група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж.каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс.чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каляг. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл.каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Я (Columbia),
рака на З Канады і ЗША. Даўж. 2250 км, пл.бас. 670 тыс.км². Пачынаецца ў Канадзе з аднайм. возера ў Скалістых гарах на выш.каля 800 м. Цячэ пераважна ў гарах, утварае парогі. У сярэднім цячэнні перасякае мяжу з ЗША і далей цячэ ў вузкіх глыбокіх каньёнах і цяснінах па Калумбійскім плато. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз Каскадныя горы, упадае ў Ціхі ак., утварае эстуарый даўж.каля 50 км і шыр. 5—10 км. Гал. прыток р. Снейк (злева). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 8470 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Вял. гідраэнергет. рэсурсы. У ЗША на К. плаціны, вадасховішча, ГЭС (Джон-Дэй, Гранд-Кулі, Чыф-Джозеф і інш.). Суднаходная (з абводнымі каналамі) на 450 км ад вусця, акіянскія судны падымаюцца да г. Портленд. У верхнім цячэнні К. (у межах Канады) нац. паркі. Турызм. На К. — гарады Рычленд, Ванкувер, Портленд (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛХІ́ДСКАЯ НІЗІ́НА, Рыёнская нізіна,
у Заходнім Закаўказзі, у ніжнім цячэнні рэк Рыёні і Інгуры і на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі. Працягласць з 3 на Укаля 100 км. Выш. да 100—150 м. К.н. — алювіяльная раўніна, што займае ўпадзіну сінклінальнай будовы; магутнасць алювію антрапагену да 700 м. Мінер. крыніцы (Цхалтуба). Паверхня ў зах.ч. са старарэччамі, прырэчышчавымі валамі, невысокімі пясчанымі масівамі; забалочаныя абшары. Клімат субтрапічны вільготны, з мяккай зімой, невял. амплітудамі т-р, багатымі ападкамі на працягу года (у сярэднім 1500 мм). Сярэдняя т-растудз. 4,5—6 °C, жн. 23—24 °C. К.н. перасякаюць рэкі Рыёні, Інгуры і інш.Каля мора воз. Палеастомі. На З пераважаюць балотныя ландшафты з асакова-разнатраўнай і трысняговай расліннасцю, альховымі лясамі. На прыўзнятых участках растуць шыракалістыя лясы з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі. Вырошчванне субтрапічных культур (цытрусавыя. чай, тунг). Асушэнне балот. У межах К.н. — Калхідскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́Д ВО́СТРАЎ, Крыстмас востраў (Cristmas Island),
востраў на У Індыйскага ак.; пад кіраваннем Аўстраліі. Пл. 135 км². Нас. 813 чал. (1996), пераважна малайцы і кітайцы. Востраў з’яўляецца прыўзнятым вапняковым атолам са стараж. вулканічным ядром. Найб.выш. 361 м. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Пераважае трапічная расліннасць. Асн. галіна гаспадаркі — здабыча фасфарытаў, якія вывозяцца ў Аўстралію, Новую Зеландыю, Малайзію. Вырошчваюць какосавую пальму, трапічную садавіну, агародніну. Жывёлагадоўля і рыбалоўства. Марскія і авіяц. сувязі ў асноўным з Аўстраліяй.
Адкрыты ў 1615. Названы ў 1643 каштанам галандскага судна. У 1688 на востраве высадзіўся У.Дампір. Пасля адкрыцця радовішча фасфарытаў захоплены Вялікабрытаніяй (1888), з 1900 у складзе брыт. калоніі Сінгапур. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны Японіяй. У 1958 перададзены Аўстраліі, з’яўляецца яе заморскай тэрыторыяй. Кіруецца адміністратарам, якога прызначае міністр па справах тэрыторый. Пры адміністратары ёсць Дарадчы савет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦА́Н (Ян) (Joannes Veliconsis; ? — каля 1611),
друкар і кнігавыдавец ВКЛ. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 друкар Лоскай друкарні (каля Маладзечна). Выдаў 7 (або 8) кніг на польск. і лац. мовах, у т. л. трактаты «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» С.Буднага (1576), «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» А.Маджэўскага-Фрыча (1577), творы М.Чаховіца, Я.Палеалога. У 1580—1611 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаў больш за 100 кніг на польск., лац. і грэч. мовах, у т. л. свецкія творы Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, «Масковія» А.Пасевіна (1586), «Апафегматы» Б.Буднага (1599), «Арэх валоскі» Я.Казаковіча (1603), навук.-вучэбныя і мед. кнігі, календары і інш. Кнігі вылучаліся высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Прадаўжальнікам справы К. стаў яго сын Іосіф, які прыняў каталіцтва і змяніў выдавецкую тэматыку.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 80—112.