скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,
частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт.горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн.км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс.км², без Прыпяці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрываннягорных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),
асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),
грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл.Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДАМО́Н (Elettaria cardamomum),
кветкавая расліна сям. імбірных. Пашырана ў вільготных горных лясах Паўд. Індыі. Культывуецца ў Індыі, Індакітаі, Паўд. Кітаі, на в-ве Шры-Ланка. У нетрапічных краінах вырошчваецца ў аранжарэях.
Шматгадовая травяністая расліна з мясістым карэнішчам выш. да 1 м. Лісце ланцэтна-эліптычнае, скурыстае. Усе вегетатыўныя органы моцна пахнуць. Кветкі жоўтыя ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 3,5—7% эфірнага алею. Выкарыстоўваюць як прыправу у кандытарскай і тытунёвай прам-сці, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́Й,
1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.
2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НДРЫ (ісланд. адз. л. sandr ад sand пясок),
раўнінныя паверхні паблізу ўскраін стараж. і сучасных ледавікоў, складзеныя перамытым і пераадкладзеным матэрыялам марэны (пераважна пяском). Шырока развіты ў абласцях плейстацэнавага зледзянення. Утвараюцца пры зліцці краявых частак плоскіх конусаў вынасу падледавіковых патокаў. Незамацаваныя расліннасцю зандравыя пяскі нярэдка перавеяны ў дзюны. На тэр. Беларусі займаюць вял. плошчы на Палессі, у вярхоўях рэк Бярэзіна, Вілія і інш. У далінах горных ледавіковых рэк часта ўтвараюцца зандравыя тэрасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАУРА́ЛЬСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна, якая ўключае ўсх. перадгор’і Сярэдняга і Паўд. Урала, у Расіі. Шыр. да 100 км на Пн і больш за 200 км на Пд. Выш. 200—300 м, асобныя астанцовыя горы да 500—600 м. Слаба нахіленая на У. Складзена з вывергнутых, асадкавых і метамарфічных горных парод палеазойскага ўзросту, шмат гранітаў. Рэкі Пышма, Ісець, Міяс і інш. (бас.р. Табол). Шмат азёр. На Пн — тайга, балоты, на Пд — разнатраўныя і дзярнова-злакавыя стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),
комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.П.Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.