — а) тое, што і увайсці ў побыт; б) прывыкнуць да якога‑н. жыцця, прыняць удзел у ім; в) пачаць жыць самастойна.

Увайсці ў злосць — раз’юшыцца, страціць раўнавагу ў паводзінах.

Увайсці ў каляіну (каляю) — вярнуцца да прывычнага спосабу жыцця; прыйсці ў звычайны стан.

Увайсці ў курс чаго — азнаёміцца дэталёва або ў агульных рысах з чым‑н.

Увайсці ў моду — а) стаць модным; б) стаць прывычным, звычайным.

Увайсці ў норму — тое, што і прыйсці ў норму (гл. прыйсці).

Увайсці ў побыт — стаць, зрабіцца звычайным, прывычным.

Увайсці ў прывычку — стаць пастаянным для каго‑н. у якіх‑н. адносінах.

Увайсці ў ролю — а) асвоіцца са сваімі абавязкамі, са сваім становішчам; б) натуральна, праўдзіва ствараць чый‑н. вобраз на сцэне.

Увайсці ў свае берагі — а) пра раку ў паводку, калі вада спала; б) вярнуцца да прывычнага, звычайнага жыцця.

Увайсці ў сілу — а) стаць законным, дзённым (пра закон, дагавор і пад.); б) узмацнець, падужэць; в) умацаваць сваё становішча.

Увайсці ў смак — пачаць адчуваць задавальненне ад чаго‑н.

Увайсці ў становішча чыё — аднесціся да каго‑н. з увагай, спачуваннем.

Увайсці (уступіць) у строй — стаць дзённым (пра што‑н.).

Увайсці ў сэрца (душу) — глыбока ўсхваляваць; стаць аб’ектам пастаянных разважанняў, роздуму і пад. О, Радзіма! Ты разам з вясною Ў маё сэрца ўвайшла назаўжды. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГА́НА (Ghana),

Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс. км². Нас. 16 446 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).

Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч. тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс. ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.

Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац. арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.

6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.​Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.​Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.​Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл. ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац. дэмакр. кангрэс, Нац. патрыят. партыя і інш. Цэнтр. прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.

Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс. т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс. т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс. т, баксітаў 370 тыс. т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас. р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс. кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс. т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч. прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс. км, з іх 6,1 тыс. км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд. ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн. трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.

Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.​Ахума, А.​Аджае, Дж.​Каслі-Хейфарда, С.​Д.​Менса, Р.Е.​Г.​Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.​Р.​Акуа, раманы і п’есы Дж.​Х.​Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.​К.​Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.​Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.​Аму, К.​А.​Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.​К.​Армы, «Анова» К.​А.​Айда, «Муж для Есі Элуа» К.​Бедыяка, «Свавольнікі» К.​Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.​Т.​Сазерленд, Нкетыя, І.​Хо, Х.​Сетсаафія, Дж.​Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар. скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.​Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.​Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап. рэаліст. манеры.

Літ.:

История Ганы в новое и новейшее время. М., 1985;

Мазов С.В. Парадоксы «образцовой» колонии: Становление колониального о-ва Ганы, 1900—1957 гг. М., 1993.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Ганы.
Да арт. Гана. Узбярэжжа Гвінейскага заліва.
Да арт. Гана. Порт Такарады.
Да арт. Гана. ГЭС Акасомба на рацэ Вольта.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.​Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.​Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.​С.​Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс. км². Нас. 950 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.

Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс. н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняў б.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Разіна (1670—71) і Е.​Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс. чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.

У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт. вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.

Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн. шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).

Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сць сінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс. т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч. прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс. га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс. га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс. т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс. т, мяса — 59,8 тыс. т, яец — 244,9 млн. шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс. км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.

Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.​Дарафееў, Ф.​Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.​Безбародава, Ф.​Бяздольнага, А.​Дарагойчанкі, Дз.​Марскога, Ф.​Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.​Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.​Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.​Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.​Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.​Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.​Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.​Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.​Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.​Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.​Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял. Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.​Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.​Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.​Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.​Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.​Ларыёнава, М.​Кяшкіна, М.​Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.​Вячканава, І.​Дзевіна і інш. Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.​Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.​Ацяніна, А.​Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.​Малькіна, П.​Таропкіна, А.​Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.​Косава (перакладчыкі М.​Калачынскі, У.​Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.​Калінкін).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.​А.​Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.​І.​Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.​А.​Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.​В.​Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.​Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.​А.​Панкоў, А.​А.​Радыёнаў, І.​І.​Сядзельнікаў, В.​Дз.​Хрымаў, партрэта — У.​Дз.​Ілюхін, Я.​А.​Наздрын, пейзажа — В.​А.​Бядноў, А.​А.​Мухін, В.​А.​Петрашоў, скульптуры — М.​М.​Абухаў, графікі — А.​І.​Каровін, М.​С.​Макушкін, Л.​С.​Трамбачэўская-Шаніна. Традыц. нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб. стараж. нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.​Сярова, Б.​Трошын, М.​Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.​Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.​Воінаў, Г.​Сураеў-Каралёў, Г.​Удовін, Н.​Кошалева, М.​Міцін; дырыжор М.​Фралоўскі; спевакі Р.​Бяспалава, М.​Антонава, А.​Кулікова, В.​Кіушкін, Дз.​Ерамееў, І.​Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-р муз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі нар. тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.​Аржадзеева, В.​Далгоў, Н.​Іваноў, С.​Калганаў, І.​Кудзелькіна, Г.​Мялехін і інш.

Літ.:

История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;

Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;

Бояркин Н.И. Мордовское народное музыкальное искусство. Саранск, 1983;

Яго ж. Становление мордовской профессиональной музыки. Саранск, 1986;

Памятники мордовского народного музыкального искусства. Т. 1. Саранск, 1981.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Мардовія. Мардоўскі запаведнік.
Да арт. Мардовія. Рака Сура.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трапа́ць 1 (трыпа́ць, трэпа́ць) ’ачышчаць валакно ад кастрыцы пасля апрацоўкі на церніцы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Юрч., Ян., Сл. ПЗБ, ПСл, ТС), ’біць кісцю рукі’ (Нас., Байк. і Некр.), ’тузаць, гайдаць (пра вецер)’ (ТСБМ), ’ісці вялікую адлегласць’ (ТСБМ, Сцяц.), ’хутка ісці’ (Шат., Сцяшк., Адм.; зэльв., Нар. словатв.), ’хутка ўцякаць (ад пчол)’ (Ян.), ’ісці (пра дождж)’ (Ян.), ’танцаваць, скакаць’, ’імчаць, несці, б’ючы капытамі ў перадок’ (Юрч.), трапаць ногі ’хадзіць пехатой у далёкую краіну’ (Юрч. Фраз.), тръпаць ’марудна ісці, ледзь рухацца’ (мёрск., Нар. лекс.), трэпа́ты ’ачышчаць валакно’ (Сл. Брэс.), Укр. тре́паты ’трэсці’, ’ісці’, ’прагна есці’, трі́пати ’трэсці, вытрэсваць’, ’трапятацца на ветры’, ’матляцца’, ’дрыжэць’, ’ляскаць, лопаць (крыламі, хвастом)’, ’трэсці галавой, адмаўляючы што-небудзь’, ’бегчы’, рус. трепа́ть ’перабіраць, тузаць, тармасіць, торгаць, мяць, скубсці, ірваць, драць, бузаваць’, польск. trzepać ’штурхаць, біць, лупіць, махаць, трэсці чым-небудзь з размаху’, ’выбіваць пыл з адзежы, дываноў’, ’трэсці’, ’трапаць лён’, ’выганяць мёд з сотаў’, ст.-польск. trzepać konie ’чысціць коней’, каш. třepać ’брудзіць’, ’біць’, ’карыстацца анучкай’, н.-луж. tśepaś, tśapaś ’выбіваць’, ’грукаць’, ’махаць’, ’пастукваць’, ’сцябаць каго-небудзь’, в.-луж. třepać ’махаць’, чэш. třepat ’узмахваць крыламі’, ’ляпаць, ляскаць’, ’узбоўтваць’, ’трэсці будзячы’, мар. ’трапаць лён, каноплі’, славац. trepať ’махаць, размахваць’, ’стукаць’, ’трапаць лён’, ’біць, разбіваць (талеркі)’, славен. trepáti ’міргаць вачыма’, ’трапаць’, ’біць’, ’вытрэсваць, чысціць махаючы’, ’грукаць’, ’гнаць’, ’круціць’, ’пацепваць па плячы’, ’апладзіраваць’, ст.-славен. ’злёгку ўдараць’, харв. trȇpiti ’дрыжаць’, ’трапятацца, матляцца’, ’баяцца’, trȅnuti (< trepnuti), trȅpnut ’недасыпаць’, ’заплюшчваць вочы’, na‑trepati ’страсаць, скідаць’, ’уздрыгнуцца’, старое trepati ’біць’, балг. трѐпкам ’уздрыгваць’, ’міргатаць’, трѐпам ’забіваць’, трепвам ’дрыжэць’. Прасл. *trepati ’хутка ўдараць, біць’, ’рваць, раздзіраць’, ’пырхаць’, ’лётаць’, ’трэсці’, якое генетычна звязана з прасл. *trepetъ ’трапятанне, дрыжанне’, *tropa ’дарога’ (ЕСУМ, 5, 644) і роднаснае літ. trepsė́ti, trepénti ’тупаць нагамі’, trepinė́ti, trepsénti ’патупваць, таптацца, таўчыся’, ст.-прус. ert‑reppa ’пераступаць’, trapt ’ступаць’, гоц. þrabōn ’бегчы рыссю’, лац. trepidus ’неспакойны, які часта перабірае нагамі’, trepidāre ’тупаць нагамі’, ’бегаць туды-сюды’, ’кідацца’, ст.-грэч. τρέπω ’паварочваю, адхіляю, зменьваю’, τραπέω ’нагамі выціскаю віно з вінаграду’, алб. shtyp ’лаўлю, сціскаю’, ст.-інд. tṛprá‑, tṛpala‑ ’нясталы, рухомы’, афг. drabəl ’трэсці, сыпаць, націскаць’ (Фасмер, 4, 98–99; Сной₂, 781; Чарных, 2, 261; Брукнер, 581; Махэк, 657; Скок, 3, 496–497), якія ўзводзяцца да і.-е. *trep‑ ’таптацца, дробненька тупацець’ — гукаперайманне (Борысь, 649). Анаматапеічнае значэнне больш уласціва славянскім мовам, у той час як балтыйскім і іншым індаеўрапейскім мовам характэрна значэнне ’работа ног’ (Скок, 3, 496–497). Сюды ж трапа́ць ’вастрыць касу мянташкай’ (Ян.), трапа́ць ’знясільваць (ад хваробы)’ (Юрч. Вытв.), трапа́цца (перан.) ’цяжка працаваць, трацячы сілы’ (Юрч. СНС), трэпону́ті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое Мацкевіч (там жа, 141) выводзіць з польск. trzepnąć ’тс’, што не абавязкова, бо гэта рэгулярнае ўтварэнне з прасл. суф. *‑nǫ, параўн. трэпну́ць ’стукнуць’ (ТС), трапну́ць ’тс’ (Шат.), трапану́ць ’ударыць’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ); трапа́лка ’дошчачка, якой трэплюць валакно лёну’ (ігн., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Касп.), трапа́ло, трэ́пало ’тс’ (Чэрн.; пруж., Сл. ПЗБ), трэпло́ ’тс’ (Пятк. 1), трапа́чка ’тс’ (Сцяц., АБ, 9; шчуч., З нар. сл.; Скарбы, Сл. ПЗБ), трапы́шка ’тс’ (Бяльк., Юрч.; чач., ЛА, 5; Мат. Гом.; бялын., Янк. 3.), трапа́шка, трапу́шка ’тс’ (Сцяшк., Сцяц.; баран., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.; Жд. 3; Абабур.; Мат. Гом.), трэпа́лка, трэпа́шка ’тс’ (ПСл, ТС), тропа́чка ’тс’ (ТС), трыпа́чка, трэпа́шка ’тс’ (Сл. ПЗБ), трыпа́шка ’тс’ (в.-дзв., віл., воран., Шатал.; лях., Янк. Мат.; Бір. Дзярж.), трапёшка ’тс’ (талач., Шатал.), трэпа́чка, трэ́пач ’падстаўка (калодка з прымацаванай да яе вертыкальнай дошкай), на якой адбываецца трапанне’ (Уладз.; івац., Нар. сл.), трэпа́чка ’тс’ (драг., Выг.; Бес., Дразд.; бяроз., Шатал.), тряпы́шка ’тс’ (Юрч.; чэрык., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), трапло ’тс’ (Дразд., Сцяшк.), стряпы́шка ’тс’ (касцюк., ЛА, 4), трэпа́чка (пін., ЛА, 5), трапаві́ла ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.). Сюды ж трапа́льніца ’жанчына, якая трэпле лён’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; брэсц., гродз., мін., маг., віц., добр., ЛА, 3), трапа́нніца (Сцяц., ЛА, 3, Мат. Гом.), трапа́льшчыца ’тс’ (шальч., калінк., Сл. ПЗБ; аг.-бел. (без зах.-палес.), ЛА, 3), тріпа́ньніца ’тс’ (Юрч.), трэпа́льніца ’тс’ (Выг.), трэпа́лъныца ’тс’ (Сл. Брэс.), трэпа́лныця, трыпа́льныця ’тс’ (жабін., кам., ЛА, 2), тропа́льніца, трапа́тальніца ’тс’ (кобр., навагр., ЛА, 3), трапа́лка ’тс’ (рагач., чаш., ЛА, 3), трапа́чка ’тс’ (віц., гродз., мін., мазыр., бялын., ЛА, 3), трапло́ ’тс’ (шарк., чавус., ЛА, 3), трапа́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), трапля́ ’тс’ (навагр., ЛА, 3), трапа́ха ’тс’ (валож., ЛА, 3), трэпа́ло ’тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), тряпе́ц ’трапальшчык ільну’ (беш., шуміл., ЛА, 3; шуміл., Сл. ПЗБ; беш., Нар. сл.), тріпа́ньнік ’тс’ (Юрч.), трэпа́ч ’тс’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), трэпа́льніца ’драўляная падстаўка для трапання лёну’ (пін., Шатал.), трэ́пало ’тс’ (пін., ЛА, 5), трапа́шка ’тс’ (стаўб., чырв., З нар. сл.; навагр., Жыв. сл.); трапа́чка ’церніца’ (шчуч., ЛА, 4), трапа́лка, трапальня ’тс’ (зах.-гом., Трух.), трыпа́льня ’тс’ (драг., ЛА, 4); трапа́чка ’мухабойка’ (астрав., Ск. нар. мовы); тро́панка ’дзве жмені цёртага лёну, якія браліся для трапання’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; ст.-дар., капыл., Сл. ПЗБ), тре́панка, трэ́панка, тро́панка ’мера вытрапанага лёну’ (петрык., мазыр., слуц., глус., ЛА, 4), трэ́пач ’жменя трапанага лёну’ (лун., Шатал.), трапа́шка ’звязка кудзелі’ (жытк., Мат. Гом.).

Трапа́ць 2 ’балбатаць, малоць языком’ (Шат., Юрч.; бых., ЛА, 2), ’гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), трапа́ць языко́м ’гаварыць лухту’ (Шат.), трапа́цца (разм.) ’гаварыць лухту, бязглуздзіцу, няпраўду; гаварыць несупынна’, ’расказваць, прагаварыцца аб чым-небудзь’ (ТСБМ), ’кепска сябе паводзіць’ (Касп.), трапану́ць ’сказаць не падумаўшы’ (Юрч. Сін.), трапа́цца языком ’пустасловіць, балбатаць’ (Растарг., Юрч. Фраз.), трапатну́ць, трапану́ць ’тс’ (Юрч. СНЛ). Сюды ж тръпа́чка ’балаболка’ (мёрск., Шатал.), трэпа́лка, трэпло́ ’балбатуха’ (Растарг.), ’балбатун’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом.; бых., ЛА, 2; глус., Янк. Мат.); трэпло́ ’тс’ (ТС), тряпло́ (шуміл., ЛА, 2), трапло́ ’рот’ (Мат. Гом.), трапло́ ’языкаты, балбатлівы’ (Сцяшк.), трапатанік, трапач, трапа́ннік ’балбатун’ (Юрч. СНЛ), трапа́к ’балбатун, лапатун’ (шальч., Сл. ПЗБ), трапа́ч ’пустамалот’ (Скарбы), трэ́пля ’пустая гутарка’ (Бяльк.), трапані́ца, трапня́, трапа́нне ’балбатня’ (Юрч. Вытв.), траплі́вы ’балбатлівы’ (Юрч. СНЛ), тряплі́высць ’балбатлівасць’ (Юрч. СНЛ), трапатня́ ’тс’ (там жа), трапу́шка, тряпышка ’той, хто многа, без толку гаворыць’ (Мат. Маг. 2), трапу́н, трапату́н ’балбатун’, трапу́ньня, трапу́ха, трапату́ння, трапату́ха ’балбатуха’ (Юрч., Вытв.), троп ’балбатня’ (мсцісл., Нар. ск.). Рус. трепа́ть ’малоць языком’, трепа́ться ’балбатаць’, польск. trzepać ’балбатаць, лапатаць, малоць языком’, чэш. třepatí ’гаварыць бязглуздзіцу, пустасловіць’, славац. trepať ’тс’. Познепраславянская семантычная інавацыя паводле падабенства дзеяння з дзеясловам трапа́ць 1 (< прасл. *trepati) (гл.), параўн. асабліва значэнне ’трапаць языком’. Не выключаны пераход значэння ’грукаць, таптаць моцна нагамі, хадзіць з грукатам’ (гл. тропаць ’тс’) > ’балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

а ​1, нескл., н.

1. Першая літара беларускага алфавіта. Вялікае А.

2. Галосны гук сярэдняга рада ніжняга пад’ёму, які вымаўляецца без удзелу губ. Доўгае а. □ Хто сказаў а, той павінен сказаць і бэ. Прыказка.

•••

Ад а да я — ад пачатку да канца; усё цалкам.

Ні а ні бэ — зусім нічога (не ведаць, не разумець).

а ​2, злучн.

I. супраціўны.

1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: «наадварот», «але». На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.

2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову «наадварот». [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: «аднак», «але». Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.

4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў «яшчэ», «ужо» і часціц «усё», «усё (ж) такі»]; адпавядае выразам: «тым не менш»; «усё такі». Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас. // Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а..., каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва. // У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

II. супастаўляльны.

Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас. // Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з’явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч. // Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.

III. далучальны.

1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з’яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:] — Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці, — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.

2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.

3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. // Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б’юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.

4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны. // У спалучэнні са словам «таму» далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.

5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.

6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.

•••

А то, злучн. 1) супраціўны. а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан. б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны, б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка, в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:] — Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі, г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:] — А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.

А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і «а то» (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

а ​3, часціца.

1. пытальная. а) Ужываецца як пытальны водгук на зварот або пры перапытванні недачутага. — Ігнат Андрэеевіч, — паклікаў.. [Максім] шэптам, нясмела. — А-а? Шамякін. — Гэй, уставай! — штурхнуў.. [Віктар] Мірона. — А? Чаго? — Выклікаю цябе на спаборніцтва? — А? Што? Маўр. б) Ужываецца як пытанне, якое патрабуе адказу або пацвярджэння. [Карніцкі:] — Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць з падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а? Паслядовіч.

2. пабуджальная. Ужываецца пры паўторным звароце з мэтай прыцягнуць увагу. [Астап:] — Максімка, а Максімка... уставай: нам пісьмо ёсць. Чорны. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі і шаптаў: — Уладак! А, Уладак? Ты спіш? Брыль.

а ​4, выкл.

1. Перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў. [Зоська:] А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла. Купала. [Юрка:] — Юзік, што гэта за уланы? — Салдаты гэтакія. — А-а, салдаты!? Чорны.

2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала.. [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва. — А-а-а-а!.. Дык ты хаваць і маніць... — падбег да.. [Сяргея] адзін з белагвардзейцаў. — Ты гэтак?! Нікановіч.

3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі.. [Валодзька], — вазьміце! Мележ. — А-а-а, — чуваць раптам ціхі стогн. Брыль.

4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паненак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

а ​5, прыназ. з М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «а» выражае:

Часавыя адносіны

Ужываецца, каб паказаць дакладны або прыблізны час дзеяння. Мы пайшлі ў поле а вясне. Куляшоў. Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы. Лынькоў. Гадзіне а дзевятай раніцы.. [Насця і Мікалай] падышлі да Ласінага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́шы 1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы 2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кагадзе́ ’калісьці’ (БРС), ’толькі што, нядаўна’ (БРС, ТСБМ), капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; ц.-бел. (Узвышша, 1927, 6), кагдзе, кадзе ’толькі што, нядаўна’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), кадзе ’тс’ (Жд. 2; капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; чырв., навагр., КЭС; ганц., карэл., лях., Сл. паўн.-зах.; слонім., кар., Сцяшк.), кадзе ’нядаўна’ (стол., Жыв. сл.), кадзё ’толькі што’ (Жд. 3). Казлова (БЛ, 21, 1982, 60) прыводзіць палес. (усх.-палес.?) кагадзе і адзначае, што прыслоўе ўласціва большасці беларускіх гаворак; з гэтым нельга пагадзіцца. Неабходна адзначыць, што паметы «брэсц.», «гродз.», «палес.» заблытваюць чытача і быццам сапраўды сведчаць аб шырокай геаграфіі. На самой справе «брэсц.» (паводле Казловай) кадзе зафіксавана ў Столінскім раёне і, як сведчыць фанетыка (дзеканне), адносіцца да пераходных або да ўсх.-палес. гаворак і брэсцкім (зах.-палес.) не з’яўляецца. «Гродз.» кагадзе, кадзе вядома больш вузка: навагр., карэліц., слонім. разам з ганц., лях., нясв. і чырв. утварае даволі кампактны арэал, які (далучыўшы патэнцыяльныя ўсх.-палес. фіксацыі) можна некалькі пашырыць на паўд.-усх. частку. Неабходна адзначыць, што Тураўскі слоўнік, вельмі ўважлівы да рарытэтаў, гэтага слова не фіксуе. Па сутнасці вузкарэгіянальнае ўтварэнне; па геаграфіі адпавядае гродзенска-баранавіцка-лунінецкаму пучку ізаглос (Лінгвістычная геаграфія, к. № 13). Лінгвагеаграфія сведчыць аб іншамоўным уплыве (што цяжка дапусціць, паколькі ў такім выпадку, мяркуючы аб уздзеянні балтыйскіх прыслоўяў, давялося б лічыць форму кадзе першапачатковай і невядома як тлумачыць паходжанне г у кагадзе) або аб архаізме. Не выключэнне, аднак, як і ў выпадку іншамоўнага ўплыву ўяўляецца варыянт утварэння «гібрыду» на паграніччы розных гаворак. Рус. росл., смал., трубч., карач., бран., арл. каде ’дзе’ магчыма, сведчыла б на карысць варыянта «архаізм», калі б не верагоднасць таго, што рус. дыял. слова ўтварылася фанетычным спосабам. Цыхун (Бюлетин, 5, 1976, 94) адносіць яго па фармальнаму падабенству да балг. дыял. кагоде ’што-небудзь’, ’колькі-небудзь’, ’калі-небудзь’. Ён лічыць, што, нягдедзячы на розніцу ў семантыцы, агульнае значэнне «нявызначанасці» бел. і балг. утварэнняў патрабуе далейшага вывучэння гэтай паралелі з мэтай высвятлення магчымай іх роднасці. Шуба (Прыслоўе, 60) выводзіць бел. кагадзе са ст.-рус. формы къгдѣ праз ступень кагдзе, кадзе; Цыхун (там жа) мяркуе, што хутчэй чакаўся б адваротны працэс і спасылаецца на заўвагу Якабсона (Word 8, 4, 391), аб тым, што gъda паходзіць з goda аналагічна vьcera < večera і да т. п., падрабязней у Копечнага, ESSJ, 1, 311–313. БЕР (2, 128) лічыць, што балг. дыял. кагоде < ка, дыял. прысл. ’калі, калісьці; з таго часу як’ і часціцы годзе ’‑небудзь’. Звяртае на сябе ўвагу значэнне бел. слова ’калісьці’, засведчанае ў БРС. Калі гэта не памылковае значэнне, можна меркаваць аб магчымай дыялектнай яго аснове і першасным значэнні кагадзе наогул, што дазваляе з большай упэўненасцю параўноўваць бел. і балг. словы. Адносна семантыкі ў такім выпадку параўн. тур. когдышні ’колішні’ і рус. дыял. когда‑ко ’калі-небудзь’. Заўвагу Цыхуна (Бюлетин, 5, 1976, 94) аб агульным значэнні «нявызначанасці» гэтых слоў як магчымым сведчанні іх роднаснасці нельга прыняць па той прычыне, што такое значэнне абумоўлена прыслоўямі (этымалагічна — склонавыя формы пытальнага, адноснага займеннікаў), якія ўваходзяць у склад як гэтых, так і іншых падобных лексем. Аб спробе ўзнавіць прасл. *kagodě‑ прыслоўе часу, гл. Казлова, БЛ, 21, 1982, 60; надзейнасць такой рэканструкцыі невысокая з прычыны прыведзеных вышэй меркаванняў. Аб ка‑ гл. Слаўскі, 2, 8; аб ‑gode‑ Копечны, ESSJ, 1, 312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)