Вальяжны ’няспешны, здаволены’ (КТС): «Дзед ішоў на дзіва вальяжны і прыгожы» (У. Караткевіч). Параўн. рус.вальяжный ’які ідзе няспешна, нетаропка’. Рус.вальяжный ’грузны, тоўсты, непаваротлівы, вельмі важны’. Фасмер (1, 271) услед за Праабражэнскім (1, 63) звязвае з *вальяга < валить. Іншая версія: рус.вальяжный < льячный (Даль, 1, 163; Шанскі, 1, В, 15). Акрамя ўказаных, слова мае шэраг значэнняў: ’масіўны, моцны; разны, прыгожа выраблены’ і звязваецца з дзеясловам вальяжиться ’важнічаць, фанабэрыцца’. Магчыма, бел. слова з’яўляецца русізмам. Варта ўказаць на ўкр.валежний ’важны’ (Грынч., 1, 123), якое Рудніцкі (1, 299) лічыць магчымым вытлумачыць як кантамінацыю ўкр.валечный (< польск.waleczny) і ўкр.важний.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жвір ’буйназярністы пясок’. Рус.дыял.жвир ’тс’ (Літва, Латвія), польск.żwir ’тс’ (і шэраг вытворных). Параўн. рус.дыял.гверста́ ’тс’, серб.-харв.звр̑ст ’тс’. Фанетыка і геаграфія бел. і польск. форм указваюць на іх літ. паходжанне: літ.žvỹras ’тс’ (Эндзелін, Darbu, 1, 103; Карскі, Труды, 395, Лаўчутэ, Сл. балт., 54; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 5, 142). Рус.гверста і серб.-харв.зврст суадносяцца з літ. як роднасныя. Фрэнкель, 1328–1329; Траўтман, 375; Фасмер, 1, 398–399; Брукнер, 668; Скок, 3, 668. Гл. яшчэ жарства. Аб пашырэнні жвір у бел.-польск. сумежжы гл. Зданцэвіч, Зб. Фальку, 347–399. Урбуціс, Baltistica, 19, 150.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зубы́1 ’карункі, звязаныя зубцамі’ (навагр., Нар. сл.), зубэ ’карункі’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус.разан.зубья, ніжнегар.зубцы́ ’тс’, н.-луж.zubki ’карункі на жаночых сукнях’. Перанос па падобнасці знешняга выгляду на карункі ад зуб1 з афармленнем па мн. л.
Зубы́2 ’спарыння’ (пухав., Жыв. сл.), зуб ’буйное чорнае зерне ў жыце’ (чэрв., Нар. лекс.). Слова зуб1 уваходзіць у шэраг назваў раслін у слав. мовах, напр. у чэш., славен., верагодна, па падобнасці лісця ці насення. Бел.зубы паводле формы ражкоў, што ўзнікаюць на жыце і ў іншых каласах замест зярнят (хвароба злакаў Claviceps purpurea). Лекс. Палесся, 71.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́гнуць ’прагнуць, жадаць’ (Ян.). Укр.регнути ’вельмі хацець’, польск.дыял.rechać się ’пра свінню: юраваць’, каш.reχac są ’тс’, палаб.ragni‑să ’рухаецца’. Прасл.*regnǫti звязана з дзеясловам *regotati. Тут значэнне ’смяяцца’ другаснае, першаснае — ’іржаць’. Цэлы шэраг дзеясловаў, якія абазначаюць роў жывёлаў, адначасова абазначаюць і працэс цечкі, гону, бо звычайна менавіта гэты перыяд характарызуецца ровам, параўн. рус.рёв ’час цечкі ў скаціны; роў’. Слова рэгнуць — відаць, першапачаткова азначала ’быць у перыядзе полавай актыўнасці’, а потым набыло больш адцягненае значэнне ’хацець, імкнуцца’. У плане семантыкі параўн. яшчэ в.-луж.rjut ’спешка, страснае жаданне’ < *rʼuti ’раўці’ (Мяркулава, Этимология–1974, 61).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тракт, трахт ’шырокая праезджая дарога’ (ТСБМ; стаўб., Прышч. дыс.), ’вялікая паштовая дарога, гасцінец, шлях’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв.; слаўг., Яшк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел.трактъ ’шлях, дарога’, ’бяседа’ (1570 г.), ’адміністрацыйная адзінка ў ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон), запазычана са ст.-польск.trakt, якое з лац.tractus ’цяга, цячэнне, валачэнне’, ’бесперапынны, плаўны’, ’паласа, след’, ’шэраг’, ’мясцовасць, край’ < trahere ’цягнуць (за сабой), валачы’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 113), відаць, праз нямецкую мову, параўн. ням.Trakt ’тракт’. Сюды ж: тракто́вы ’дарога, абсаджаная абапал дрэвамі’ (Нас.); тракт (страўнікава-кішкавы) < лац.tractus ’уцягванне, убіранне ў сябе’, ’праглынанне, глытанне’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРЫ́К ((Auric) Жорж) (15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),
французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у т. л. «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у т. л. «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у т. л. «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАНК (Карл Іванавіч) (1728—6.11.1793),
рускі архітэктар і інжынер; прадстаўнік барока і ранняга класіцызму. З 1745 вучыўся і працаваў у «камандзе» арх. В.С.Абухава, з 1749 памочнік Дз.В.Ухтомскага. Удзельнічаў у перабудове Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (цяпер у г. Істра Маскоўскай вобл.; 1747—60). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны палац у сядзібе Кускова, з яго ўдзелам павільён «Эрмітаж» (там жа). Пабудаваў Выхаваўчы дом на Маскварэцкай набярэжнай (1764—70, з удзелам М.Ф.Ш), шэраг цэркваў у Маскве (Велікамучаніцы Кацярыны, 1764—67; Ніколы ў Званарах, 1765—68, і інш.) і ў Падмаскоўі (у Спас-Косіцах, 1761, Вышгарадзе, 1764), «Галандскі домік» (1755) і, магчыма, царкву ў сядзібе Воранава каля Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц.сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэрагсац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКСО́НАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 12.1.1937, пас. Доркі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965), выкладаў у ім (1974—88). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме (1967), аднавяскоўцам і партызанам у в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на (1970), ахвярам фашызму каля г. Чэрвень (1976), спаленай вёсцы ў в. Хутар Светлагорскага р-на (1981; усе ў сааўт. з арх. Ю.Казаковым). Станковыя работы: «Лянок» (1967), «Сям’я бацькі Міная», «Маці-партызанка» (абедзве 1970), «Жніво» (1974). Стварыў шэраг мемарыяльных дошак, дэкар. рэльефаў.