французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф.Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф.кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л.кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),
лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],
найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна 9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖАВА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нішча, за 8 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 2,06 км², даўж.больш за 2,8 км, найб.шыр. каля 1,4 км, найб.глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 86,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і З 10—15 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 5 га. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. Чарапяціца, што выцякае з воз. Шэвіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар.алімп.к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,
аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як 1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт.арг-цыяЛігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАЛЯ́РНЫ ГОД (МПГ),
перыяд адначасовых геафіз. назіранняў у палярных абласцях і асобных горных ледавіковых раёнах Зямлі па агульнай праграме і адзінай методыцы. У 1-ы МПГ (жн. 1882 — жн. 1883) геафіз., метэаралагічныя і некаторыя біял. назіранні вяліся 12 краінамі ў 13 пунктах паўн. палярнай вобласці і ў 2 — паўд. палярнай вобласці. 2-і МПГ (жн. 1932 — жн. 1933) уключаў таксама першыя радыёзондавыя, радыёфіз. і акустычныя назіранні атмасферы, экспедыцыйныя назіранні з суднаў, вывучэнне горных ледавікоў. Назіранні праводзіліся 45 краінамі на больш як 100 станцыях. Пра 3-і МПГ (1957—58) гл.Міжнародны геафізічны год.