ВІ́ЦЕБСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1878 у Віцебску. Быў адным з найб. піваварных прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Меў паравыя рухавікі (з 1908). Вырабляў піва баварскае, чорнае і інш., да 330 тыс. вёдраў за год, працавала 50 рабочых (1913). У сав. час рэканструяваны і расшыраны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Пензенскую вобл. Расіі. Адноўлены ў Віцебску ў 1947. Выпускае піва і безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́Р (Albert; сапр. Мартэн; Martin) Аляксандр

(27.4.1815, г. Бюры, Францыя — 29.5.1895),

французскі сацыяліст. Удзельнік Ліёнскага паўстання 1834, адзін з кіраўнікоў тайнага рэв. т-ва 1840-х г. «Таварыства новых пораў года». Удзельнік Рэвалюцыі 1848 у Францыі, член Часовага ўрада Другой рэспублікі, віцэ-прэзідэнт Люксембургскай камісіі. Дэп. Устаноўчага сходу. За ўдзел у рэв. выступленні рабочых Парыжа 15.5.1848 зняволены на 20 гадоў, у 1859 амнісціраваны.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБРЭ́ХТАЎСКІ СТЭАРЫ́НАВА-СВЕ́ЧАЧНЫ І МЫЛАВА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1836—1910 у маёнтку Альбрэхтава Пінскага пав. (цяпер у межах Пінска). Вырабляў стэарынавыя свечкі, мыла, алеін, гліцэрын. У 1862 за суткі выраблялася 50—60 пудоў (каля 1 т) свечак. У 1876—77 працавалі 213 рабочых, у 1900 — 66 чал. На Усерасійскіх выстаўках 1861, 1865 і 1870 вырабы з-да адзначаны сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1826—50 у Беларусі, у маёнтку Белін Кобрынскага пав. (цяпер в. Белін Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукно 3—5 гатункаў. У 1841—44 мела 75 ткацкіх станкоў, 37 прадзільных, 8 кардавальных, 15 часальных машын, 30 інш. станкоў. Воўну атрымлівала ад уласных авечак, фарбы — з Рыгі. Працавала да 420 рабочых (1836), з іх б.ч. наёмныя.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,

графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛІ (тамільскае, літар заробкі),

нізкааплатныя некваліфікаваныя рабочыя (грузчыкі, рыкшы і г.д.) у Кітаі (да 1949), Індыі, Малайзіі і інш. краінах Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. У 1830-я г. — 1-й пал. 20 ст. К. называлі таксама некваліфікаваных рабочых (кітайцаў, індыйцаў, малайцаў, неграў), нанятых па кантракце ў краіны Амерыкі, Паўд. Афрыку, Інданезію, Аўстралію і Акіянію для працы на рудніках і плантацыях.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я А́НГЛІЯ»

(«Young England»),

гурток кансерватыўных літаратараў і паліт. дзеячаў Вялікабрытаніі, якія складалі паліт. групоўку ў палаце абшчын брыт. парламента ў 1841—45. Дзеячы «М.А.» (сярод іх быў Б.Дызраэлі) патрабавалі поўнага аднаўлення прывілеяў зямельнай арыстакратыі, з пазіцый т.зв. «феад. сацыялізму» крытыкавалі капіталіст. лад як антыгуманны і варожы нац. традыцыям, выступалі за паляпшэнне становішча рабочых. Як літ. гурток «М.А.» існавала да 1848.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЙСТЭ́РНІ (Ateliers nationaux),

форма арганізацыі грамадскіх прац для беспрацоўных у Францыі ў 18—19 ст. Першыя Н.м. існавалі ў 1786, 1788 і 1789—91. Адноўлены пасля лют. рэвалюцыі 1848. Мелі напаўваенны характар, выконвалася непрадукцыйная праца. У чэрв. 1848 урад закрыў частку Н.м., пачаў мабілізацыю рабочых у армію і на зямельныя работы ў правінцыі, што выклікала ліпеньскае паўстанне 1848. 3.7.1848 Н.м. распушчаны.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВО́ГА ПАРА́ДКУ ПА́РТЫЯ,

партыя буйных прадпрымальнікаў і землеўладальнікаў у Расіі ў 1905—07. Узнікла ў кастр. 1905. Праграма (ліст. 1905): увядзенне «прававога парадку» (канстытуцыі), «адзінства і непадзельнасць» Рас. імперыі, «моцная дзярж. ўлада», умацаванне аўтарытэту манархіі, скасаванне абшчыннага землеўладання ў вёсцы, забарона забастовак пры паляпшэнні жыцця рабочых і «магчымым скарачэнні рабочага дня». У 1906—07 распалася: частка далучылася да акцябрыстаў, частка да манархістаў.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,

першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)