~ für die Herstéllung (G) ліцэ́нзія на вытво́рчасць (чаго-н.)
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Прамысловасць — асноўная галіна эканомікі Беларусі, на долю якой прыпадае каля 30% валавога ўнутр. прадукту, 32% кошту асн. фондаў, 26,2% усіх занятых у нар. гаспадарцы. Яна ўключае больш за 24 тыс.прамысл. прадпрыемстваў і вытворчасцей. У сукупнасці яны складаюць 70 галін і падгалін прамысловасці. Дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі займаюць узбуйненыя галіны прамысловасці: паліўная, металургічная, хім. і нафтахім., машынабудаванне і металаапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая і харчовая.
Гісторыя, спецыялізацыя і размяшчэнне. Станаўленне прамысловасці як самаст. галіны грамадскай вытворчасці пачалося з аддзялення рамяства ад земляробства У 1720-я г. ўзніклі першыя мануфактуры, у т. л. Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Напр., на Налібоцкай мануфактуры ў 1748 працавала больш за 100 чалавек, выпускалася 100 відаў прадукцыі. Потым узніклі Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18 ст. іх было больш за 50. У 19 ст. ўзніклі першыя фабрыкі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая амаль удвая пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. З 1860 па 1890 колькасць рамесных майстэрняў павялічылася з 20,2 да 58,1 тыс., рабочых на іх — з 30,4 да 110 тыс., аб’ём выпуску прадукцыі — з 4,3 да 14,1 млн.руб. 63% рамеснікаў знаходзілася ў мястэчках, 37% — у гарадах У харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці колькасць дробных прадпрыемстваў вырасла з 7,8 да 17,1 тыс., рабочых на іх — з 2364 да 65,5 тыс., аб’ём вытворчасці — з 14 да 44 млн.руб. На базе рамесных майстэрняў узнікалі капіталіст. мануфактуры. За парэформенны час іх колькасць павялічылася з 140 да 760, сярод іх былі 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166 харчовых, на іх працавала 28,8 тыс. рабочых Характэрная рыса развіцця прамысловасці таго перыяду — хуткі рост фабрык і заводаў. У 1890-я г. фабрычна-заводскія прадпрыемствы давалі палавіну ўсёй прамысл. прадукцыі. Аднак узровень яе канцэнтрацыі на Беларусі быў ніжэйшы, чым у цэлым па Рас. імперыі. Тут пераважалі сярэднія і дробныя прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш за 50 чалавек. У канцы 19 ст. яны складалі 85,5% ад прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці (па Расіі — 70,5%). Але фабрык і заводаў, дзе працавала больш за 500 рабочых, было толькі 9, або 1% ад агульнай іх колькасці (па Расіі — 3,5%). Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акц. кампаній. У канцы 19 ст. на Беларусі дзейнічала 10 акц. т-ваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы («Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Таварыства віцебскіх водаправодаў», бельгійскае акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш.).
Бел. прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясц.с.-г., лясной і мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне пераважна ў сельскай мясцовасці. У парэформенны час у гарадах выраблялася каля 31% усёй прадукцыі. У час крызісу 1900—03 і дэпрэсіі 1904—08 бел. прадпрыемствы менш пацярпелі, чым у цэлым па Расіі. Наступны эканам. ўздым працягваўся да 1-й сусв. вайны. Сярэднегадавы рост фабрычна-заводскай прадукцыі за гэты перыяд склаў 13,9%. Вядучымі галінамі ў 1913 заставаліся харчовая прамысловасць (яе ўдзельная вага складала 26% ад аб’ёму буйной прамысловасці), лесанарыхтоўкі і сплаў (16,8%), дрэваапрацоўчая (16,1%), папяровая (7%), чыгуначныя і рамонтныя майстэрні (5,8%), шкляная (5,7%), тэкстыльная (4,8%), металаапрацоўчая (3,8%).
З пач. 20 ст. на тэр. Беларусі пачалі ўзнікаць прамысл. манапалістычныя аб’яднанні (напр., камітэт запалкавых фабрыкантаў Зах. краю, Віцебскі сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы). Развіццё прамысловасці спрыяла росту гар. насельніцтва, асабліва рабочых. У 1913 у Мінску дзейнічала 69 цэнзавых прадпрыемстваў (5 тыс. рабочых) у Віцебску — 45 (3,9 тыс.), у Гродне — 19 (2,3 тыс.). Прамысл. цэнтрамі станавіліся Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Орша. З 1900 да 1913 колькасць рабочых на прадпрыемствах павялічылася з 31 тыс. да 57 тыс., або на 76,6%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі дасягнула 514 тыс. чалавек.
За гады 1-й сусв. вайны галіновая структура прамысловасці Беларусі значна змянілася. Амаль спынілі дзейнасць вінакурна-гарэлачныя прадпрыемствы, скарацілі вытворчасць цагельна-чарапічныя, кафельныя, суконныя фабрыкі і заводы. Швейная, абутковая, ільнопрадзільная, тытунёвая, хім. і харч. галіны пачалі працаваць на патрэбы фронту. Вытворчасць прадукцыі для цывільнага насельніцтва рэзка скарацілася. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 у параўнанні з 1913 ва ўсх. частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або ў 2,7 раза, вытворчасць прадукцыі на іх складала ўсяго 15—16% даваен. ўзроўню. Пасля грамадз. вайны і ваеннай інтэрвенцыі на Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% рабочых даваен. часу. Агульны аб’ём валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці ў БССР у 1922 склаў каля 15—20% да ўзроўню 1913, амаль удвая скарацілася магутнасць мех. рухавікоў. Аднаўленне прамысловасці адбывалася ва ўмовах новай эканам. палітыкі, калі стымулявалася развіццё пераважна дробнай і сярэдняй прамысловасці, каап. прадпрыемстваў. Пад прыватныя кіраванне і здачу ў арэнду былі вернуты раней нацыяналізаваныя фабрыкі і заводы, на іх долю прыпадала да 25% прамысл. прадукцыі. Многія буйныя прадпрыемствы былі зняты з дзяржбюджэту і пераведзены на гаспразлік. Да 1925 валавая прадукцыя буйной прамысловасці ў БССР перасягнула ўзровень 1913 на 25,5%. Доля дзярж. сектара ў буйной прамысловасці ў пач. 1926 склала 96,8%. Значнае развіццё атрымала металаапрацоўчая галіна, вытворчасць якой з 1923 да 1925 павялічылася больш чым у 5 разоў Праведзены работы па электрыфікацыі: калі ў 1913 электрастанцыі меліся толькі ў Мінску, Магілёве, Полацку і Клімавічах, то ў 1925 яны былі ва ўсіх акруговых цэнтрах; у 1925—26 дзейнічала 40 электрастанцый. У дробнай прамысловасці ў 1926 было занята 73% рабочых, а па валавой прадукцыі на яе долю прыпадала каля 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі заставаліся харчовая, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, мінералаў. У 1920-я г. пачалося буд-ва шэрагу буйных прадпрыемстваў (Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, «Гомсельмаш», Магілёўская фабрыка штучнага шоўку і інш.).
У канцы 1920-х г. у прамысловасці БССР узяты курс на фарсіраваную індустрыялізацыю. За гады 1-й пяцігодкі (1928—32) агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў у 5,3 раза. З гэтай сумы на новае буд-ва было выдаткавана 58,8%, на расшырэнне і рэканструкцыю прадпрыемстваў — 38,6%. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці буд. матэрыялаў. Пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў. За гады 2-й пяцігодкі (1933—37) пабудавана 1700 заводаў і фабрык, каля 90 прадпрыемстваў рэканструявана. Сярод іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, трубаліцейны завод у Магілёве, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мінская ЦЭЦ-2. Узніклі новыя галіны прамысловасці. станкабудаванне, хімічная, с.-г. машынабудаванне, вытворчасць стандартных будынкаў і інш. Аб’ём прамысл. вытворчасці за гады даваен. пяцігодак па БССР павялічыўся больш, чым у 6 разоў (па СССР — у 7,7 раза). Колькасць рабочых на 1000 чалавек насельніцтва да пач. 1940 павялічылася ў параўнанні з 1926 у 9,1 раза (па СССР — у 4 разы). На долю БССР прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, больш за 10% станкоў. Па вытворчасці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку. Аднак у кіраўніцтве прамысловасцю ўсталяваліся цэнтралізм і валюнтарысцкія метады, эканам. стымулы і гасп. разлік пачалі саступаць месца каманднай эканоміцы, што зніжала тэмпы развіцця прамысловасці. Так, план па валавой прадукцыі ў 1-й пяцігодцы выкананы толькі на 79%, павялічыўся яе сабекошт Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла ўсяго на 15% замест 33, прадугледжаных планам. Склаўся эканам. механізм, які найперш забяспечваў выкананне колькасных паказчыкаў; якасць прадукцыі і фін. эфектыўнасць адыходзілі на другі план. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, у 1926 налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых больш за 20 чал., у т. л. 19 — больш за 100 рабочых (шклозавод «Нёман» у Навагрудскім пав., запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая ф-ка ў Гродне, ф-ка гумавых вырабаў у Лідзе, фанерныя ф-кі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы і інш.). На іх было занята каля 8 тыс. рабочых. Да 1928 колькасць дзеючых у Зах. Беларусі прадпрыемстваў і занятых у іх рабочых наблізілася да ўзроўню 1913.
У час эканам. крызісу 1929—33 спынілі дзейнасць 230 прадпрыемстваў, колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася на 46%, прадукцыя прамысловасці — на 30—40%. Пасля эканам. крызісу ў заходнебел. індустрыі ўзмацніліся працэсы канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыпадала 10,7% агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 — адпаведна 13,5 і 80,6%. Колькасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці і працуючых на іх у 1939 больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913.
У пач.Вял.Айч. вайны адбылося перабазіраванне абсталявання прадпрыемстваў і маёмасці ў сав. тыл. З Беларусі на Урал, у Паволжа, Сярэднюю Азію і Сібір поўнасцю або часткова эвакуіравана абсталяванне больш як 130 заводаў і фабрык. У выніку вайны і акупацыі прамысловасці Беларусі прычынены велізарныя страты. Гітлераўцы знішчылі ці вывезлі ў Германію 10 338 прадпрыемстваў. На тэр. рэспублікі пасля яе вызвалення дзейнічала толькі 2% энергетычных магутнасцей. Прамысловасць адкінута да ўзроўню 1913. Аднаўленчыя работы пачаліся пасля вызвалення ўсх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943. Да мая 1945, калі завяршылася вайна, было ўведзена ў дзеянне 12 тыс.прамысл. аб’ектаў. Аднак аб’ём іх прадукцыі склаў толькі 20,4% даваен. ўзроўню, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці — 47%.
У пасляваенны перыяд адраджэнне прамысловасці ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1-м квартале 1949 прамысл.вытворчасць рэспублікі дасягнула ўзроўню 1940, а да канца 4-й пяцігодкі (1946—50) павялічылася ў параўнанні з даваен. часам на 15%, што было ў 5,7 раза больш, чым у 1945. Адначасова адбыліся значныя змены ў структуры прамысл. вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага пераважных да вайны галін — лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём металаапрацоўкі за гады 4-й пяцігодкі вырас у 2,4 раза, а прадукцыя машынабудавання — у 3,4 раза Колькасць рабочых і служачых павялічылася з 610 тыс. да 1038 тыс. чалавек, што склала толькі 19% даваен. перыяду. За 1945—50 у БССР пабудавана 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, у іх ліку Салігорскі калійны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы з-д, суперфасфатны з-д у Гомелі. Новыя прадпрыемствы будаваліся на даволі высокім узроўні тэхн. і тэхнал. аснашчанасці, што ў далейшым вызначыла адносна хуткія тэмпы яе развіцця і прыкметнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы.
У 1950—60-я г. прамысловасць развівалася і за кошт расшырэння дзеючых прадпрыемстваў, і за кошт буд-ва новых. За 5-ю пяцігодку (1951—55) асн.вытв. фонды прамысловасці павялічыліся на 64,6%, аб’ём прамысл. вытворчасці вырас у 2,1 раза. Высокімі тэмпамі нарошчваліся магутнасці машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1955 Беларусь давала 11,2% трактароў, 9,6% металарэзных станкоў, 3,9 % аўтамабіляў агульнасаюзнай вытворчасці. Расла і вытворчасць тавараў нар. спажывання. Выпуск прадукцыі харч. прамысловасці вырас у 1,8 раза, цукру — у 6,8, гадзіннікаў — у 2,8, тэлевізараў — у 28 разоў. У дзеянне ўведзены такія буйнейшыя прадпрыемствы, як Бярозаўская ДРЭС, Бел.аўтамаб., Мінскі маторны з-ды, Полацкі нафтаперапрацоўчы, 1-ы Салігорскі калійны камбінат, Светлагорскі з-д штучнага валакна і інш. Адбывалася далейшая канцэнтрацыя прамысл. вытворчасці, паглыбляліся спецыялізацыя і камбінаванне прамысловасці. На буйных прадпрыемствах, дзе колькасць работнікаў перавышала 1 тыс.чал., у 1965 выраблялася 48% усёй прамысл. прадукцыі і было занята 46% прамысл.-вытв. персаналу рэспублікі. З 1963 пачалі стварацца вытворчыя аб’яднанні. У 1965 14 аб’яднанняў ахоплівалі 47 прадпрыемстваў, дзе было занята 47 тыс. чалавек. У сярэдзіне 1960-х г. на прамысл. прадпрыемствах Беларусі дзейнічала каля 1000 паточных і 1748 паточна-механізаваных ліній.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне больш як 170 фабрык і заводаў, у т. л. Беларускі шынны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінаты, Бел. металургічны і Аршанскі інструментальны з-ды, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харч. прамысловасці. Расла вытворчасць прадукцыі тых галін, якія вызначалі навук.-тэхн. прагрэс, асабліва прыладабудавання, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці, вытворчасці сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80-я г. вырасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай — з 11,3 да 25%. З 1970 па 1985 прамысловасць Беларусі асвоіла серыйны выпуск 2197 новых тыпаў машын, абсталявання, прылад, прыбораў, апаратаў і матэрыялаў. Сярод іх ЭВМ 3-га і 4-га пакаленняў, станкі з асабліва высокай ступенню дакладнасці, каляровыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі і інш. Да 1985 на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю пераведзена 227 прадпрыемстваў і 4100 вытворчасцей, цэхаў і ўчасткаў, дзейнічалі 8131 механізаваная і 1749 аўтаматызаваных ліній. У параўнанні з 1970 прадукцыя прамысловасці павялічылася больш чым у 3 разы, у т. л.вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3, вытворчасць прадметаў ужытку — у 2,6 раза. Гэтыя паказчыкі былі адны з самых высокіх у СССР. Разам з тым існуючы гасп. механізм з дырэктыўнымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем прадукцыі, жорсткай рэгламентацыяй дзейнасці прадпрыемстваў ператварыўся ў тормаз на шляху развіцця прадукцыйных сіл, перашкаджаў укараненню дасягненняў навук.-тэхн. рэвалюцыі ў вытворчасць. Тэрмін асваення і выпуску новай прадукцыі расцягваўся на дзесяцігоддзі, распрацоўкі бел. інжынераў і навукоўцаў хутчэй укаранялі за мяжой, чым у нашай краіне. У выніку тэмпы росту прадукцыі прамысловасці Беларусі знізіліся з 10,4% у 9-й пяцігодцы да 5,4% у 11-й, прадукцыйнасці працы — адпаведна з 7,4 да 5,3%.
У 1991—95 ва ўмовах крызісных з’яў у эканоміцы на 40,9% скараціўся аб’ём выпуску прамысл. прадукцыі, а з улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі ён скараціўся амаль удвая. На рэзкае абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі негатыўна ўплывалі падаражанне матэрыяльных рэсурсаў, неплацяжы, нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі ў выніку скарачэння інвестыцый у навуку, новыя тэхналогіі, страты традыц. рынкаў збыту.
У 2003 21,8% прамысл. прадукцыі прыпадала на долю машынабудавання і металаапрацоўкі, 17,2% — харч. прамысловасці, 12,1% — хім. і нафтахім., 7,3% — электраэнергетыкі, 6,3% — лёгкай, 5,4% — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Рэфармаванне эканомікі, у т. л. прамысловасці Беларусі, выклікала яе адноснае ажыўленне. У 2000 перасягнуты паказчыкі дакрызіснага 1990 па аб’ёме вытворчасці прамысловасці. Каля 70% неабходных бел. прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі рэалізуецца на рынках 17 краін. Высокай застаецца колькасць стратных прадпрыемстваў — на 1.1.2003 іх доля складала 32,9%. З-за недахопу інвестыцый крытычнага ўзроўню дасягнула фіз. і маральная ўстарэласць актыўнай часткі асн. вытворчых фондаў (70—80%). У цэлым па краіне на 1.1.2003 узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 67% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў параўнанні з 63,8% на 1.1.2002. Найб. ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прыпадала на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (43,9%), хім. і нафтахім. (13,4%), лёгкай (12,9), харчовай (12,7%) прамысловасці. Найб. ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў у лёгкай (47,9%), буд. матэрыялаў (45,5%) і харч. (38,2%) прамысловасці. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысл. прадпрыемстваў склала ў 2003 12,0% (гл.табл. 1) супраць 15,8% у 2000. Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 32 382 млн.руб., у т. л.вытворчасць спажывецкіх тавараў — 10 316 млн.руб. Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2002 павялічыўся больш чым напалову і склаў 2 834 млн.руб. (гл.табл. 1). Колькасць вырабленай прамысловымі прадпрыемствамі прадукцыі ў 2003 павялічылася на 107%, спажывецкіх тавараў на 107,8% (гл.табл. 2).
Для пераводу прамысл. комплексу Беларусі на сусв. ўзровень эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі патрабуецца кардынальная мадэрнізацыя вытв. фондаў на аснове найноўшых дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Перспектывы далейшага развіцця прамысловасці звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў Канцэпцыі і Праграмы развіцця прамысл. комплексу Беларусі на 1998—2015. Яны накіраваны на ажыццяўленне карэннай рэканструкцыі вытворчасці, замену і мадэрнізацыю асн. абсталявання, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешнім і ўнутр. рынках, зніжэнне выдаткаў вытворчасці і павышэнне рэнтабельнасці на базе ўкаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1981 гг.). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Никитенко П.Г. Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;
Шыбека З.В. Гарады Беларуси (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX ст.Мн., 2001;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
А.М.Сасім.
Беларускі металургічны камбінат. Электрасталеліцейны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абу́так, ‑тку, м.
Вырабы са скуры або з іншых матэрыялаў, прызначаныя для нашэння на нагах. Вытворчасць абутку. Скураны абутак. Мадэльны абутак. □ Каля рэчкі дзяўчаты бегалі.. босыя, каб не замачыць у расе абутак.Кулакоўскі.Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛБУ́ЗІН Леў Іванавіч (н. 28.3.1942, станцыя Азінкі Саратаўскай вобл., Расія),
бел. дызайнер, медальер. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). З 1970 выкладае ў Бел.АМ. Створаныя ім медалі вылучаюцца лаканічнасцю кампазіцыі, тонкасцю мадэліроўкі, гармоніяй ліній і сілуэта: «Сіметрыя» (1974), «І.Мележ», «Музей беларускага народнага мастацтва «Раўбічы» (абодва 1978), «Я.Драздовіч», «М.Багдановіч» (абодва 1981), «Я.Купала» (1982), «М.Гусоўскі» (1983), «А.Адамовіч» (1991), «М.Багушэвіч» (1992), «1000-годдзе хрысціянства на Русі» (2000). Аўтар керамічнага пано «Жнівень» і сааўтар (з Ю.Багушэвічам і Г.Жарыным) афармлення станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» Мінскага метрапалітэна (1984), дробнай пластыкі, вобразных інсталяцый. Выканаў скульптурны эталон дзярж. герба «Пагоня» (1991). Распрацаваў серыю апаратаў штучнага кровазвароту «АІК-Мінск 3» (1973), электрашаткаўніцу (1987) і інш., якія ўкаранёны ў вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́спід1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Ядавітая змяя, якая водзіцца ў трапічных і субтрапічных краінах.
2.Разм.лаянк. Пра благога, падступнага чалавека.
[Грэч. aspis.]
а́спід2, ‑у, М ‑дзе, м.
Уст. Слаісты мінерал чорнага колеру, які раней ішоў на вытворчасць грыфельных дошак; тое, што і аспідны сланец (гл. сланец).
[Ад грэч. iaspis — яшма.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарапі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чарапіцы; прызначаны для вырабу чарапіцы. Чарапічная вытворчасць. Чарапічны завод.
2. Зроблены з чарапіцы. Белыя аканіцы і ярка-чырвоны чарапічны дах, веранда і чысценькія, пасыпаныя жоўтым пяском сцяжынкі між сапраўднага гушчару [глогу] і вінаграднай лазы — усё сведчыла аб руплівасці гаспадыні дома.Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т. л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРФЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы торфу. Асн. прадукцыя: фрэзерны і кускавы торф, тарфяныя брыкеты, арган. ўгнаенні, торф на подсціл с.-г. жывёле і для хім. перапрацоўкі.
На Беларусі прамысл. здабыча торфу пачалася ў 1896 для патрэб шклозавода ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), у 1899 — паблізу г. Гомель для гомельскіх цагельняў. Торфабрыкет пачалі вырабляць у 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н). Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі радовішчаў Дымаўшчына (каля г. Віцебск), Гразкі (Гомельскі р-н), Котуш (каля г. Магілёў), пры шклозаводзе «Труды» (Полацкі р-н), Ноўка (Віцебскі р-н), пад Мінскам. У 1920—40 дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн.т торфу, яго ўдз. вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У 1950—60 пабудаваны буйныя прадпрыемствы Т.п.: «Светлагорскае» і «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Рэдкі Рог» і «Дняпроўскае» ў Магілёўскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай, «40 гадоў БССР» у Гродзенскай, «Бярэзінскае», «Смалявіцкае», «Чысцік» у Мінскай, «Дабееўскі Мох», «Віцебскае» і інш. ў Віцебскай абл. Да 1960 торф заставаўся acu. відам паліва, на ім працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдз. вага ў паліўным балансе склала 39,5%. З канца 1970 у сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадукты, прыродны газ) здабыча торфу на паліўна-энергет. мэты змяншаецца, удз. вага ў паліўным балансе 0,8% (1985). Адначасова расце здабыча торфу для патрэб сельскай гаспадаркі. У 2000 у Рэспубліцы Беларусь 37 прадпрыемстваў Т.п., найб. значныя: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог» «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усяж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абл.
Т.п. найб. развіта ў Расіі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Ірландыі. Гл. таксама Торфаздабыча, Тарфяны кадастр.
П.І.Рогач.
Здабыча торфу і вытворчасць торфабрыкетаў на Беларусі, тыс.т