ды́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і дыша; незак.

1. Паглынаць спецыяльнымі органамі кісларод, неабходны для жыццядзейнасці арганізма. Дрэвы дыхаюць лісцем, рыбы — жабрамі, чалавек і жывёлы — лёгкімі. // Убіраць і выпускаць паветра лёгкімі, рабіць удых і выдых. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч. // Выпускаць струмень паветра з лёгкіх на каго‑, што‑н.; хукаць. [Мікола] узяў халодныя жончыны рукі і пачаў дыхаць на іх. Новікаў. [Колька] горача дыхаў маці на шчаку, смяяўся, песціўся, не ведаў, як яшчэ выказаць сваю бадзёрасць і дзіцячую бестурботнасць. Кулакоўскі.

2. перан. Вылучаць, распаўсюджваць што‑н. Цёплая ноч поўнілася звонкімі пералівамі салаўіных галасоў, дыхала пахамі траў і кветак. Дудо. Ліпа цвіла і дыхала мёдам. Чыгрынаў. // перан. Выяўляць адзнакі жыцця, дзейнасці. За светлым.. залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў. Шамякін.

3. перан.; кім-чым. Бачыць у кім‑, чым‑н. мэту свайго існавання; поўнасцю аддавацца каму‑, чаму‑н. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў.

4. перан.; чым. Жыць, апіраючыся на што‑н. раней набытае. Чаму навучыўся раней, толькі тым і дыхае.

5. перан. Быць прасякнутым чым‑н., выражаць што‑н. Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктара Гюго. Чорны.

6. перан. Разм. Угінацца, прагінацца (пра памост, дрыгву і пад.). От ужо.. [Тварыцкі] сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. Чорны.

•••

Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, пры смерці.

Ледзь дыхаць — тое, што і дыхаць на ладан.

Не дыхаць — маўчаць, стаіўшы дыханне. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр.

Чым дыхае (дыша) хто — чым цікавіцца, якімі інтарэсамі жыве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне, ваганне чаго‑н.; прымусіць трэсціся, дрыжаць; прымусіць здрыгануцца, страсянуцца. Страшэнны выбух скалануў хату. Сачанка. Уварваўся вецер, скалануў дах, дзверы. Сташэўскі. У гэтую ж хвіліну наваколле скаланулі грымоты. Кавалёў. Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Шыцік. Песня нядоўга разлягалася над вёскай. Потым цішыню скалануў хлапечы рогат. Гроднеў. / у безас. ужыв. Вагон скаланула. □ Прасторы скаланула громам. Прануза. Разы са два машыну скаланула на выбоінах. Корбан. // перан. Ускалыхнуць, усхваляваць. Геройства «Ворага» скаланула Расію. Колас. Ён скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Глядзім на Ленінскі партрэт І бачым спраў сваіх бяссмерце. Астрэйка. // Штуршкамі прывесці ў рух; патрэсці. Каб абтрэсці.. [яблыню], неабавязкова лезці на самое дрэва, варта толькі скалануць як след. Лупсякоў. Прачнуўся Даніла.., калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Кулакоўскі. [Аўдоля:] — Што твой за бацька гэтакі! Узяў бы ты яго за бараду ды скалануў добра. Крапіва.

2. Кіўнуць, страсянуць; паварушыць. Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Караткевіч. — Пабаішся, — скаланула плячыма маці. — З балкона зірнеш, і то галава кружыцца. Хомчанка.

3. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну. Скалануць мікстуру.

4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі і пад.), вывеўшы з раўнавагі. Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Карпаў. Думка скаланула.. [Астапа], працвярозіла. Лынькоў. / у безас. ужыв. Міцю скаланула ад страшнай думкі: сляды! Навуменка. Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула. Чарнышэвіч. // Усхваляваць, узрушыць. Залатая ў сэрцы ёсць жыла, Дакапайся — яна не відна. Вершу трэба адстойная сіла, Каб душу скаланула да дна. Хведаровіч.

5. перан. Разм. Вымусіць каго‑н. аддаць што‑н.; патрэсці. [Хведар:] — Вот Ціток адной-другой пазычыць, а там Думскага скаланём. Будзе насенне. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валі́ць, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.

1. каго-што. Прымушаць упасці; абарочваць, перакульваць. Бура валіць лес. □ Лявон хапае Ганецкага за плечы і валіць на зямлю. Козел. // што. Сячы, пілаваць (лес, дрэвы). Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэў. Гурскі. // перан.; каго. Разм. Губіць у мностве (пра хваробы).

2. што. Кідаць, скідаць што‑н. у вялікай колькасці; складаць без разбору. Валіць зямлю. □ Самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод. Асіпенка.

3. што на каго. Разм. Перакладаць (работу, адказнасць, віну і пад.) на каго‑н. Валіць віну на другіх. □ [Міхась:] — Ты ж сама такую гамонку павяла. А цяпер на мяне валіш. Б. Стральцоў.

4. Разм. Імкліва ісці, рухацца натоўпам, патокам. Сёння нават у царкву мала хто ішоў, валілі да Канцавога. Карпюк. Фурманкі баляць. Пыл-завея Курыць, бы ўзрушыўся віхор. Колас. // Паднімацца, падаць у вялікай колькасці. З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк. Снег валіць такі, што фарамі правіць нельга. Кулакоўскі.

5. заг. валі́(це). Разм. Ужываецца ў сэнсе: ідзі(це). Стараста.. зашпіліў пад расхрыстаным кажухом камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна да акна... — Мацвей, вечарам, на сход валі! Чорны.

6. што. Качаючы, размінаючы, рабіць шэрсць, сукно больш шчыльным, цвёрдым. З суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

•••

Валам валіць — ісці, рухацца натоўпам, суцэльнай плынню. Валам валіў народ да нас [у тэатр]. Вярцінскі.

Валіць з хворай галавы на здаровую — сваю віну перакладваць на таго, хто не мае ніякіх адносін да яе. [Моцкін:] Таварыш Гарошка, не валіце з хворай галавы на здаровую. Такі нумар не пройдзе. Макаёнак.

Валіць (усё) у адну кучу — змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі.

Валіць цераз пень калоду — рабіць што‑н. абы-як, як папала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)