КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,

1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар. гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».

3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.

Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел. літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.

У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац. АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.

Літ.:

Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;

Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;

Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;

Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;

гл. таксама пры арт. Норма моўная.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл. Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.

У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.

У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц. т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс. т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс. т. Акц. т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс. т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.

На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).

Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».

П.​І.​Рогач.

Да арт. Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939 аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі

(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),

Вялікабрытаніі (адм. Р.​Дракс) і Францыі (ген. Ж.​Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш. сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл. Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.

т. 10, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.​Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.​Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.​Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.​Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.​Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.​Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар езуітаў. 1999.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр. с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРП к-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах. абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.​Я.​Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.​Я.​Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр. камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр. камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв. с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.

Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.​Гітлер) і Італіі (Б.​Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.​Чэмберлен), Францыі (Э.​Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.​Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.

Літ.:

Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;

Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;

Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;

Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;

Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,

шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял. кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн. Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.

Літ.:

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.

А.​В.​Белы.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж. Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.​А.​Булкін (1979), С.​В.​Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.

С.​В.​Тарасаў.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)