машыны для ачысткі, сартавання і калібравання зерня (насення) розных культур. Бываюць папярэдняй ачысткі (падрыхтоўваюць зерне да сушкі, сартавання або часовага захоўвання), першаснай ачысткі (даводзяць да нарыхтоўчых кандыцый), другаснай ачысткі (да пасяўных кандыцый) і спец. ачысткі (напр., ад цяжкааддзельных дамешкаў); стацыянарныя, перасоўныя і самаперасоўныя: простыя (раздзяляюць зерневую сумесь па адной адзнацы) і складаныя (па некалькіх адзнаках). Працуюць самастойна або ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.
З.м. маюць рабочыя органы: паветраныя сістэмы (раздзяляюць зерневую сумесь па аэрадынамічных уласцівасцях часціц), рашотныя (па таўшчыні і інш. уласцівасцях формы), трыерныя (па даўжыні), фрыкцыйныя (па трэнні слізгання і качэння), магнітныя (па шурпатасці паверхні, да якой прыліпае магн. парашок). Розная шчыльнасць часціц выкарыстоўваецца для раздзялення сумесі на пнеўматычных сартавальных сталах, пругкасць — на адбівальных сталах, колер — у фотаэлектронных рабочых органах. Пашыраны стацыянарныя і самаперасоўныя паветрана-рашотныя, паветрана-рашотна-трыерныя З.м., трыерныя блокі; насенне траў і лёну ачышчаюць ад шурпатага насення пустазелля эл.-магн. і магн. З.м. Прадукцыйнасць З.м. да 50 т/гадз.
В.П.Чабатароў.
Зернеачышчальныя машыны: а — ачышчальнік збожжа ОВП-20А (1 — рашотныя станы, 2, 4 — выгрузны і загрузачны транспарцёры, 3 — прыемная камера, 5 — вентылятар, 6 — інерцыйны пылааддзяляльная 7 — скрабалкавы сілкавальнік); б — насеннеачышчальная СМ-4 (1 — шнэкавы сілкавальнік, 2 — загрузачны транспарцёр; 3 — корпус з рашотамі, трыернымі цыліндрамі, вентылятарамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Тэадор) (Фёдар Яўхімавіч; 8.11.1784, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.11.1864),
гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1803). У 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806—07) і руска-шведскай (1808—09) войнаў (капітан рас. арміі, ваен. інжынер). Мяркуюць, што ён з’яўляецца аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнікам яе буд-ва. З 1812 у адстаўцы, даследаваў гісторыю ВКЛ. Вёў раскопкі ў Падняпроўі. Першы ў Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам стараж. пахавання. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне недалёка ад Шаўраў (Лідскі пав.). Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав., даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік 16 ст. Аўтар фундаментальнага твора «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41). Увёў у навук. ўжытак шэраг крыніц, у т. л.Хроніку Быхаўца (1846). Сабраў багатую калекцыю археал. матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў (пераважна ў «Гродненских губернских ведомостях») пра Ліду, Навагрудак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі стараж. міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРО́Н (франц. patron, ням. Patrone),
1) у металаапрацоўцы — прыстасаванне для замацавання загатовак або інструментаў на металарэзных станках. Бываюць мех., эл.-магн., гідраўлічныя, пнеўматычныя, гідрапластавыя; 2-, 3-, 4-кулачковыя, цангавыя.
2) У электра- і святлатэхніцы — прыстасаванне для мацавання крыніцы выпрамянення (напр., лямпы напальвання) і забеспячэння яе эл. сілкаваннем.
3) У ваеннай справе — від боепрыпасаў стралковай зброі і малакаліберных (да 75 мм) пушак (гармат), у якіх куля (снарад), парахавы зарад і сродак запальвання (капсуль, капсульная ўтулка) аб’яднаны з дапамогай гільзы. Па прызначэнні падзяляюцца на баявыя і дапаможныя (напр., халастыя, для выпрабавання зброі). У залежнасці ад віду зброі бываюць пісталетныя, рэвальверныя, вінтовачныя, артыл., для паляўнічых ружжаў і інш. Распрацаваны т.зв. бязгільзавы П.
Патроны электрычныя: а — разьбовы (1 і 2 — часткі, якія скручваюцца; 3 — спружынны ўкладыш з кантактамі; 4 — цокаль лямпы з цэнтральным кантактам); б — баянетныя з адным і двума рухомымі кантактамі.Шротавы патрон 12-га калібру: 1 — пластыкавы корпус гільзы; 2 — стальны шрот; 3 — кантэйнер; 4 — парахавы зарад; 5 — капсуль; 6 — пластыкавы пыж; 7 — латунная аснова гільзы.Да арт.Патрон: а — 9-мм ПМ (ПММ) для пісталета Макарава; б — 5,45-мм для аўтаматычнай зброі Калашнікава; в — 7,62-мм для штатнага боепрыпаса НАТО (1 — куля; 2 — гільза; 3 — парахавы зарад; 4 — капсуль-запальнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч.корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН,
палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Пушкін (да 1918 Царскае Сяло) Ленінградскай вобл. Ядро ансамбля — Вялікі (Кацярынінскі) палац (перабудаваны; 1743—48, арх. А.В.Квасаў, С.І.Чавакінскі; 1752—57, арх. В.В.Растрэлі) з багатым убраннем фасадаў і інтэр’ераў (арх. Растрэлі, Ч.Камерон, В.П.Стасаў). У 1780—90-я г. да палаца прыбудаваны ў стылі класіцызму т.зв. тэрмы Камерона (арх. Камерон), Зубаўскі флігель (арх. Ю.М.Фельтэн) і корпус Ліцэя (арх. І.В.Няелаў, перабудаваны ў 1811 арх. Стасавым, у 1811—17 тут вучыўся А.С.Пушкін). У 1720—1860-я г. ствараліся паркі: Кацярынінскі, Аляксандраўскі, Баболаўскі, Ніжні, Фермскі (агульная пл. каля 600 га). У парках — Аляксандраўскі палац (1792—96, арх. Дж.Кварэнгі), аздоблены двайной каланадай, шматлікія павільёны, у т. л. барочны Эрмітаж (1743—54, арх. М.Р.Зямцоў, Растрэлі), Грот (1749—63, арх. Растрэлі і інш.); альтанкі, каскады, руіны ў стылях барока, псеўдаготыкі, класіцызму, помнікі Пушкіну (1899—1900, скульпт. Р.Р.Бах), садова-паркавая скульптура, сажалкі, каналы. З 1983 маст.-арх. палацава-паркавы музей-запаведнік.
Літ.:
Лемус В.В. Пушкин;
Альбом. Л., 1982;
Семенникова Н.В. Пушкин: Дворцы и парки. 2 изд. Л., 1987;
Город Пушкин: Ист.-краевед. очерк-путеводитель. СПб., 1992.
1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой.// Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху.Кулакоўскі.
2.перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло.Бураўкін.// Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі.// Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе.Кулакоўскі.
3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.
•••
Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.
Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк.корпус, 1-ы паветр.корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).