ІЕ́НА (Jena),
горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія, на р. Заале. Упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. як крэпасць. Гар. правы з 13 ст. 100,1 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак. Буйны цэнтр аптычнай прам-сці (прадпрыемства «Карл Цэйс»). Хім.-фармацэўтычная прам-сць. Ун-т (з 1558). Планетарый. Бат. сад. Каля І. адбылася Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806.
т. 7, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́РЫЦ (Müritz),
возера ў Германіі, самае вял. ў Мекленбургскім паазер’і. Пл. 117 км². Глыб. 33 м. Катлавіна ледавіковага паходжання. Размешчана паміж градамі марэн, злучана пратокамі з суседнімі азёрамі (Плаўэр-Зе і інш.). Сцёк у р. Гафель. Суднаходства, рыбалоўства. Арніталагічны запаведнік (засн. ў 1931) — месца гнездавання жураўлёў, трапляюцца лебедзь-шыпун, арлан-белахвост, скапа і інш. На паўн. беразе — г. Варэн.
т. 11, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД,
1) назва ўстаноўчага сходу ў Францыі ў 1789, 1848, 1871 і ў Германіі ў 1848 і 1919.
2) У Францыі ў 1840—1940 — аб’яднанае пасяджэнне абодвух палат парламента, якое выбірала прэзідэнта рэспублікі.
3) У шэрагу краін (Арменія, Беларусь, Бенін, В’етнам, Туніс, Францыя і інш.) назва парламента або адной з яго палат (Габон, Мадагаскар, Маўрытанія і інш.).
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬДЭРЫ (галанд. polder),
асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў, ахаваныя дамбамі ад затаплення марскімі водамі. Узровень грунтавых вод у П. рэгулюецца дрэнажнымі сістэмамі, пераважна з машынным адпампоўваннем вады. Пашыраны ў Нідэрландах (каля 40% тэрыторыі), Германіі, Даніі, ЗША і інш. П. ствараюцца таксама на поймах рэк, якія працяглы час заліваюцца вадой (напр., каля рэк Прыпяць, Зах. Буг, Дняпро).
т. 12, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),
1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).
2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.Рэдэр, у 1943—45 К.Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).
Літ.:
Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.
т. 4, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),
старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́ЦКІ (сапр. Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч
(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),
бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АН БССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.
Тв.:
У кн.: Туга па Радзіме. Мн., 1992;
Напярэймы жаданням. Нью-Йорк, 1994.
т. 6, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),
дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.Гімлер (1934—39) і Г.Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.
т. 5, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ГЕРС (Seghers) Ганна [сапр. Радвані
(Radványi) Неці; 19.11.1900, г. Майнц, Германія — 1.6.1983], нямецкая пісьменніца. Чл. Ням. АМ (з 1950). Вучылася ў Кёльнскім і Гайдэльбергскім (1920—24) ун-тах. У 1933—47 у эміграцыі (Францыя, Мексіка). Першыя буйныя творы — аповесць «Паўстанне рыбакоў» (1928) і раман «Спадарожнікі» (1932). Аўтар антыфаш. раманаў «Ацэненая галава» (1933),
«Шлях праз люты» (1935), «Выратаванне» (1937), «Сёмы крыж» (выд. на англ. мове 1942, на ням. мове 1946), «Транзіт» (1943, апубл. 1948). Асн. тэма рамана «Мёртвыя застаюцца маладымі» (1949) — лёс Германіі і ням. народа ад 1-й да 2-й сусв. войнаў; аповесць «Чалавек і яго імя» (1952) і раманы «Рашэнне» (1959), «Давер» (1968) прысвечаны праблемам пасляваен. Германіі. Аўтар зб. апавяд. «Дзіўныя сустрэчы» (1973). Нац. прэміі ГДР 1951, 1959, 1971. Асобныя апавяданні З. на бел. мову пераклалі М.Навіцкі, С.Дзяргай, А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1982—84.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Анна Зегерс: Личность и творчество. М., 1984.
Е.А.Лявонава.
т. 7, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)