ПАДЗО́ЛІСТА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы таежнай лясной зоны, што фарміруюцца сярод падзолістых глеб на Пн пад забалочанымі хвойнымі лясамі з імхова-кусцікавым наземным покрывам, на Пд пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам або вільготнымі пасляляснымі лугамі (гл. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Адносяцца да паўгідраморфных глеб. На Беларусі трапляюцца лакальна ў паўн. раёнах, займаюць каля 70% усіх пераўвільготненых мінер. глеб.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Мікалай Спірыдонавіч) (25.8.1922, в. Слакбаш Белябееўскага р-на, Башкортастан — 2.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы на чале з сяржантам П. 21.12.1943 каля в. Дуброва Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. ўступіў у бой з 27 варожымі танкамі, знішчыў 5, 2 з іх асабіста П. Пасля вайны настаўнік у школе.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Анатолевіч) (14.7.1936, Мінск — 4.7.1977),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1955). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1965—75 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), чэмпіянату свету (1962, Буэнас-Айрэс) у камандным заліку. Чэмпіён СССР (1955, 1958, 1961, 1962) у камандным заліку.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРШАЦВЕ́Т»,

бел. літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны часопіс для моладзі. Выходзіць з кастр. 1992 у Мінску на бел. мове штомесячна. Асвятляе літ. працэс на Беларусі; друкуе вершы і прозу маладых літаратараў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі маладзёжных рухаў, артыкулы па мастацтве, філасофіі, экалогіі і інш. Мае рубрыкі: «Проза», «Паэзія», «Кунсткамера», «Школа перакладу», «Школа філасофіі», «Скрыжаванне», «Траянскі конь», «Ён і Яна», «Літаратурная вучоба» і інш.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.

Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).

Б.​І.​Жывіца.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́БУГ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв. поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Побуг».

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ФОН,

асобныя фізічныя, хім. і інш. паказчыкі, якія характарызуюць прыроднае асяроддзе ці ўмовы пэўнай мясцовасці і выражаюць узровень уздзеяння розных прыродных фактараў. Дазваляе праводзіць колькасную і якасную ацэнку ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Напр., геахім. фон падземных вод, канцэнтрацыя азону ў атмасферы, фон тэхнагенных таксікантаў у глебе і інш. На Беларусі з’яўляецца адным з аб’ектаў Нац. сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАПЛО́ДНІК (Physocarpus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомы П. каліналісты (Ph. opulifolius).

Лістападныя кусты выш. да 4 м з густой кронай. Лісце 3—5-лопасцевае. Кветкі белыя або ружовыя ў шчытках. Плод — складаная лістоўка. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Пузыраплоднік каліналісты.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛКАГАЛО́ЎНІК (Cephalanthera),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пылкагалоўнік: 1 — даўгалісты; 2 — чырвоны.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАГА́ЛЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 150 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажахоўскія, Завадскія, Іваноўскія, Красіцкія. Шчыт герба падзелены вертыкальна напалам, у 1-м, чырв. полі сярэбраны аленевы рог з 4 адросткамі, у 2-м, сярэбраным полі чырв. буйвалавы рог. Клейнод — над прылбіцай з каронай такія ж самыя рогі. Вядомы з сярэдзіны 13 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)