ПО́МАЗАЎ (Віктар Пятровіч) (23.6.1949, г. Гомель — 14.5.1986),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, клас П.Ладкавырава), у 1979—81 выкладаў у ёй. Асн. жанры творчасці: вак.-сімф. музыка і музыка для нар. аркестра. У аркестравым стылі спалучаў сучасную тэхніку інстр. пісьма і розныя прынцыпы нар. выканальніцтва. Яго музыцы ўласцівы апора на нац. муз. фальклор, тэатральнасць, яркая вобразнасць. Удала распрацоўваў тэму муз. гумару. Пісаў музыку для тэатра, кіно, тэлебачання. Сярод тв.: сімфонія (1979), «Паэма» (1976) для сімф. арк.; сюіта «Арэшак» (1980); раманс для сімф. арк. (1981); вак.-сімф. паэмы «Янка Купала» (1982), «Памяць» (1984), «Заслаўская легенда» (1985); кантата «Песня згоды» (1979) на вершы П.​Макаля; нар. сцэны «Калядкі» (1976); сюіта-жарт «Вясковыя музыкі» (1980), сюіта «Батлейка» (1984) для нар. арк.; вак. цыкл на вершы М.​Багдановіча і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986 (пасмяротна).

І.​М.​Шмелькіна.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТА́РУ (Ратару-Еўдакіменка) Сафія Міхайлаўна

(н. 9.8.1947, с. Маршынцы Наваселіцкага р-на Чарнавіцкай вобл., Украіна),

эстрадная спявачка. Нар. арт. Украіны (1976), нар. арт Малдовы (1985), нар. арт. СССР (1988).

Скончыла Чарнавіцкае муз. вучылішча (1967), ін-т мастацтваў у Кішынёве (1974). У 1971—75 салістка Чарнавіцкай абл., з 1977 — Крымскай дзярж. (г. Сімферопаль) філармоній. У рэпертуары ўкр. і малд. нар. песні ў сучасных апрацоўках, а таксама песні ўкр. (У.​Івасюк, М.​Мазгавой, І.​Поклад), малд. (Р.​Віеру, А.​Кірыяк, П.​Тэадаровіч) і рас. (А.​Мажукоў, А.​Марозаў, У.​Мацецкі, Д.​Тухманаў і інш.) кампазітараў. Знялася ў фільмах: тэлевізійных — «Чырвона рута», «Песня заўжды з намі», «Маналог пра каханне» і інш., мастацкіх — «Дзе ты, каханне?», «Душа». Лаўрэат Міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1973) і конкурсу эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1974).

Т.​Р.​Ермаковіч.

С.М.Ратару.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮЧКО́Ў (Міхаіл Дзмітрыевіч) (н. 14.9.1947, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас Дз.Смольскага). З 1973 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та, з 1978 выкладчык Мінскага муз. вучылішча. Асн. творчыя дасягненні ў галіне камернай музыкі. Сярод твораў: араторыя «Песні зямлі беларускай» на нар. тэксты (1971), кантата «Не сячы ты, татухна, пры дарозе бярозы» на тэксты бел. нар. балад (1983); канцэрт для фп. з арк. (1972), сюіта для струнных інструментаў (1975); двайныя варыяцыі для трамбона (1995); вак. цыклы на вершы А.​Фета, Ф.​Цютчава; духоўныя хары на тэксты «Малітваслова»; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗО́ЎСКІ ((Bazovský) Мілаш Аляксандр) (11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.

М.Базоўскі. Агасфер (Лудзільшчык). 1948.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКІШВІ́ЛІ (Аракчыеў) Дзмітрый Ігнатавіч

(23.2.1873, Уладзікаўказ — 13.8.1953),

грузінскі кампазітар, музыказнавец. Нар. арт. Грузіі (1929). Акад. АН Грузіі (1950). Скончыў Маскоўскае муз.-драм. вучылішча (1901), археал. ін-т (1917). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі ў Маскве (1906). Праф. і дырэктар Тбіліскай кансерваторыі (з 1921). Адзін з заснавальнікаў груз. нац. муз. школы і фалькларыстыкі, стваральнік жанру груз. класічнага раманса. Сярод твораў: адна з першых груз. опер «Паданне пра Шата Руставелі» (1919), 3 сімфоніі, хары і інш. Сабраў і апублікаваў больш за 500 груз. нар. песень і інстр. мелодый. Аўтар прац аб груз. музыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-КРАМСКО́Й (Аляксандр Міхайлавіч) (8.9.1912, Масква — 11.4.1973),

рускі гітарыст, дырыжор, кампазітар Засл. арт. Расіі (1959). Ў 1931—33 вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Кастр. рэвалюцыі (Масква). З 1932 на Усесаюзным радыё. З 1933 выступаў як саліст і ансамбліст. У 1939—45 дырыжор Ансамбля песні і танца НКУС СССР, у 1947—52 — Рус. нар. хору і аркестра нар. інструментаў Усесаюзнага радыё. З 1960 выкладаў у муз. вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. Аўтар муз. твораў для гітары (2 канцэрты з арк. і інш.), пералажэнняў і апрацовак. Выдаў «Школу для шасціструннай гітары» (1947). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),

украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар. арт. Украіны (1968). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф. арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т. л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1962.

П.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЫ́Н,

паэт-імправізатар і пясняр, майстар вусна-паэт. творчасці ў казахаў, кіргізаў і некат. інш. народаў. Імправізуе ў форме песеннага рэчытатыву пад акампанемент домбры. Мастацтва імправізацыі патрабуе высокай прафес. падрыхтоўкі, ведання нар. жыцця, нар. творчасці і мовы, чым вылучаліся многія непісьменныя акыны. Шырокае прызнанне акыны звычайна набывалі пасля айтысаў — песенных спаборніцтваў.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ПАЎ (Хакім Карымавіч) (н. 17.9.1924),

узбекскі артыст цырка. Нар. арт. Узбекістана (1964), нар. арт. СССР (1980). Вучыўся ў Ташкенцкай кансерваторыі. З 1938 у групе «Джыгіты Узбекістана» пад кіраўніцтвам бацькі — Карыма З., з 1952 кіраўнік гэтага цыркавога ансамбля. Выступленні вылучаюцца тонкім выканаўчым майстэрствам, складанымі трукавымі камбінацыямі («Уральскія вяртушкі», «Абаротны доўгі абрыў»).

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)