АПЛІКАТУ́РА,

спосаб размяшчэння і парадак чаргавання пальцаў пры ігры на муз. інструменце, а таксама яго абазначэнне ў нотах. Залежыць ад спецыфікі канструкцыі інструмента і прыёмаў ігры на ім, ад індывід. асаблівасцяў будовы рук выканаўцы. Зручная аплікатура — дзейсны сродак выразнасці выканання твора.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

акіянскія і марскія адклады, якія намнажаюцца на глыб. 200—3000 м, на мацерыковым схіле і часткова ў найб. глыбакаводных участках шэльфа. Займаюць каля 20% плошчы Сусветнага ак. Прадстаўлены тэрыгеннымі асадкамі (больш за 56%), разнастайнымі муламі (вапняковыя, крамяністыя) і інш. Гл. таксама Батыяль.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,

тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НЦЫ (саманазва шкіптар),

нацыя, асн. насельніцтва Албаніі (каля 3 млн. чал.). 1,89 млн. албанцаў жыве ў Косаве, Метохіі, Македоніі. Жывуць таксама ў Грэцыі, Італіі (паўд. вобласці і в-аў Сіцылія), Турцыі, Балгарыі, Румыніі, на Украіне. Агульная колькасць 5,19 млн. чал. (1987). Гавораць на албанскай мове.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІК,

правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, АН інш. дзяржаў, а таксама некаторых галіновых акадэмій. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі. На Беларусі званне акадэміка ўведзена 26.12.1928, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Бел. АН.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІРЭ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ, епархіяльныя школы,

ніжэйшыя агульнаадукацыйныя саслоўныя (пераважна для дзяцей святароў) навуч. ўстановы. Існавалі ў Расіі ў 1721—37. Выкладаліся: чытанне, граматыка, рэлігія, у некаторых школах — таксама арыфметыка, лац., грэч., славянская, стараж.-яўрэйская мовы. З 1737 паступова пераўтвораны ў духоўныя семінарыі.

Г.​В.​Сегянюк.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́Т (ад лац. attestari сведчыць),

1) дакумент аб заканчэнні сярэдняй навуч. установы.

2) Ва ўзброеных сілах краін СНД дакумент, які выдаецца вайскоўцу пры пераводах па службе, у час камандзіровак для атрымання розных відаў забеспячэння, а таксама члену яго сям’і на права атрымання часткі яго забеспячэння.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,

ландшафты горных мясцовасцей, дзе назіраюцца вышынная пояснасць і яруснасць рэльефу. Падзяляюцца на высакагорныя, сярэднягорныя і нізкагорныя. Горным ландшафтам уласцівы кантрастнасць прыродных умоў, залежна ад геагр. становішча, асаблівасцей геал. будовы, рознай экспазіцыі схілаў, а таксама стракатасць глебавага покрыва, паясная змена расліннасці і інш.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЫ,

працэдура выбрання шляхам адкрытага або закрытага (тайнага) галасавання. Пры прамых выбарах выбаршчыкі непасрэдна выбіраюць кіраўніка дзяржавы або інш. службовых асоб. Ускоснымі (непрамымі) называюцца выбары, у працэсе якіх выбіраюцца прадстаўнікі (выбаршчыкі) для далейшага галасавання па выбарах кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў і г.д. Гл. таксама Выбарчае права.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)