летуце́ннік, ‑а, м.

Той, хто схільны да летуцення, аддаецца летуценням. Колінг — вялікі летуценнік, але адначасова і чалавек справы. Гамолка. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі. // Той, хто адыходзіць ад рэальнай рэчаіснасці ў свет фантастыкі; фантазёр. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяры́нец, ‑нца, м.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне, прыстасаванае месца, дзе трымаюць дзікіх жывёл для паказу. І сам звярынец быў цікавы: Высокі, зложаны з бярвення, І такі моцны — на здзіўленне! Каб воўк да коз не мог дабрацца Ні праз той верх, ні падкапацца. Колас. Вясной у горад, дзе жылі нашы сябры, прывезлі ў звярынец з Маскоўскага заапарка двух маладых мядзведзяў і шэсць лебедзяў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляту́н, летуна, м.

Разм.

1. Той, хто лятае. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны. В. Вольскі. // Пра таго, хто здольны хутка перамяшчацца, імчацца, скакаць і пад. Гэта не конь, а лятун.

2. перан. Зневаж. Той, хто часта мяняе месца працы з-за асабістай выгады. — Толькі ведай: летуноў я не люблю. І на машыну пакуль што разлічваць табе цяжка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладня́к, ‑у, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.

2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.

3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манасты́р, ‑а, м.

1. Абшчына манахаў або манашак, якая, маючы свае землі і капітал, утварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю. Вёрст за трыццаць ад маёнтка Залуцкіх знаходзіўся мужчынскі манастыр. Асіпенка. // зб. Члены гэтай абшчыны.

2. Царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць гэтай абшчыне. Манахі прыязджалі наглядаць месца, каб будаваць манастыр, але пачалася вайна, і манастыра не пабудавалі. Галавач.

•••

Падвесці пад манастыр гл. падвесці.

[Ад грэч. monastērion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жані́х, ‑а, м.

Мужчына, які мае нявесту; будучы муж нявесты; суджаны. Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом. Купала. // Мужчына, які ўступае ў шлюб, у час шлюбных абрадаў і ўрачыстасцей. І Вось Жаніх той і Нявеста Сваё ў царкве занялі месца, Каб шлюбны выканаць закон. Крапіва. // Халасты мужчына, які думае жаніцца і шукае нявесту. Да яе колькі жаніхоў сваталася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Рэзкая змена напрамку руху; паварот (у 1 знач.). Вось і канец поля, жняярка робіць тут заварот. Лупсякоў. Ля пад’езда загудзела машына і, зрабіўшы заварот, ірванулася ад штаба. М. Ткачоў.

2. Месца, дзе змяняецца напрамак; паварот. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Колас.

•••

Заварот кішак — непраходнасць кішэчніка, выкліканая перакручваннем кішачных петляў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заво́зна, безас. у знач. вык.

Пра вялікую колькасць прывезенага ў млын збожжа, пра вялікі завоз (у 2 знач.). Завозна каля млына, стаяць калёсы, нагружаныя мяшкамі зерня. Гурскі. Як умалотна, дык і завозна. З нар. // перан. Наогул пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Па Волзе паром самаходны ідзе Насустрач вірлівай настойлівай плыні. Завозна, і вольнага месца нідзе Не адшукаеш на гэтай махіне. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́гарадка і загаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невысокая перагародка, звычайна ўнутры памяшкання. За загарадкаю на свабодна расстаўленых сталах працавала шмат канторшчыкаў. Гартны. Стаеннік злосна грыз зубамі загарадку, неспакойна біў капытоў цагляную падлогу. Васілевіч.

2. Месца, адгароджанае перагародкаю, плотам. Пасярод [хлява] вузкі калідор, а па баках загарадкі для свіннёй, кожнай асобна. Галавач. [Вера] пазаганяла кароў па загародках. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навіга́цыя, ‑і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

2. Перыяд года, калі па мясцовых кліматычных умовах магчыма суднаходства. На рацэ яшчэ не закрылася навігацыя, адзін за адным ішлі катэры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.

3. Адзін з асноўных раздзелаў навукі аб суднаваджэнні, які вывучае метады прагназавання руху, вызначэння месца знаходжання карабля. Практычная навігацыя. Падручнік па навігацыі.

•••

Паветраная навігацыя — тое, што і аэранавігацыя.

[Лац. navigatio — суднаходства, мараплаванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)