ускруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.
Разм.
1. каго. Падняць вельмі рана. [Волька:] — Дзяўчыну без пары ўскруціў. Калі яшчэ ў школу, хай бы спала. Пташнікаў.
2. звычайна безас. каго. Узбударажыць, вывесці са спакою. [Жонка:] — То чаго гэта цябе ўскруціла? Якое ліха яшчэ, чаго ты? Галавач.
3. што. Закруціць, узняць (пыл, пясок і пад.). Часам вецер засвішча, Ускруціць і попел і чад. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усмалі́ць 1, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак., што.
Разм. Добра засмаліць што‑н. Усмаліць лодку.
усмалі́ць 2, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак.
Разм. Моцна ўдарыць, стукнуць чым‑н. — Хто там? Стой, а то як усмалю! — крыкнуў на ўвесь голас Бобрык і скочыў убок. Дуброўскі. // Стрэліць. Гэта дзядзька Адам усмаліў дуплетам са сваёй дубальтоўкі па ваўках, якія падкрадаліся да яго будана. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уцёкі, ‑аў; адз. няма.
1. Хуткі беспарадкавы адыход, адступленне. [Камісар:] — Уступай у камсамол. Бачыў, што робіцца ў горадзе пасля ўцёкаў белых? Трэба ачысціць горад ад белагвардзейскага бруду... «Полымя».
2. Самавольнае знікненне з месца абавязковага знаходжання дзе‑н. Незагоеныя раны абвалілі камандзіра атрада ўжо на другі дзень пасля ўцёкаў са шпіталя. Паслядовіч. Рыхтаваліся ўцёкі з лагера вялікай групы палонных. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фраму́га, ‑і, ДМ ‑музе, ж.
Верхняя створка акна ці дзвярэй. Будаўнікі зашклілі апошнія фрамугі новага корпуса. «Беларусь». Я ходу ў зямлянку, яна побач была. А медзведзяня малое шусь між ног са мною разам. Матка як убачыла, што дзіцяці няма, — як ламане дзверы тыя! Яны ў шчэпкі, а я неяк падскочыў, ды праз фрамугу, што над галавою. Карамазаў.
[Польск. framuga.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цясля́рства, ‑а, н.
Рамяство, занятак цесляра. Пры ахвоце .. [Хацяноўскі] мог усё зрабіць па сталярству і цяслярству, аднак у хаце замест зэдліка стаяла калодка, замест ложка былі сяк-так збітыя нары. Кулакоўскі. Цесляром Івана Іванавіча зрабіла жыццё. Праз сваё цяслярства ён страціў шчасце. Гаўрылкін. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шві́ва, ‑а, н.
Разм. Тое, што шыецца або пашыта. Маці таксама дрэмле на другім крэсле са швівам у руках. Якімовіч. Сядзе [Верка] за стол ля акна ад вуліцы пад ходзікамі, пакладзе швіва ля сябе цэлую гару, круціць за ручку ў машыне, аж, здаецца, рука ў яе не свая — як толькі спраўляецца падгінаць швы, — і пачынае пець. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шумнаце́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з шумам цячэ (звычайна пра раку, ручай і пад.). Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала.
2. Рух якога суправаджаецца шумам, крыкамі, ажыўленай мітуснёй. Поезд выкінуў са сваіх аканістых каровак шумнацечную грамаду людзей, і хутка перон апусцеў. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчабяту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
1. Птушка, якая безупынна шчабеча. Пяюць яе [песню] шчабятухі расчулена, Дадому вярнуўшыся з выраю. Барадулін. Ластаўка, шчабятуха, Не адлятай, гасці! Лужанін.
2. перан. Разм. Пра жанчыну, дзяўчынку, якая хутка, бесперастанку гаворыць. Гэта яна — мая вясёлая, галасістая шчабятуха Паўлінка сышла са сцэны.. і стала зноў той самай мілай і сур’ёзнай Леначкай. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лап! ’пра мацанне, абмацванне’ (мсцісл., Нар. лекс.), смал. лап ’тс’, рус. ярасл. лап! (аб сабаку) ’скок!’, польск., в.-луж. łap!, чэш., усх.-славац. lap! ’хол’. Паводле семантыкі толькі мсцісл.-смал. арэал. Паўн.-слав. lapъ! суіснуе побач з дзеясл. lapati/lapiti (Слаўскі, 4, 464), бел. лапаць 1 (гл.). Згодна са Смаль–Стоцкім (Прымат., 22, 27, 37), — гэта анаматапеічнае аддзеяслоўнае ўтварэнне (са значэннем «рух — гук»).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каменда́нт ’начальнік войск крэпасці’, ’начальнік, які наглядае за парадкам перамяшчэння войск’, ’адказны за ахову і гаспадарку грамадскага будынка’ (ТСБМ), ’чалавек, які любіць камандаваць’ (міёр., З нар. сл.). Яшчэ ст.-бел. комендантъ ’судовы выканаўца’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. komendant, якое са ст.-в.-ням. Kommendant ’камандуючы’ < франц. commandant < лац. commendāns, ‑dantis ’той, хто дае ўказание, распараджэнне’ (Булыка, Запаз. 163; Слаўскі, 2, 380).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)