АНТЫАКСІДА́НТЫ, антыакісляльнікі,

прыродныя ці сінтэтычныя рэчывы, якія затрымліваюць акісляльныя працэсы ў арган. рэчывах. Механізм дзеяння найб. пашыраных антыаксідантаў (амінаў араматычных, фенолаў, нафтолаў, сульфідаў, фасфітаў) заснаваны на іх уласцівасці абрываць ланцуговую хімічную рэакцыю акіслення ў выніку ўзаемадзеяння з актыўнымі радыкаламі і прамежкавымі прадуктамі. Прадухіляюць, напр., старэнне палімераў, асмаленне паліва, прагарканне тлушчаў і інш. Некаторым антыаксідантам уласцівы сінергізм. Прыродныя антыаксіданты — вітаміны Е, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ, гангліяблакіравальныя сродкі,

рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),

здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТО́ЎКІ, грунты,

матэрыялы, якія ўтвараюць ніжнія (грунтовачныя) слаі лакафарбавых пакрыццяў. Забяспечваюць больш моцнае счапленне пакрыцця з паверхняй, ахоўваюць металы ад карозіі, запаўняюць сітавіны ў драўніне, надаюць паветранепранікальнасць тканінам. Аснова грунтовак — сінт. і прыродныя плёнкаўтваральныя рэчывы (алкідныя, поліэфірныя, эпаксідныя смолы, эфіры цэлюлозы, алеі), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў (лакаў) ці дысперсіі Грунтоўкі, у састаў якіх уваходзяць пігменты (напр., антыкаразійныя), атрымліваюць тымі ж метадамі, што і фарбы.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НЫ (ад лац. collido сутыкаць варожа),

арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш. віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СІ́ТЫ,

сарбенты, што выбіральна паглынаюць з навакольнага асяроддзя рэчывы, малекулы якіх не перавышаюць вызначаных памераў. Адрозніваюць М.с. мінер. (неарган.) і арганічныя. Неарганічныя — жорсткія крышт. структуры з поласцямі, якія злучаны паміж сабой вузкімі каналамі («порамі»). Арганічныя — гелепадобныя сарбенты, атрыманыя на аснове высокамалекулярных злучэнняў; уяўляюць сабой прасторавую сетку з ланцуговых макрамалекул, «сшытых» хім. сувязямі. Выкарыстоўваюць для ачысткі рэчываў ад прымесяў, храматаграфічнага раздзялення бялкоў, вугляводаў, гармонаў, антыбіётыкаў і інш.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кадзі́ла 1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.

Кадзі́ла 2 ’шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств России: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

круйт-ка́мера

(гал. kruitkamer)

памяшканне на ваенным караблі старога флоту, дзе захоўваліся выбуховыя рэчывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)