АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́НАВЫ ЧО́РНЫ,

азінавы фарбавальнік. Утвараецца ў выніку акіслення аніліну ў кіслым асяроддзі звычайна непасрэдна на валокнах бавоўны, шоўку, футра. Устойлівы да кіслотаў, атм. уздзеянняў, святла. Акісленнем аніліну атрымліваюць таксама чорны пігмент, які выкарыстоўваецца для афарбоўкі пластмасаў, у вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, фарбы для капіравальнай паперы, стужак друкавальных машынак і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТЫЛЕ́НАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

апарат для атрымання ацэтылену пры раскладанні карбіду кальцыю вадой. Нізкага (да 10 кПа) і сярэдняга (да 150 кПа) лішкавага ціску, звычайна перасоўны; выкарыстоўваецца ў асноўным пры газавай зварцы. Ацэтыленавы генератар высокага ціску (больш за 150 кПа) стацыянарны, выкарыстоўваецца для атрымання вял. аб’ёму ацэтылену ў хім., фармацэўтычнай, харч. прам-сці.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НАЯ ТКАНІ́НА,

тканіна, якая вырабляецца з пражы, атрыманай з бавоўны. Разнастайная па структуры і характары аддзелкі (напр., суравая, набіўная, меланжавая тканіна). Паводле прызначэння бывае бытавая і тэхнічная. Выкарыстоўваецца пераважна ў вытв-сці бялізны, адзення, падкладачных, мэблева-дэкаратыўных і інш. матэрыялаў. Найчасцей вырабляюць бязь, сацін, міткаль (пасля набіўкі і фарбавання — паркаль).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНТА́ЙР-ЛІ́МБЕ (Blantyre-Limbe),

Блантайр, горад на Пд Малаві. Складаецца з 2 гарадоў — Блантайра і Лімбе (аб’яднаны ў 1956). 402,5 тыс. ж. (1993). Чыгункай злучаны з портам Бейра (Мазамбік). Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Прадпрыемствы харчасмакавай (тытунь, чай, арахіс), лёгкай, паліграф. прам-сці. Тытунёвы аўкцыён. Нац. музей.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́САВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г.п. Акцябрскі, 168 км да Гомеля, 27 км да чыг. ст. Рабкор. 487 ж., 177 двароў (1995). З-д па вытв-сці сыру. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦА,

высушаная кара галінак карычных дрэў роду карычнік. Матава-жоўта-бурага колеру, з тонкім пахам. Таўшчыня слоя 0,5 мм. Мае эфірны алей (1—2%), крухмал, гумі, цукар, дубільныя рэчывы. Лепшыя гатункі К. з кары цэйлонскага і кіт. карычных дрэў. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, фармакалогіі і парфумерыі (карычны алей).

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВО́ТА (ад позналац. quota частка, якая прыпадае на кожнага),

1) доля, частка, пай, норма, якія прыпадаюць на аднаго з удзельнікаў агульнай справы.

2) Колькасныя абмежаванні (вытв-сці, збыту, спажывання, экспарту, імпарту тавараў), якія ўводзяцца на пэўны час. Абмежавальныя меры называюцца кваціраваннем.

3) Велічыня падатку, што збіраецца з пэўнай адзінкі абкладання.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)