ГАРАДЗЕ́Ц,

старажытны горад Полацкай зямлі. Належаў мінскім кн. Глебавічам, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства, добра ўмацаваны, размяшчаўся, верагодна, недалёка ад Мінска сярод лясоў. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 у сувязі з паходам друцкага кн. Рагвалода Барысавіча супраць менскага Валадара Глебавіча. Атаясамліванне Гарадца з некаторымі сучаснымі нас. пунктамі Беларусі (Гарадзеяй Нясвіжскага, Гарадзішчам Баранавіцкага, Гарадцом Талачынскага і Шаркаўшчынскага р-наў і інш.) беспадстаўнае.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ХАВІК (Валянцін Вікенцьевіч) (н. 29.3.1949, в. Харошае Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў БДУ (1970). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейным аналізе, тэорыі аптымізацыі і аптымальных сістэмах кіравання. Распрацаваў новыя метады лакальнага аналізу нягладкіх і мнагазначных адлюстраванняў.

Тв.:

Выпуклые и негладкие задачи векторной оптимизации. Мн., 1990.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАДА́РЧЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС Рэспублікі Беларусь,

адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе адносіны, звязаныя з парадкам вырашэння гасп. спрэчак на тэр. краіны. Прыняты Вярх. Саветам Беларусі 5.6.1991, уведзены ў дзеянне з 1.7.1991. Складаецца з 12 раздзелаў і 108 артыкулаў. Вызначае падведамнасць і падсуднасць гасп. спрэчак, рэгламентуе правы і абавязкі іх удзельнікаў, працэсуальныя пытанні — суд. разгляду спраў, парадак перагляду рашэнняў гасп. суда і інш.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАВЯ́ШКІ,

у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

Дзеравяшкі.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМІН (Іван Міхайлавіч) (н. 2.1.1915, в. Хацісіна Калужскай вобл., Расія — 13.1.1992),

гаспадарчы дзеяч, адзін з арганізатараў аўтамаб. прам-сці Беларусі. Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі тэкст. ін-т (1941). З 1944 на Мінскім аўтазаводзе: нам. гал. энергетыка, гал. энергетык, сакратар парткома, у 1959—74 дырэктар з-да. У 1974—82 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Белаўтамаз». Дзярж. прэмія СССР 1968 і 1978.

І.М.Дзёмін.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДИФФЕРЕНЦИА́ЛЬНЫЕ УРАВНЕ́НИЯ»,

штомесячны матэм. навук. часопіс. Засн. ў 1965 у Мінску як усесаюзны, з 1992 часопіс Расійскай АН, які выдаецца пры садзеянні Ін-та матэматыкі АН Беларусі. Асн. навук. кірункі: звычайныя дыферэнцыяльныя ўраўненні, ураўненні ў частковых вытворных, спектральная тэорыя дыферэнцыяльных аператараў, інтэгральныя і інтэградыферэнцыяльныя ўраўненні, ураўненні ў канечных рознасцях, а таксама іх дастасаванні ў аўтам. кіраванні, інфарматыцы і матэм. мадэляванні.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДО ВА́ЛЬКІ»

(«Do walki», «На барацьбу»),

газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася нелегальна з ліст. 1928 да жн. 1932 у Вільні на польскай мове. Асвятляла паліт. і эканам. становішча ў краіне. Выступала ў абарону інтарэсаў працоўных Зах. Беларусі. Выкрывала антынар. палітыку ўрада Польшчы, адмяжоўвалася ад згодніцкіх і нацыяналістычных партый і іх лідэраў. Выходзіла да 6 нумароў у год (вядомы 23 нумары).

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗІ́МАЎ (Сцяпан Мітрафанавіч) (7.11.1913, с. Ягаднае Валгаградскай вобл., Расія — 22.6.1941),

лётчык-знішчальнік, які ў Вял. Айч. вайну адзін з першых тараніў варожы самалёт. З 1934 у Чырв. Арміі, з 1938 служыў у Беларусі. Штурман эскадрыллі знішчальнага авіяпалка лейтэнант Гудзімаў у баі каля г. Пружаны збіў 2 варожыя бамбардзіроўшчыкі, адзін з іх тараніў. Загінуў у гэтым баі. У Пружанах яму пастаўлены помнік.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМААЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ.

Асноўная прадукцыя — гума- і азбестатэхнічныя вырабы, а таксама разнастайныя гумавыя вырабы на аснове каўчуку ў спалучэнні з іншымі матэрыяламі. Аб’ядноўвае гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць, гумавага абутку вытворчасць, а таксама вытв-сць гумавых вырабаў шырокага ўжытку і азбестатэхн. вырабаў (параніт, тканіны, шнур, папера, кардон, пракладкі, фільтратканіны) і інш. рэчы і матэрыялы з азбеставымі ўключэннямі. Апошняя ў Беларусі не прадстаўлена.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)