графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаны для набору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., для Тураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі для царк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. У пач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 у Бел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСОФІЯ
Навук. даследаванні ў галіне філасофіі на Беларусі праводзяцца з пачатку 1920-х г. У 1923 створана кафедра дыялект. і гіст. матэрыялізму ў БДУ, у 1925 — кафедра гіст. матэрыялізму пры Камуніст. ун-це Беларусі. З 1922 даследаванні па філасофіі вяліся ў Інбелкульце. У 1922 у Мінску выдадзены першы ў СССР падручнік па дыялект. матэрыялізму С.Я.Вальфсона. З 1931 цэнтрамі філас. даследаванняў сталі створаныя на базе кафедры марксізму-ленінізму АНБССРІн-т філасофіі АН Беларусі, філас. кафедры ВНУ. У сучасны перыяд вывучэнне актуальных праблем філас. навукі ажыццяўляецца ў Ін-це філасофіі Нац.АН Беларусі, на кафедрах філасофіі БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-та, Бел.пед. ун-та, Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел.эканам. ун-та, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага, Гродзенскага, Магілёўскага, Віцебскага ун-таў, БСГА, Міжнар.гуманіт.-эканам. ін-та і інш.
У 1930—40-я г. даследаванні бел. філосафаў былі скіраваны на асэнсаванне магчымасці перабудовы эканам. і сац.-паліт. грамадскіх адносін на сацыяліст. прынцыпах, распрацоўку пытанняў развіцця бел. грамадства, вызначэнне адносін да культ. спадчыны мінулых эпох, вывучэнне сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду і метадаў пазнання рэчаіснасці (Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын, У.М.Іваноўскі, С.З.Кацэнбоген і інш.). З пач. 1950-х г тэматыка філас. распрацовак пашыралася за кошт пытанняў сац.-эканам. і сац.-культ. развіцця грамадства, нац. адносін, выхавання чалавека, асабліва моладзі, аналізу тэндэнцый развіцця грамадскіх адносін, вывучэння іх структуры і зместу (Я.М.Бабосаў, В.М.Кавалгін, А.С.Карлюк, У.І.Горбач, Б.С.Сцяпанаў, У.М.Сікорскі) і інш. У 1970—80-я г. праводзіліся комплексныя даследаванні па сутнасці грамадскіх змен, якія адбыліся пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі і яе дасягненняў, пытанняў фарміравання адпаведнага ладу жыцця, культуры, сац. планавання і прагназіравання. Сістэмны характар набыла распрацоўка гісторыка-філас. тэматыкі (К.П.Буслаў, А.І.Галаўнёў, М.І.Бароўскі, Э.К.Дарашэвіч, М.С.Купчын, Н.М.Махнач, А.І.Савасцюк) і інш. Аб’ектам аналізу сучасных даследчыкаў філасофіі сталі тэарэтыка-метадалагічныя праблемы станаўлення грамадз. супольнасці і нац.-культ. развіцця Беларусі, духоўнай культуры і гуманізацыі грамадскіх адносін, развіцця прыродных і сац. працэсаў у кантэксце глабалізацыі, пашырэння рэальных магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам, гісторыі філасофскай і грамадскай думкі.
Дыялектыка і тэорыя пазнання. Адным з гал. кірункаў навук. даследаванняў у галіне філасофіі з’яўляецца распрацоўка дыялектыкі і тэорыі пазнання, філас. метадалогіі, зместу і ўзаемасувязі катэгорый навукі, суадносін фармальнай і дыялект. логікі, форм лагічнага мыслення, сувязі філасофіі і прыродазнаўства, праблем дэтэрмінізму. Метадам пазнання рэчаіснасці, сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду былі прысвечаны апублікаваныя ў 1923 працы С.Я.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» і У.М.Іваноўскага «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку і філасофію». У 1962 у Ін-це філасофіі АН Беларусі створаны спец. сектар дыялект. матэрыялізму і філас. пытанняў прыродазнаўства (у 1991 пераўтвораны ў аддзел логікі і метадалогіі навук. пазнання). Бел. вучоныя даследавалі законы і катэгорыі дыялектыкі (Г.Ф.Аляксандраў, У.І.Горбач, В.М.Кавалгін, Р.А.Левін, В.Дз.Марозаў, Дз.І.Шыраканаў, Ю.А.Харын і інш.), праблемы паходжання свядомасці (П.Ф.Пратасеня), дыялектыкі і яе ўзаемаадносін з інш. метадамі і навукамі (П.Дз.Пузікаў, А.К.Манееў, Я.М.Бабосаў, Л.В.Увараў і інш.). Пытанні навук. метадалогіі ў кантэксце пераасэнсавання ролі дыялектыкі распрацоўвалі Г.Ф.Аляксандраў, М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, М.В.Турбін, П.Ф.Капуцкі, В.С.Сцёпін.
Значныя вынікі атрыманы ў распрацоўцы праблем філасофіі і метадалогіі навукі, спецыфікі пазнання і навук. творчасці (У.А.Гераіменка, У.К.Лукашэвіч, А.І.Осіпаў, М.А.Слямнёў, Р.А.Смірнова), развіцця катэгарыяльнага апарату мыслення, філас. асноў логікі, рыторыкі і тэорыі аргументацыі, матэм. і кібернетычных сістэм (Дз.І.Шыраканаў, Ч.В.Дзмітрыеў, М.І.Жукаў, А.П.Хількевіч, В.І.Чуяшоў), логіка-гнасеалагічных праблем маст. творчасці (Ю.А.Гусеў), тэорыі і метадалогіі гуманіт. пазнання (Т.М.Тузава), дыялектыкі кіравання і ролі навук. ведаў у кіраванні грамадскімі працэсамі (Я.А.Крыштаповіч, А.А.Лазарэвіч, С.А.Яцкевіч), метадаў даследавання складаных прыродных сістэм (П.А.Вадап’янаў, Т.А.Гаралевіч, П.Ф.Ракіцкі, М.В.Турбін), дыялектыкі суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў чалавечай дзейнасці (М.Ф.Печанко, С.А.Радзько) і інш. Вынікі даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў калект. манаграфіях «Заканамернасці развіцця і метады пазнання сучаснай навукі» (1978), «Метадалагічныя аспекты навуковага пазнання і сацыяльнага дзеяння» (1985), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), кнігах «Дыялектыка пазнання і катэгорыя субстанцыі» Дз.І.Шыраканава (1974), «Сацыяльна-светапоглядныя асновы навуковага пазнання» Р.А.Смірновай (1984), «Навуковы метад (структура, абгрунтаванне, развіццё)» У.К.Лукашэвіча (1991), «Філасофія прыродазнаўства: Сав. і постсав. перыяды» Т.А.Гаралевіч (1996), «Гнасеолага-метадалагічныя асновы навукова-даследчай дзейнасці» У.М.Крукава (2003), у працах К.А.Аляксеевай, І.І.Жбанковай, Г.С.Славінскага, А.У.Самускевіча, А.П.Трафіменкі, В.І.Паўлюкевіча і інш.
У апошнія гады на Беларусі атрымаў развіццё новы філас. кірунак — даследаванні ў галіне сістэмалогіі як навукі аб заканамернасцях эвалюцыі, формах і спосабах станаўлення цэласнасці, структурнай гармоніі сістэм, кіраванні развіццём складаных сац.-эканам. і сацыяпрыродных сістэм. Вывучаюцца пытанні новага сац.-камунікатыўнага, інтэлектуальна-тэхнал., духоўна.-культ. і індывід.псіхал. ўзроўню арганізацыі быцця ў інфармацыйным грамадстве, праблемы самаарганізацыі ў прыродных і сац. сістэмах, інтэгратыўных працэсах стварэння новых якасцей з апорай на такую філас.-светапоглядную і метадалагічную базу, як сінергетыка (Э.М.Сарока, Ю.А.Харын, А.А.Лазарэвіч, Р.А.Жэбіт).
Сацыяльная філасофія. У 1920—80-я г. развівалася ў межах гіст. матэрыялізму. Бел. філосафы даследавалі дыялектыку прадукц. сіл і вытворчых адносін, ролю нар. мас і асобы ў гісторыі, прапагандавалі ідэю саюзу рабочага класа і сялянства, ленінскае вучэнне аб дзяржаве і дыктатуры пралетарыяту. У пасляваенныя гады вывучаліся характар супярэчнасцей пры сацыялізме, рухальныя сілы сав. грамадства, заканамернасці сацыяліст. будаўніцтва, праблемы развіцця міжнар. рэвалюцыйнага руху (М.Р.Круцько, В.М.Панкратаў, А.Ф.Яцкевіч), пытанні сцірання адрозненняў паміж разумовай і фіз. працай, сац. актыўнасці моладзі, ролі калектыву ў камуніст. выхаванні, інтэрнац. выхавання (Р.П.Платонаў, Т.П.Багданава і інш.), крытыкі зах.філас.-сацыялагічных канцэпцый (У.М.Сікорскі, Г.П.Давідзюк, І.І.Антановіч). Распрацоўваліся пытанні комплекснага падыходу да выхавання, вольнага часу, сямейных адносін (Л.А.Гуцаленка, С.В.Кузьмін, У.Н.Семянькоў, А.А.Тырын), духоўнай культуры і ладу жыцця (Я.М.Бабосаў, І.Я.Жыбуль, У.М.Калмыкоў), маральнага і ідэйна-паліт. выхавання (С.П.Вінакурава, У.У.Каклюхін, С.Ф.Дубянецкі, К.А.Баркоўская, В.М.Мамінаў), узаемадзеяння грамадскіх і асабістых інтарэсаў (А.Дз.Гусеў, В.І.Русецкая, А.А.Тырын).
Прадметам паглыбленага філас. аналізу сталі праблемы прычыннасці сац. дзеяння, сутнасці, механізмаў і форм праяўлення сац. практыкі (М.В.Рабаконь, Ю.А.Харын, А.І.Лойка, В.П.Старжынская), сац. дыялектыкі і сац. сінергіі (А.А.Бародзіч, М.А.Мажэйка), універсалізацыі, гуманізацыі і перспектыў сац. прагрэсу, супярэчлівага адзінства працэсаў глабалізацыі і рэгіяналізацыі (І.І.Антановіч, Ч.С.Кірвель, В.М.Новікаў), новых тэхналогій як фактару сац. дынамікі (М.К.Буслава, С.А.Яцкевіч), сац. заканамернасцей ва ўмовах сучасных трансфармацыйных працэсаў (А.А.Бародзіч, В.П.Карпінскі, Ч.С.Кірвель, Л.Л.Мельнікава, А.А.Раманаў). Вывучаюцца філас. і спец.-навук. аспекты праблемы свядомасці, узаемасувязі рацыянальнасці і свядомасці (Е.А.Аляксеева, М.І.Жукаў), дынамікі фарміравання навук. светапогляду, рэліг. свядомасці (Д.І.Савасцеева, М.Ц.Аўсіевіч, Л.Я.Землякоў, П.М.Савасцёнак, А.А.Цітавец), феномены сучаснай масавай свядомасці і масавых паводзін, сац. міфаў (Т.М.Алпеева, Ч.С.Кірвель, А.У.Рубанаў).
У ліку прыярытэтнага кірунку н.-д. дзейнасці бел. філосафаў стала даследаванне праблем нац. адносін, развіцця нац. традыцый і культуры, фарміравання нац. самасвядомасці, патрыятызму, адаптацыі чалавека ва ўмовах пераходнага перыяду развіцця грамадства (В.І.Боўш, А.І.Галаўнёў, А.І.Зелянкоў, У.М.Конан, І.І.Сярова, А.І.Осіпаў, С.Ф.Дубянецкі, С.А.Яцкевіч), узаемадзеяння патрэбнасцей асобы з сацыякульт. асяроддзем і сістэмай выхавання (Р.В.Грабеннікаў, В.І.Русецкая). Арганізавана комплекснае вывучэнне пытанняў станаўлення бел. дзяржаўнасці ў кантэксце сучаснага цывілізацыйнага і чалавечага развіцця (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.С.Майхровіч, У.А.Мельнік, Я.С.Яцкевіч і інш.). Апубл. фундаментальныя навук. працы: «Прырода сацыяльнай рэальнасці. Быццё і пазнанне» Р.А.Смірновай (1992), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры»: праблема сацыяльнага функцыянавання Т.І.Адулы (1992), «Новыя тэхналогіі як фактар сацыяльнай дынамікі» М.К.Буславай (1996), «Сацыяльны прагрэс і перспектывы чалавецтва» В.М.Новікава (1999), «Ідэалогія. Сутнасць, прызначэнне, магчымасці» А.С.Майхровіча (2003) і інш.
Філасофскія праблемы чалавека. Фундаментальныя асновы філас. антрапалогіі на Беларусі былі закладзены ў 1930-я г. (С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын). У пасляваенныя, і асабліва ў 1970—80-я г. даследаваліся логіка-метадалагічны (Дз.І.Шыраканаў), гісторыка-філас. (А.С.Майхровіч), сацыялагічны (К.П.Буслаў, Я.М.Бабосаў) і культуралагічны (Т.І.Адула, А.І.Галаўнёў, У.М.Конан) аспекты вывучэння чалавека. З 1990-х г. распрацоўваецца дыялектыка ўзаемадзеяння знешнебыційных і ўнутранапсіхал. фактараў духоўнага жыцця чалавека, вывучаюцца пытанні сістэмнага характару і канкрэтна-гіст. спецыфікі развіцця чалавека ў сучасных умовах, сац.-філас. і прыродазнаўча-навук. аспекты існавання чалавечага роду ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі (Т.І.Адула, А.А.Домжа, Л.Я.Крыштаповіч, А.С.Майхровіч, В.А.Паўлоўская). Выдадзена калект. манаграфія «Чалавек: філасофскія аспекты свядомасці і дзейнасці» (1989), кн. «Пошук ісціннага быцця і чалавека: 3 гісторыі філасофіі і культуры Беларусі» А.С.Майхровіча (1992), «Прырода і сутнасць чалавека» Б.С.Трыбулева (1999) і інш.
Сацыяльная экалогія. Даследаванні вядуцца з пач. 1980-х г. з улікам агульнай экалаг. сітуацыі ў Беларусі, неабходнасці выпрацоўкі пэўнай метадалогіі дзейнасці, асэнсавання стратэгіі экалаг. адукацыі і выжывання, фарміравання экалаг. свядомасці, светапогляду і культуры. Вывучаюцца актуальныя праблемы аптымізацыі адносін грамадства і прыроды, дынамікі экалагічных патрэбнасцей і механізму фарміравання экалагічных каштоўнасцей сучаснага чалавека на аснове аналізу ўплыву сацыяпрыродных і сацыяпсіхал. фактараў на свядомасць асобы (П.А.Вадап’янаў, А.І.Зелянкоў, І.Я.Жыбуль, Н.Е.Захарава, Н.А.Лазарэвіч, С.П.Анупрыенка). Даследуюцца пытанні якасці жыцця сям’і на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі, ролі аздараўленчых мерапрыемстваў сярод насельніцтва, выхавання экалаг. свядомасці, узаемасувязі дэмаграфічнага развіцця са змяненнем сац.-экалагічнага асяроддзя (В.І.Галь, Н.І.Снытко), перспектывы станаўлення духоўна-экалаг. цывілізацыі (Ч.С.Кірвель). Вынікі даследаванняў эколага-сац. праблем прадстаўлены ў калект. манаграфіях «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця» (1997), «Беларусь: сацыяльна-экалагічныя праблемы» (1999), «Экалогія і сацыяльнае развіццё» (2001) і інш.
У 1990 — пач. 2000-х г.выдадзенынавуч. дапаможнікі, курсы лекцый, вучэбна-метадычныя комплексы, тэсты па філасофіі, аўтарамі якіх з’яўляюцца вучоныя-філосафы В.Л.Акулаў, Р.І.Бліхароў, Е.З.Волчак, А.І.Зелянкоў, Н.К.Кісель, І.А.Мядзведзева, Е.І.Янчук, У.Ф.Беркаў, У.М.Калмыкоў, М.І.Мартынаў, Л.Г.Краўчанка, С.А.Кісялёва, В.І.Чуяшоў, І.І.Таркан і інш. Апублікаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі пад рэд. М.І.Жукава, У.К.Лукашэвіча, Ю.А. Харына, А.С.Цернавога і інш. Выйшлі з друку «Найноўшы філасофскі слоўнік» (1999) і «Сусветная энцыклапедыя. Філасофія» (2001) пад рэд. А.А.Грыцанава.
Літ.:
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА
Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.Бабіча і Б.Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.
З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.Валовіч, Р.Хадкевіч, К.Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.К.Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр.ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.Будны, М.Кавячынскі і Л.Крышкоўскі пры падтрымцы М.Радзівіла Чорнага і А.Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.Фёдараў і П.Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.Будны, Д.Лянчыцкі, пазней Я.Карцан, Ф.Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.
З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.Карповіча, М.Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.Собаля і І.Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.
У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.Радзівіл і мітрапаліт Ц.Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.
У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.
У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.
У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл.табл. 1).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.
Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.Стафановіч (22 выд.), Ё.Дворац (22 выд.), А.Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.Падземскага (102 выд.), Ш.Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.
2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).
У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (у пер.
А.Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.Крашэўскага, К.Вярыгі-Дарэўскай, Б.Адамовіча, Ю.Вяжбіцкага, М.Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел.сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.
З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш.Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, пераклад паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, К.Каганца, З.Бядулі, У.Галубка, А.Чэхава, М.Крапіўніцкага, Э.Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.Коласа, «Вянок» М.Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.Гушчы (Я.Коласа), «Рунь» М.Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.Купалы, апавяданні Я.Коласа і У.Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр.выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.
Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.Клецкіна, В.Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.
У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел.нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц.парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР створана Дзярж.выд-ваБССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л.маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел.маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж.выд-ваБССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел.дзярж.выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж.выд-ваБССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ваАНБССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж.выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ваЦККП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.Купалы («Спадчына»), С.Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.Коласа («Казкі жыцця»), Ц.Гартнага («Сокі цаліны»), М.Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНКБССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.І.Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс.экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.
Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-вабел. школы, У.Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.Жылкі, «Мая ліра» К.Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.Васілька (выданне Н.Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.Танка (выданне Ф.Стацкевіча і Р.Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.Абах, Е.Аўсянік, В.Кулікоў, Л.Лясная, А.Міхайлаў, Я.Мрамараў, В.Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп.газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж.выд-ваБССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Дарога вайны» П.Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦККП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс.экз. лістовак і брашур.
Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ваАН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ваБДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМБССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.
За перыяд з 1918 па 1990 бел.дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел.маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.Чорнага, М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Мележа, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Куляшова, У.Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш.Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).
Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс.экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс.экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс.экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс.экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс.экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл.табл. 2).
1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.
Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).
На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс.экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс.экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс.экз. (гл.табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс.экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс.экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).
Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс.экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс.экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс.экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).
Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс.экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс.экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс.экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс.экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).
Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.
Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.
З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.
Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.
Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).
У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.
Літ.:
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90
16 637
12 806
Табліца 3 Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады
Дзярж. выдавецтвы
Недзярж. выдавецтвы
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
1991
1041
37 483
—
—
1391
15 427
1992
1013
35 427
254
34 728
1097
1785
1993
917
35 849
749
60 650
1260
1851
1994
835
29 076
1043
50 562
1468
968
1995
654
19 552
1459
42 422
1092
886
1996
523
11 405
1913
46 682
1373
987
1997
691
11 223
3013
55 296
1627
1113
1998
816
13 007
2973
45 298
2284
1717
1999
665
8959
3272
52 764
2127
1582
2000
722
9753
4379
48 333
2585
3541
2001
741
10 178
4769
42 085
2434
2742
2002
569
6998
4737
35 429
2447
1825
2003
527
4513
5713
41 579
2908
2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.Скарыны. Прага 1517.«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.Кухты. 1912.Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. 2000-я г.Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа». Мінск.Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛОГІЯ
Асноўныя кампаненты сацыялагічных ведаў на Беларусі закладваліся ў 19 ст. ў творах Ф.Багушэвіча, К.Каліноўскага, А.Пашкевіч (Цёткі) і інш. У 1921 у БДУ створана кафедра сацыялогіі і першабытнай культуры, якую ўзначальваў С.З.Кацэнбоген. З заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і наступным пераўтварэннем яго ў Бел.АН (1929) сацыялагічныя даследаванні набылі большую маштабнасць і глыбіню. Даследаваліся праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця бел. нацыі, адукацыі, культуры (М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Іваноўскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, С.М.Васілейскі, С.Я.Вальфсон і інш.). Быў назапашаны каштоўны вопыт арганізацыі і правядзення эмпірычных сацыялаг. даследаванняў, тэарэт. асэнсавання іх вынікаў, падрыхтоўкі нац. кадраў сацыёлагаў. У канцы 1930-х г. сацыялогія была абвешчана шкоднай бурж. плынню, а многія яе прадстаўнікі разам з інш. навукоўцамі і дзеячамі культуры рэпрэсіраваны. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця сацыялаг. навукі ў Беларусі. У 1965 створаны грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў пры ЦККПБ (дырэктар А.Дз.Малочка), які выконваў функцыі рэсп.навук. цэнтра па каардынацыі такіх даследаванняў. У 1967 грамадскі ін-т скасаваны, а яго функцыі перададзены Праблемнай н.-д. лабараторыі сацыялаг. даследаванняў БДУ. У 1970 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі арганізаваны сектар, а потым аддзел сац. даследаванняў. У 1974 пры кафедры філасофіі гуманіт. ф-таў БДУ створаны сектар прыкладной сацыялогіі. У 1960—70-я г. сацыялаг. групы функцыянавалі ва ўсіх вядучых ВНУ і рэгіёнах Беларусі, пачалі фарміравацца галіновыя кірункі сацыялогіі (працы, сям’і, адукацыі, рэлігіі, асобы, моладзі, дэвіянтных паводзін). Апублікаваны падрыхтаваныя Г.П.Давідзюком падручнікі для ВНУ «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). У 1977 у БДУ адбыўся 1-ы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі. Атрымала развіццё заводская сацыялогія (І.І.Голуб, Л.М.Злотнікава, М.Н.Камінскі, А.П Корбут, Э.І.Скорабагаты, М.Н Тухто, К.В.Шульга і інш.). Абагульняльныя вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў кнігах «Сацыяльнае планаванне ў першасным калектыве» І.Я.Пісарэнкі (1973), «Вытворчы калектыў: праца, асяроддзе, выхаванне» У.Н.Семянькова (1975), «Новае ў распрацоўцы комплексных планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця працоўных калектываў» К.Л.Патаенкі (1978), калект. манаграфіі «Устойлівасць і развіццё вытворчага калектыву» (1975). У 1984 выйшаў «Слоўнік прыкладной сацыялогіі», які быў у 1991 перавыдадзены ў дапоўненым выглядзе пад назвай «Сацыялагічны слоўнік» У 1989 адкрыты аддзяленне і кафедра сацыялогіі БДУ (заг. кафедры А.М.Елсукоў). У АН Беларусі арганізаваны Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў, на базе якога ў 1990 створаны Ін-т сацыялогіі АН Беларусі (дырэктар-арганізатар Я.М.Бабосаў). Ін-т стаў галаўной арганізацыяй па дзярж. праграме фундаментальных даследаванняў «Дынаміка сацыяльных працэсаў ва ўмовах дзярж. незалежнасці Беларусі: сацыялагічны аналіз і прагназіраванне». У 1996 засн. Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ (кіраўнік Д.Г.Ротман). Выдадзены падручнікі і навуч. дапаможнікі: «Гісторыя сацыялогіі» (1993, 1997), «Прыкладная сацыялогія» (2000) і «Агульная сацыялогія» (2002) Я.М.Бабосава, «Эканамічная сацыялогія» (2000) і «Сацыялогія працы» (2002) Г.М.Сакаловай, «Сацыялогія» (2002, пад рэд. А.М.Елсукова).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. даследаваліся праблемы сац. трансфармацый бел. грамадства, каштоўнасных арыентацый і паліт. актыўнасці розных сац. груп насельніцтва, стратыфікацыі і дэмаграфічных характарыстык пераходнага грамадства пад уздзеяннем сац., эканам., сац.-псіхал. фактараў (І.І.Антановіч, А.М.Данілаў, А.Г.Злотнікаў, Т.М.Кучынскі, М.Е.Ліхачоў, А.Б.Міскевіч, А.А.Ракаў, В.І.Русецкая, В.І.Секун, Л.П.Шахоцька і інш.). Праблематыка эканам. сацыялогіі і сацыялогіі працы ўсё больш узаемадзейнічае з пытаннямі сац. экалогіі, сацыялогіі катастроф і экстрэмальных сітуацый, пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.М.Бабосаў, П.А.Вадап’янаў, А.П.Лімарэнка, У.А.Палікарпаў, С.В.Сівуха і інш.). Актуальныя праблемы сацыялогіі сям’і, дэмаграфіі, гендэрнай сацыялогіі даследуюць Ю.М.Бубнаў, С.Н.Бурава, А.К.Воднева, С.Д.Лапцёнак, М.М.Урбан, Л.Р.Цітарэнка, З.М.Юк і інш. Распрацоўваюцца пытанні функцыянавання навукі ў кантэксце глабальных сац. і сацыякульт. змен, развіцця новай інавацыйнай сістэмы, стварэння рынку новых тэхналогій, маніторынгу міграцыі навук. кадраў краіны (М.І.Арцюхін, І.Ф.Багданава, В.Я.Качаргін, Г.А.Несвятайлаў, А.А.Шчэрскі, І.М.Шарый, В.К.Шчэрбін). Сацыёлагі І.М.Андрэева, Т.Н.Гацукевіч, У.А.Дунаеў, Д.Г.Ротман, В.А.Кліменка, А.І.Ляўко, Л.Р.Новікава і інш. вывучаюць актуальныя праблемы вышэйшай школы, эвалюцыі нац. сістэмы адукацыі, яе сац.-культ. асаблівасці. Сістэмныя даследаванні праводзяцца па пытаннях сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях, узаемасувязі са станаўленнем спецыфічна бел. менталітэту і нац. самасвядомасці (Э.К.Дарашэвіч, А.М.Елсукоў, П.Г.Ігнатовіч, С.В.Лапіна і інш.), міжнац. адносін ва ўмовах станаўлення суверэнітэту краіны, рэгіянальнай палітыкі, развіцця мясц. самакіравання (Я.М.Бабосаў, А.Я.Кучко, Л.І.Навуменка, В.І.Русецкая, В.А.Сімховіч, П.П.Украінец і інш.), электаральных паводзін розных груп насельніцтва (Д.Г.Ротман, А.П.Вардамацкі, Я.І.Дзмітрыеў, І.В.Катляроў, Л.Н.Міхейчыкаў, Р.А.Смірнова, Г.М.Явелькін і інш.). Паказчыкам высокага ўзроўню развіцця сацыялаг. навукі на Беларусі сталі выданне навук.-тэарэт.час. «Сацыялогія» (з 1997), першай айч. «Сацыялагічнай энцыклапедыі» (пад рэд. А.М.Данілава; 2003) і энцыклапедыі «Сацыялогія» (складальнік і гал. рэдактар А.А.Грыцанаў; 2003).
Літ.:
Антонович И.И. Буржуазная социологическая теория. Ч. 1—2. Мн., 1980—81;
Шавель С.А. Социальная сфера и личность. Мн., 1988;
Методологические основы социологии. Социология как наука Мн., 1992;
Бабосов Е.М. Катастрофы: Социол. анализ. М., 1995;
Яго ж. Социально-стратификационная панорама современной Беларуси. Мн., 2002;
Лапина С.В. Социологическое познание. Мн., 1998;
Данилов А.Н. Переходное общество: Проблемы систем. трансформации. 2 изд. Мн., 1998;
Яго ж. Социология власти: теория и практика глобализма. Мн., 2001;
Оперативные социологические исследования: методика и опыт организации. Мн., 2001;
Бабосов Е.М. Социально-стратификационная панорама современной партии. Мн., 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСЛЕДАВАННІ ПА ЎСЕАГУЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ
На Беларусі вывучэнне асобных праблем сусветнай гісторыі пачалі ў 18 ст. выпускнікі Віленскага ун-та — ураджэнцы Беларусі. Адным з заснавальнікаў антыказнаўства ў Пецярбургу і Маскве быў М.С.Кутарга; у галіне антыказнаўства і медыявістыкі працавалі Дз.І.Азарэвіч, І.Анацэвіч, А.Здановіч, В.Макавельскі, А.Нарушэвіч; арыенталістыкі — І.А.Гашкевіч, В.М.Кавалеўскі, В.І.Сянкоўскі, Б.А.Тураеў. У пач. 20 ст. М.К.Судзілоўскі звяртаўся да аналізу праблемы міжцывілізацыйнага ўзаемадзеяння. З 1920-х г. цэнтрамі вывучэння праблем усеагульнай гісторыі сталі БДУ, АН Беларусі, Мінскі пед.ін-т. На кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 кафедра гісторыі стараж. свету) вяліся даследаванні па арыенталістыцы, антыказнаўстве і медыявістыцы. Заснавальнікам бел.навук. школ стараж. арыенталістыкі і вывучэння антычнага хрысціянства быў М.М.Нікольскі. Даследаванне гісторыі стараж. свету і антычных дзяржаў прадоўжылі Г.І.Даўгяла, І.А.Еўтухоў, М.С.Корзун, Г.М.Ліўшыц, Р.А.Нікольская, Ф.М.Нячай, А.В.Перзашкевіч, У.М.Перцаў, А.А.Прохараў, К.А.Равяка, В.І.Ханкевіч і інш.
Даследаванні па медыявістыцы вялі Перцаў (гісторыя прусаў) і Ліўшыц (гісторыя каталіцкай царквы, Рэфармацыя і вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе). Сярэдневякоўе Чэхіі вывучалі Н.А.Гусакова і А.М.Ясінскі, міжнар. адносіны ў Еўропе ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін і А.Б.Кузняцоў. Сучасная бел. медыявістыка вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалагічных падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Я.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю антычнага хрысціянства — В.А.Фядосік, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна.
З 1937 у БДУ існуе кафедра новай і навейшай гісторыі. Перцаў вывучаў праблемы гісторыі новага і навейшага часу Прусіі, Вял.франц. рэвалюцыі, эканам. гісторыі Англіі 19 ст. У міжваенны перыяд бел. вучоныя займаліся пытаннямі паходжання і сутнасці фашызму (С.Я.Вальфсон, Н.М.Канаплін), гісторыі герм. сацыял-дэмакратыі (Е.І.Рыўлін). Пасля вайны гэта кафедра стала вядучым цэнтрам навук. даследаванняў і падрыхтоўкі кадраў адпаведнага профілю. Новая і навейшая гісторыя замежных краін вывучаецца таксама на інш.гіст. кафедрах пед. ін-таў і ун-таў, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Адным з гал. кірункаў даследаванняў стала вывучэнне міжнар. адносін у 19—20 ст. Уклад у вывучэнне знешняй і ўнутр. палітыкі еўрап. і амерыканскіх дзяржаў гэтага часу зрабілі А.М.Байчораў, Г.Г.
Бойчанка, А.Д.Гусеў, Э.А.Калініна, Д.С.Клімоўскі, А.С.Кляўчэня, М.Р.Круцько, Н.Г.Лабаценка, А.М.Малашка, С.А.Малевіч, Н.А.Міхайлідзіс, М.П.Палетыка, І.Л.Пятровіч, У.М.Сікорскі, А.Ф.Смірноў, В.П.Сярэбранікаў, Р.М.Трухноў, В.П.Увараў, Р.А.Чыкалаў, Г.Ф.Шмыгаў, Л.М.Шнеерсон і інш. З 1960-х г. вывучалася і ўсходазнаўчая праблематыка новага і навейшага часу (В.К.Дашкевіч, У.С.Кошалеў і інш.).
У 1970—80-я г. важным кірункам заставаліся даследаванні навейшай гісторыі Германіі (М.Г.Елісееў, В.А.Космач, Г.А.Космач, Р.Р.Лазько, У.Е.Снапкоўскі, М.С.Стралец, І.Р.Чыкалава, А.В.Шарапа, П.А.Шупляк і інш.). У 1980-я г.бел. гісторыкі даследавалі камуністычны і дэмакратычны рух, знешнюю палітыку краін Лацінскай Амерыкі (А.А.Чалядзінскі), праблемы раззбраення, ідэалагічнай барацьбы і міжнар. бяспекі (Л.Н.Анісімаў, В.К.Мазураў, А.А.Разанаў).
Гісторыю славянскіх краін і народаў, у т. л. гісторыю Расіі, у 1920—80-я г. даследавалі Д.Б.Мельцэр, У.І.Пічэта, А.П.П’янкоў, А.А.Савіч, Ясінскі і інш.
Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўнесены істотныя змены ў паняцце і змест тэрміна «ўсеагульная гісторыя», што запатрабавала перагляду тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да асэнсавання і даследавання розных праблем усеаг. гісторыі. Да праблематыкі ўсеаг. гісторыі адышла гісторыя народаў б.СССР, якая раней уваходзіла ў спецыяльнасць «гісторыя СССР». У 1998 на гіст. факультэце БДУ створана кафедра гісторыі Расіі, якая ўвабрала праблематыку рас., сав. і ўкр. гісторыі, Гіст.-славістычныя даследаванні ажыццяўляюцца на кафедры гісторыі паўд. і зах. славян БДУ і ў інш. навучальных і навук. установах Беларусі. Гісторыяй краін Цэнтр. і Усх. Еўропы займаюцца В.А.Аляшкевіч, В.І.Бобышаў, В.В.Брыгадзіна, Л.В.Лойка, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, В.А.Сімакова, Н.А.Царук, В.М.Цемушаў, С.М.Цемушаў, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш.
З пач. 1990-х г. больш актыўна вядуцца даследаванні міжнар. адносін на кафедры гісторыі міжнар. адносін факультэта міжнар. адносін (створана ў 1992) і ў Цэнтры міжнар. даследаванняў (створаны ў 2000) БДУ, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, дзе ў 2001 створаны аддзел усеаг. гісторыі новага і навейшага часу, Ін-це сац.-паліт. даследаванняў і Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інш. ун-тах і недзярж. даследчых цэнтрах краіны (Н.Я.Аблава, А.А.Гардзейчык, А.А.Дастанка, А.М.
Космач, Кошалеў, Ю.І.Малевіч, Разанаў, А.В.Русакевіч, Снапкоўскі, У.В.Фральцоў, Л.М.Хухлындзіна, А.В.Ціхаміраў, Чалядзінскі, В.Г.Шадурскі, Шарапа і інш.).
Пытанні бел. гістарыяграфіі ўсеаг. гісторыі даследавалі В.А.Астрога, А.В.Гурын, Клімоўскі, Кошалеў, Мельцэр, Нікольскі, Нячай, Перцаў, Равяка, Снапкоўскі, Трухноў, У.Я.Улаховіч, Шнеерсон, рас. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. — А.М.Нечухрын, германскай гістарыяграфіі 2-й сусв. вайны — С.Я.Новікаў, англа-амерыканскай гістарыяграфіі паліт. сістэмы СССР — В.І.Манькоўскі, гістарыяграфіі ЗША аб эвалюцыі міжнар. адносін пасля «халоднай вайны» — С.Ф.Свілас, метадалогіі гіст. даследаванняў — Нечухрын і У.Н.Сідарцоў. У 1990-я г.выдадзены першыя бел. школьныя падручнікі па гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў, па сусветнай гісторыі новага і навейшага часу, падручнікі БДУ па гісторыі стараж. Усходу і сярэдніх вякоў, навучальныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі Еўропы і Амерыкі і навейшага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
Эканам. гісторыя Беларусі вывучаецца на аснове разнастайных па форме, змесце і па дакладнасці інфармацыі гіст. крыніцах. Гэта помнікі археалогіі і матэрыяльнай культуры, пісьмовыя крыніцы (летапісы, хронікі, граматы, статуты, судзебнікі, акты заканад. і выканаўчых органаў улады і інш.), розныя гасп. дакументы (інвентары маёнткаў, рэвізіі і інш.). Асобны тып дакументаў — комплекс эканоміка-геагр. і статыст. апісанняў 16—20 ст., працы Вольнага эканам.т-ва (1766—1915), Пецярбургскай археаграфічнай камісіі (1846—92), матэрыялы губернскіх ведамасцей, зборнікі гіст. дакументаў аб гасп. і эканам. жыцці, мемуарная л-ра (Ф.Еўлашоўскі, А.Філіповіч, Ф.Міркавіч, І.Сямашка і інш.), творы бел. мысліцеляў і асветнікаў Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, М.Багдановіча, Я.Коласа, М.Гарэцкага і інш. Першымі прафес. гісторыкамі, якія даследавалі праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі, былі прафесары Віленскага ун-та І.С.Анацэвіч, М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Ф.Я.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч і інш.
Асновы эканам. гісторыі Беларусі як навукі распрацаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У сваіх працах «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII ст.» (1891), «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах» (1901), «Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI—XVIII стст.» (1927), «Народная гаспадарка Беларусі. 1861—1914» (1926) ён адзін з першых звярнуў увагу на выгаднае геагр. размяшчэнне тэр. і спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы Беларусі, дзякуючы чаму яе насельніцтва актыўна ўступала ў гандл. і эканам. сувязі з інш. народамі і краінамі. У.І.Пічэта ў працы «Аграрная рэформа Сігізмунда Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1917) на падставе багатага фактычнага матэрыялу разгледзеў пытанні, звязаныя з развіццём сельскай гаспадаркі, станаўленнем новай сістэмы земляробства і яе эфектыўнасцю. Гісторыя гарадоў, мястэчак і вёсак, развіцця рамяства, гандлю і культуры розных рэгіёнаў Беларусі раскрыта ў працах М.В.Без-Карніловіча, Д.А.Дудкова, Ф.В.Кліменкі, К.І.Кернажыцкага, В.К.Стукаліча, П.М.Шпілеўскага.
Выкладанне эканам. гісторыі Беларусі пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем Бел. ін-та нар. гаспадаркі (1933) уведзены і курс эканам. гісторыі, у 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму. У якасці дадатковай л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Даследаваліся праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі (В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч). У 1988 асобная секцыя эканам. гісторыі Беларусі створана ў складзе кафедры размяшчэння прадукц. сіл. На большасці ф-таў вывучалася «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін», а таксама спец. курс «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі».
Спец. навук. даследаванні праводзіліся ў Ін-це эканомікі АН Беларусі (засн. ў 1931), дзе ў 1959—81 існаваў сектар эканам. гісторыі. Выдадзеная ў 1937 кніга М.Р.Матусевіча і С.М.Малініна «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» стала першай спецыялізаванай навук. працай у галіне эканам. гісторыі Беларусі. У 1963 выдадзена кн. «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму. 1900—17», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Гіяргідзе, В.А.Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1991 адноўлена кафедра эканам. гісторыі Беларусі ў Бел.эканам. ун-це. Былі падрыхтаваны і выдадзенынавуч. дапаможнікі «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—92 гг.» (1992), «Эканамічная гісторыя Беларусі» (1993, перавыдадзена ў 1996, 1999, 2001), якая ахоплівае перыяд са стараж. часоў да сучаснасці. У 2004 апублікавана 3-е, дапоўненае выданне гэтага дапаможніка на рус. мове. У Бел.эканам. ун-це распрацавана праграма параўнальнага вывучэння эканам. гісторыі Беларусі і замежных краін, створаны шэраг аўтарскіх дапаможнікаў па спец. праблемах, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі» (вып. 1—2, 1994—97), калект. праца «Эканамічная гісторыя замежных краін» (3-е выд., 2002). Каштоўныя матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі Беларусі ў манаграфіях М.І.Біча, М.А.Бяспалай, В.Ф.Голубева, Э.М.Загарульскага, А.П.Ігнаценкі, П.А.Лойкі, Ф.С.Марцінкевіча, І.Я.Марчанкі, А.М.Сарокіна, В.У.Чапко, К.І.Шабуні, З.В.Шыбекі і інш. Вынікам шматгадовай навук.-даследчай працы вялікага калектыву гісторыкаў, эканамістаў і інш. вучоных стала выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у якой шырока прадстаўлены матэрыялы аб сац.-эканам. развіцці Беларусі, стане яе эканомікі, навукі, тэхнікі на розных этапах гісторыі. У 2002 у Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Навук. даследаванні па эканам. гісторыі Беларусі праводзяцца ў цеснай сувязі з асэнсаваннем катэгорый рыначнай эканомікі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца краіны ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння яе эфектыўнасці, экалагічнай бяспекі, сац.-эканам. салідарнасці бел. грамадства.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. Мн., 1966;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994;
Гісторыя беларускага сялянства. Т. 1. Мн., 1997;
Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1922—23). Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—90-я гг.). Мн., 1999;
Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. М., 2001;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСКАЯ РЭФО́РМА 1861,
якой скасавана прыгоннае права ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Абумоўлена крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і развіццём капіталіст. адносін, паскорана паражэннем Расіі ў Крымскай вайне 1853—56 і ўздымам рэв., найперш сял. руху.
У студз. 1857 створаны Сакрэтны к-т на чале з царом; у пач. 1858 рэарганізаваны ў Гал.к-т па сял. справе для выпрацоўкі плана паступовага вызвалення сялян. Урад ініцыіраваў прапанову памеснага дваранства літ. і зах.-бел. губерняў аб беззямельным вызваленні панскіх сялян. Паводле рэскрыптаў Аляксандра II 1857 створаны дваранскія губ. к-ты па падрыхтоўцы праектаў рэформы, матэрыялы якіх у 1859—60 разгледжаны ў Рэдакцыйных камісіях. 3.3.1861 Аляксандр II падпісаў «Маніфест» і «Палажэнні аб сялянах, што выйшлі з прыгоннай залежнасці». У выніку сяляне атрымалі асабістую волю і права свабодна распараджацца сваёй маёмасцю. Памешчыкі захоўвалі за сабой землі маёнткаў, пры ўмове захавання ў пастаянным карыстанні сялян іх сядзіб і палявых надзелаў за адпаведныя павіннасці — паншчыну ці аброк. Памеры надзелаў і павіннасцей фіксаваліся ва ўстаўных граматах, складанне якіх даручалася памешчыкам, іх праверка, зацвярджэнне і ўвядзенне ў дзеянне — міравым пасрэднікам. Сяляне атрымалі права выкупу сядзібы і, пры згодзе памешчыка, — палявых угоддзяў. Да ажыццяўлення гэтага яны наз.часоваабавязанымі сялянамі. Выкупны кошт надзелу вызначаўся аброкам, капіталізаваным з 6% гадавых. Т.ч. сяляне фактычна выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую волю (гл.Выкупная аперацыя). Дваровыя людзі атрымалі асабістую волю, але вызваляліся без зямлі і на працягу 2 гадоў заставаліся ў феад. залежнасці ад паноў. Вызначаліся структура, правы і абавязкі органаў сял. грамадскага кіравання (сельскага, валаснога) і валаснога суда. У 4 «мясцовых палажэннях» вызначаліся памеры зямельных надзелаў і павіннасцей сялян за карыстанне імі ў 44 губернях еўрап.ч. Расіі. Паводле «Мясц. палажэння» для 35 рус., усх.-бел. і паўд.-ўкр. губерняў, у нечарназёмных рэгіёнах вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 3 да 7 дзес., ніжэйшы — 1/3 вышэйшага; у чарназёмных — вышэйшы надзел ад 2,75 дзес., ніжэйшы — 1,2 дзес.; у стэпавых рэгіёнах уводзіўся адзіны «ўказальны» надзел; ад 6 да 12 дзес. у рус. губернях і ад 3 да 6,5 дзес. ў паўд.-ўкр. на рэвізскую душу. Калі дарэформенны сял. надзел быў большы за вышэйшы або калі ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 зямлі маёнтка, зямля адразалася на яго карысць. Надзелы маглі памяншацца і паводле спец. пагаднення сялян з памешчыкамі ці пры атрыманні імі даравальнага надзелу. Калі надзел селяніна быў меншы за ніжэйшы памер, памешчык прыразаў яму зямлю або памяншаў павіннасці. За вышэйшы душавы надзел вызначаўся аброк ад 8 да 12 руб. у год ці паншчына — 40 мужчынскіх і 30 жан. рабочых дзён у год. Калі надзел быў меншы за вышэйшы, павіннасці памяншаліся.
На Беларусі С.р. праводзілася на падставе «Агульнага палажэння» і 2 «Мясц. палажэнняў». На 8 бел.-рус. паветаў Віцебскай і Магілёўскую губ. пашыралася разгледжанае вышэй «Мясц. палажэнне». Вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 4 да 5,5, ніжэйшы — 1,3—1,8 дзесяціны. На У Беларусі, як і ў рус. і паўд.-ўкр. губернях, дарэформенны сял. надзел мог быць паменшаны. За вышэйшы надзел аброк складаў 8 руб. у год. «Мясц. палажэнне» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. замацоўвала за сялянамі землі, што былі ў іх пастаянным карыстанні напярэдадні рэформы. Сял. надзел абразаўся, калі ён быў большы за інвентарны або калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 прыдатнай зямлі. Вызначаліся максімальныя памеры аброку — 3 руб. з дзесяціны палявога надзелу ў год і паншчыны — 23 мужчынскія і жан. дні ў год (на 10% менш за інвентарныя). «Мясц. палажэнні» невыразна вызначалі правы сялян на сервітутныя і агульныя з памешчыкамі зямельныя ўгоддзі. На Беларусі «палажэнні» аб адмене прыгону ўзаконілі абеззямеленне сялян, якое вырасла з часу інвентарнай рэформы 1840—50-х гадоў і ў час падрыхтоўкі адмены прыгону. Пры рэалізацыі С.р. памешчыкі таксама абеззямелілі вял. колькасць сялян Беларусі і інш. рэгіёнаў еўрап.ч. імперыі. У сялян рас. чарназем’я яны адрэзалі каля 1/5, інш. мясцовасцей — 2/5 надзельнай зямлі (гл.Адрэзкі). Масавыя сял. хваляванні на Беларусі і ў Літве і паўстанне 1863—64 прымусілі ўрад спыніць абавязковыя адносіны сялян Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. да памешчыкаў з 13.5.1863 і пачаць іх перавод на абавязковы выкуп з паніжэннем выкупных плацяжоў на 20%. З 13.1.1864 гэтыя правілы пашыраны на Магілёўскую і астатнія 8 паветаў Віцебскай губ. У пач. 1870-х г. большасць б. панскіх сялян Беларусі перавялі на выкуп. У адпаведнасці з цыркулярамі віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 29.8 і 30.10.1863 сялянам, абеззямеленым памешчыкамі ў 1846—56, давалі па 3 дзес. зямлі; пазбаўленым яе з 1857 вярталі надзелы, роўныя надзелам астатніх сялян. Сялянам вярталі права карыстання сервітутамі і агульнымі з памешчыкамі пашамі. На пераважнай ч.тэр. Беларусі царызм пайшоў на большае скарачэнне выкупных плацяжоў, чым планавалася. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. яны зменшаны на 64,9—75,4%. Гэтыя ўступкі прыкметна змякчылі, але істотна не змянілі грабежніцкага ў адносінах да сялян характару рэформы. Пераважная большасць абеззямеленых атрымала па 3 дзес. на двор, што было недастаткова для вядзення гаспадаркі і ўтрымання сям’і. У 1877 на Беларусі памешчыцкія землі складалі 50,5% агульнай плошчы прыдатных зямель, а надзельныя землі б. панскіх сялян — 24,6%. Нягледзячы на зніжэнне памераў выкупу на З і ў цэнтры Беларусі, агульная сума выкупных плацяжоў з сялян 5 зах. губерняў у 3,3 раза перавышала кошт надзельнай зямлі на мясц. зямельным рынку ў час пераходу на выкуп і ў 2,3 раза — суму атрыманай імі дзярж. выкупной пазыкі. У велікарус. губернях еўрап.ч. краіны пераход сялян на выкуп расцягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Да 1881 тут заставаліся часоваабавязанымі 1552 тыс. рэвізскіх душ (15% сялян). 9.1.1882 выдадзены закон аб абавязковым выкупе з 13.1.1883. Перавод на яго завяршыўся да 1895. У выніку выкупной аперацыі дзяржава атрымала 700 млн.руб. прыбытку, у т. л. каля 100 млн. — у 5 зах. губернях. С.р. ў вял. ступені вызначыла кірунак эканам., сац. і паліт. эвалюцыі вёскі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Яна стварыла ўмовы для ўсталявання капіталіст. спосабу вытв-сці, паскорыла развіццё агр. капіталізму, прадукц. сіл сельскай гаспадаркі, але не вырашыла аграрнага пытання, бо на вёсцы, як і раней, панавала памешчыцкае латыфундыяльнае землеўладанне, захоўваўся шэраг інш. перажыткаў прыгонніцтва.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Зайончковский П.А. Отмена крепостного права в России. 3 изд. М., 1968;
Литвак Б.Г. Переворот 1861 г. в России: почему не реализовалась реформаторская альтернатива. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНАЎСТВА
Станаўленне музыказнаўства на Беларусі пачалося ў 19 ст. з асвятлення ў перыядычным друку муз. жыцця, выканальніцкага мастацтва, публікацый бел.нар. песень з нотамі і іх муз.-этнаграфічных апісанняў. Асновы муз. фалькларыстыкі залажылі Р.Ігнацьеў, Л.Куба, Е.Раманаў, П.Шэйн, М.Янчук і інш. У пач. 20 ст. пытанням нац.муз. творчасці шэраг артыкулаў прысвяцілі бел. пісьменнікі М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, Ц.Гартны, З.Бядуля.
У 1920-я г. ў БССР ідэя беларусізацыі ў бел. культуры адбілася і на айч. музыказнаўстве. На старонках газет «Звязда», «Советская правда», «Белорусская коммуна», час. «Трыбуна мастацтва» і інш. узнімаліся пытанні падрыхтоўкі прафесійных муз. кадраў, стварэння муз. рабочых факультэтаў і студый, прапаганды муз. каштоўнасцей мінулага, пошуку кірункаў і стыляў у тагачаснай кампазітарскай творчасці, адпаведных культурнаму пералому. З рэцэнзіямі і артыкуламі на муз. творы і канцэртныя выступленні па праблемах фарміравання нац.муз. мастацтва выступалі Ю.Дрэйзін, Я.Загв, А.Крывіч і інш.
Асноўныя кірункі музыказнаўчых даследаванняў закладзены ў муз.-крытычнай дзейнасці Ю.Дрэйзіна. Ён першы звярнуўся да пытання пашырэння сеткі муз. навучальных устаноў, намеціў асноўныя шляхі фарміравання бел. музыказнаўчай навукі, філасофска-культуралагічнага даследавання муз. мастацтва, у т. л. месца і ролю бел. музыкі ў станаўленні нац. культуры, пераемнасці маст. традыцый, неабходнасці стварэння на Беларусі прафес. выканальніцкіх калектываў і інш.
У сярэдзіне 1920-х г. у час. «Трыбуна мастацтва» і інш. разгарнулася дыскусія пра неабходнасць стварэння нац. оперы, у якой прынялі ўдзел музыканты-выканаўцы, музыказнаўцы і частка бел. літаратараў. Адначасова зацікаўленасць нац. фальклорам абумовіла развіццё муз. фалькларыстыкі, якая даследавалася пераважна ў межах муз. падсекцыі Інбелкульта («Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці А.Грыневіча ў часопісе «Наш край», 1925, №1); выйшлі фальклорныя зборнікі (1928, 1929). Нар. песні збіралі і апрацоўвалі У.Тэраўскі («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921), М.Мацісон («Спеўнік дзеля двух- і трохгалосых дзіцячых хароў», 1925), М.Чуркін, А.Туранкоў, М.Аладаў («Зборнік беларускіх народных песень», 1928), Р.Шырма («Беларускія народныя песні», 1929), М.Равенскі («Пра зборнік песень, які надрукаваны на Беларусі для дзяцей дашкольнага ўзросту», 1928). Вывучэнне нар.-песеннай культуры закладзена ў даследаванні М.Равенскага «Гарманізаванне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазітарамі» (1928). У працы М.Прывалава «Народныя музычныя інструменты Беларусі» (1928) дадзена першае апісанне тыпаў і відаў бел.нар. інструментаў і гіст. нарыс развіцця бел. інструментарыя.
У 1930-я г. сярод муз.-крытычных публікацый пераважалі прадмовы да новых оперных твораў бел. кампазітараў Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча, А.Туранкова (Б.Смольскі, М.Зінчук, Л.Мухарынская), артыкулы-агляды (пра дзейнасць Бел. студыі оперы і балета), творчыя партрэты А.Туранкова, Р.Пукста, В.Залатарова, нарысы (серыя «Кампазітары—Кастрычніку» ў час. «Мастацтва і рэвалюцыя», 1932). З публікацыямі пра творчасць бел., рас., заходнееўрап. кампазітараў выступалі М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Карповіч («Кветка шчасця», «Старэйшы беларускі кампазітар: А.Я.Туранкоў», «Творчасць А.В.Багатырова» і інш.). Напярэдадні 1-й Дэкады бел. мастацтва і літаратуры ў Маскве ўздымаліся пытанні стварэння нац. опер і балетаў, выканальніцкага майстэрства (М.Аладава, В.Яфімава), кампазітарскай творчасці (А.Багатырова, М.Крошнера, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча). Вял. ўвага аддавалася стварэнню навучальных дапаможнікаў; у 1933 выдадзены падручнік М.Мацісона «Пачатковая тэорыя музыкі для музшкол, музрабфакаў і першых курсаў музтэхнікума».
У пасляваенныя гады праблематыка муз. даследаванняў стала больш паглыбленай. Закладваліся асновы муз. тэарэтычнай навукі, муз. эстэтыкі, крытыкі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Разам з асвоенымі жанрамі творчага партрэта (С.Нісневіч, Л.Мухарынская), нарыса пра выканальніцкае мастацтва (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч), пра оперу (М.Шчаглоў-Куліковіч, В.Сізко), сімфанічную музыку (В.Сізко) з’явіліся працы пра гіст. шляхі развіцця нац.муз. культуры: «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (ч. 1, 1953) М.Куліковіча; «Беларуская музыка за 40 год» Б.Смольскага (1957); серыя «Музычная культура саюзных рэспублік» Б.Смольскага, Г.Цітовіча, І.Нісневіча (1956, 1957). Этнамузыколагі працягвалі даследаваць вытокі бел.нар. музыкі, асаблівасці развіцця нар. песні ў сучасных умовах («Беларуская народная песня» М.Шыфрына, 1956; «Партызанскія песні Беларусі і іх складальнікі» Л.Мухарынскай, 1959). Выйшлі зборнікі бел.нар. песень Р.Шырмы, М.Чуркіна, Г.Цітовіча. Эстэтычныя праблемы нац.муз. мастацтва распрацоўвала А.Ладыгіна. Дасягненнем муз. педагогікі з’явіўся падручнік В.Яфімава «Элементарная тэорыя музыкі» (1948). Асноўныя кірункі музыказнаўчых публікацый 1960-х г. — даследаванне бел.нар.муз. творчасці і сучаснай бел.прафес. музыкі, вывучэнне рас.муз. культуры і папулярызацыя муз. мастацтва. Цэнтрамі навук. даследаванняў сталі сектар муз. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, кафедра гісторыі і тэорыі музыкі Бел. кансерваторыі, Саюз кампазітараў Беларусі, пазней — муз.-пед. факультэт Мінскага пед. ін-та, мастацтвазнаўчыя кафедры Мінскага ін-та культуры.
У гэты перыяд асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню бел.нар. музыкі. Пытанні гісторыі, тэорыі і эстэтыкі нац.муз. фальклору, стыляў і жанраў традыцыйнай і сучаснай бел.нар. песні сталі прадметам даследавання этнамузыкалогіі. Л.Мухарынская акрэсліла пытанні сучаснай этнамузыказнаўчай навукі, раскрыла інтанацыйныя, творчыя і стылявыя працэсы ў сучасным бел. песенным фальклоры, вызначыла месца нар. песні ў сістэме фальклору, адкрыла партызанскую песню як буйную з’яву бел.нар.муз. творчасці («Беларуская партызанская песня і яе аўтары», 1964; «Беларуская партызанская песня, 1941—45», 1968), вылучыла фактары, якія адлюстроўвалі станаўленне муз. мовы бел.нар. песні на сучасным этапе пад уплывам новых грамадска-сац. умоў («Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні», 1966). Тэарэтычныя асновы бел.муз. фальклору даследаваў В.Ялатаў: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Сярод значных работ 1960-х г. — даследаванні па гісторыі бел.муз.т-ра ў працах «Беларускі музычны тэатр» Б.Смольскага (1963), «Беларуская народная песня ў музычнай драматургіі нацыянальных опер і балетаў» С.Нісневіч (1962); публікацыі пра бел. сімфонію Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч (у манаграфіях «55 савецкіх сімфоній», 1961; «Савецкая сімфонія за 50 год», 1967), «Беларускі канцэрт» К.Сцепанцэвіч (1967), пра дзейнасць бел.дзярж. сімфанічнага аркестра Дз.Жураўлёва («Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР», 1961). З’явіліся выданні, у якіх папулярызавалася музыка бел. кампазітараў («Школьнікам пра музыку» Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч, 1962), навучальныя дапаможнікі для муз. школ і вучылішчаў, хрэстаматыя па бел.муз. літаратуры, даведнік «Кампазітары Савецкай Беларусі» Дз.Жураўлёва(1966).
У 1970-я г. якасна павысіўся ўзровень навук. даследаванняў, пашырылася іх праблематыка. Сярод прыярытэтных кірункаў музыказнаўства: гісторыя нац.муз. культуры, тэорыя муз. мастацтва (жанраў, форм прафесійнай музыкі, муз. стылю, тэматызму і інш.), этнамузыкалогія. Гіст. вяхой на шляху стварэння першага сістэматызаванага даследавання пра працэс фарміравання і развіццё прафесійнай і нар.бел. музыкі з эпохі сярэдневякоўя і да 1960-х г., аналізу творчай дзейнасці нац. кампазітараў сталі манаграфіі-падручнікі «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971) і «Гісторыя беларускай музыкі» (1976), створаныя калектывам аўтараў (Г.Глушчанка, Л.Мухарынская, С.Нісневіч, Б.Смольскі, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова). Праблематыка старажытнабел. культуры і вытокі кантавай культуры Беларусі ў 16—18 ст. аналізаваліся ў гіст.-тэарэтычных даследаваннях Л.Касцюкавец («Кантавая культура ў Беларусі», 1975). Тэарэтычныя праблемы музыказнаўства распрацаваны ў манаграфіях Г.Куляшовай («Пытанні драматургіі оперы», 1979; «Кампазіцыя оперы», 1983), у якіх опера разглядаецца як складаны маст. арганізм на сюжэтным, муз.-драматычным і структурным узроўнях. У манаграфічных нарысах Т.Дубковай («Беларуская сімфонія», 1974) разам з выяўленнем і разгляданнем новых тэндэнцый у бел.сімф. музыцы даследаваны вобразнасць, тэматызм, форма, муз. драматургія сімфоній, сродкі муз. выразнасці. Пэўныя мастацка-эстэтычныя якасці бел. музыкі, вузлавыя моманты працэсу развіцця жанру бел. інструментальнага канцэрта асвятляюцца ў манаграфіі «Беларускі фартэпіянны канцэрт» І.Назінай (1977). Тэарэтычнаму вывучэнню тагачаснага стану бел.муз. мастацтва садзейнічалі зборнікі «Музычная культура Беларускай ССР» (1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Музыка нашых дзён» (1969), «Беларуская музыка» (1975). Асаблівасці стылістыкі бел. музыкі, асобныя жанры бел., а таксама сусв.муз. мастацтва ў кантэксце сучаснай муз. творчасці разглядаліся ў артыкулах Н.Юдзеніч, Т.Ляшчэні, А.Салей, Р.Сергіенкі, Т.Шчарбаковай і інш. У ліку этнамузыказнаўчых публікацый 1970-х г.: работы Л.Мухарынскай («Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё», 1977), І.Назінай («Беларускія народныя музычныя інструменты: Самагукавыя, ударныя, духавыя», 1979; «Беларускія народныя музычныя інструменты: Струнныя», 1982), у якіх вывучаны працэсы гіст. эвалюцыі і функцыянавання асноўных відаў бел.нар.муз. інструментаў: самагудаў, ударных, духавых, струнных, а таксама бел.нар. найгрышаў. Харэаграфічны фальклор даследавала Ю.Чурко. Апублікаваны манаграфічныя даследаванні Л.Аўэрба, Т.Дубковай, Дз.Жураўлёва, Г.Куляшовай, І.Зубрыч і інш., прысвечаныя творчасці бел. кампазітараў, гіст.-пазнавальная літаратура пра дзейнасць творчых калектываў, муз. навучальных устаноў.
У 1980-я — пач. 2000-х г. пашырылася праблематыка даследаванняў, павысіўся навук. ўзровень публікацый і прафесіяналізм даследчыкаў. Працягвалася сістэматычнае вывучэнне гісторыі старадаўняй муз. культуры Беларусі, у навук. ўжытак уведзены ўзоры творчай спадчыны кампазітараў, адноўлены забытыя імёны дзеячаў мастацтва, педагогаў, выканаўцаў, якія працавалі на Беларусі ў 16—19 ст., ішоў пошук помнікаў прафесійнага муз. мастацтва мінулага. У гэтым кірунку вывучалася станаўленне айч.муз. культуры ў 10—18 ст. («Нарысы музычнай культуры Беларусі», 2000; «Музычная культура Беларусі XVIII ст.: Гісторыка-тэарэт. даслед.» В.Дадзіёмавай, 2002); фарміраванне арганнай культуры, выканальніцтва і кампазітарскай творчасці («Cantantibus Organis: Беларуская арганная культура ў кантэксце еўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу» У.Неўдаха, 1999); гісторыя развіцця прафесійнага бел.муз. мастацтва 16 — пач. 20 ст. («Зайгралі спадчынныя куранты» В.Скорабагатава, 1998), муз. і маст. адукацыя ў 11—20 ст. («Музычная адукацыя ў Беларусі», 1980; «Мастацкая адукацыя ў Беларусі» В.Пракапцовай, 1999); спецыфіка муз. адукацыі і асаблівасці муз. практыкі ў езуіцкіх калегіумах і ордэнскіх навіцыятах 17 — пач. 19 ст. («Тэорыя харальных спеваў на Беларусі» Т.Ліхач, 1999); тэатральна-муз. культура Беларусі 18—19 ст. (Г.Барышаў, А.Капілаў); мастацтва муз. прыватнаўласніцкіх і школьных т-раў 18 ст. (Г.Барышаў, Л.Голікава, Н.Іўчанка); муз. культура бел. гарадоў 18 ст. (В.Дадзіёмава). Шэраг даследаванняў стараж.муз. культуры грунтуецца на вывучэнні асобных яе бакоў — творчасці кампазітараў і выканаўцаў 19 ст., якія зрабілі ўклад у развіццё айч.муз. мастацтва («Музычная культура Беларусі XIX — пачатку XX ст.» А.Капілава, А.Ахвердавай, 2000), гісторыі муз. мінулага [«Скрыпка беларуская» А.Капілава, 1982; «Музыка Беларусі XVII стагоддзя (Рыфматворны псалтыр)» Л.Касцюкавец, 1992; «Рыфматворны псалтыр» Сімяона Полацкага і Васіля Цітова: музычна-паэтычны, стылістычны і тэксталагічны аспекты» Л.Сідаровіч; «Сімяон Полацкі, Васіль Цітоў. «Рыфматворны псалтыр» пад рэд. Л.Сідаровіч; абедзве 1999]. Адначасова вывучаліся праблемы сучаснага бел.муз. мастацтва («Харавое мастацтва Беларусі XX ст.» А.Смагіна, 1998; «Беларускае народна-інструментальнае мастацтва: традыцыі і сучаснасць» Г.Мішурова, 2002; «Беларуская кантата і араторыя» Г.Куляшовай, 1987; «Народна-інструментальная музычная культура пісьмовай традыцыі ў Беларусі: спроба сістэмнага аналізу» Н.Яканюк, 2001; «Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я» А.Скорабагатчанкі, 1997); роля фальклору ў аднаўленні нац. стылю прафесійных бел. кампазітараў у кн. «Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: Гісторыка-метад. даслед.» В.Антаневіч (1999). Тэарэтычныя і метадалагічныя прынцыпы рас.муз. крытыкі канца 19 — пач. 20 ст. даследаваліся ў «Нарысах па гісторыі рускай музычнай крытыцы канца XIX — пачатку XX ст.» Г.Глушчанкам (1983); музыка побыту і рус. прафесійнай культуры 19 ст. ў працах Т.Шчарбаковай.
Абрадавая і пазаабрадавая нар. музыка, асаблівасці бел.нар. каляндарна-песеннай культуры прааналізаваны ў творах «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Спроба сістэмна-тыпалагічнага даследавання» (1985), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (1982) З.Мажэйкі; «Песні Беларускага Панямоння» (1998), «Песні Беларускага Падняпроўя» (1999) Т.Варфаламеевай; у працы «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997) З.Мажэйкі і Т.Варфаламеевай.
Выдадзены манаграфіі пра гісторыю бел. балетнага тэатра, дзейнасць асобных выканаўцаў і пастаноўшчыкаў («Беларускі балет у тварах» Ю.Чурко, 1988) і сучаснае сцэнічнае танцавальнае мастацтва («Лінія, якая ідзе ў бясконцасць» Ю.Чурко, 1999), пра праблемы жанрава-стылістычных асаблівасцей балетнай музыкі («Балетны жанр як музычны феномен: Рус. традыцыя канца XVIII — пач. XX ст.» К.Дулавай, 1999).
У 1990—97 выйшла 4-томная праца «Музычны тэатр Беларусі», у якой дзейнасць муз.т-ра паказана як важная і неад’емная частка агульнага працэсу фарміравання нац. культуры, даследаваны гіст. этапы станаўлення і развіцця муз. тэатра ад вытокаў да канца 20 ст., муз.-сцэнічныя жанры — опера, балет, муз. камедыя, аперэта і музыка для драматычных тэатраў у іх стылявой разнастайнасці (Г.Барышаў, Л.Голікава, Т.Дубкова, А.Капілаў, Г.Куляшова, Т.Мдывані, Ю.Чурко, Н.Юўчанка і інш.).
У тэарэтычных муз. творах адлюстраваны тэндэнцыі развіцця бел.муз. мастацтва і бел. сімфанізму ў 2-й пал. 20 ст. (К.Сцепанцэвіч), тыпалагічныя рысы сучаснай бел. музыкі (А.Друкт), аналізуюцца новыя з’явы муз. культуры Беларусі («Беларуская музыка 1960—80-х гг.» Р.Аладавай, В.Антаневіч, Г.Глушчанкі, А.Карпілавай, К.Сцепанцэвіч, Л.Сцяпуры, Т.Якіменка, Н.Юўчанка і інш., 1997), авангардныя тэндэнцыі ў бел. музыцы (Р.Аладава, Г.Глушчанка, Т.Мдывані, В.Савіцкая).
У цэнтры ўвагі бел. музыказнаўцаў асэнсаванне стылявых заканамернасцей сучаснай бел. музыкі, яе жанравай разнастайнасці, пошукі ў галіне меласу, гармоніі, поліфаніі, формаўтварэння, муз. сродкаў выразнасці (Р.Аладава, В.Антаневіч, Б.Златавярхоўнікаў, Ю.Златкоўскі, Т.Ляшчэня, Т.Мдывані, В.Савіцкая, Р.Сергіенка, Т.Цітова, Т.Шчэрба, М.Шыманскі), праблемы метадалогіі сучаснага музыказнаўства (Т.Мдывані, Т.Шчарбакова, Н.Юдзеніч, Т.Якіменка), муз. псіхалогіі і сацыялогіі (І.Галавач, А.Галкін). Створаны падручнікі па гармоніі, сальфеджыо, поліфаніі, бел.нар. творчасці і інш. Актывізавалася выданне зборнікаў артыкулаў, у якіх асвятляюцца «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94). У зб-ках «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэт. нарысы» (1990) і «Тэарэтычныя праблемы сучаснай музыкі» (1992) асэнсоўваецца праблематыка нац. культуры ў кантэксце агульнасусветных маст. працэсаў, уздымаюцца праблемы драматургіі, формы, муз. мовы, стылістычных асаблівасцей музыкі. Выйшлі даведачная літаратура («Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані, Р.Сергіенкі, 1997; «Музычны слоўнік беларуска-рускі і руска-беларускі», 1999; «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі», 2002), працы пра дзейнасць творчых калектываў і муз. навучальных устаноў, мемуарная літаратура («Л.П.Александроўская: Дакументальна-тэатр. раман» А.Ладыгінай, 2002). Вывучэнне гісторыі і тэорыі музыкі вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі музыкі, Бел. ун-це культуры і інш.
Літ.:
Беларуская музыка 1960—1980 годов. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Из истории музыкознания в Беларуси. Белорусская государственная академия музыки, 1932—92. Мн., 2002.
Л.Ф.Голікава.
Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзеныкалект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ЎНІК,
даведачнае выданне, у якім даецца апісанне групы слоў (марфем, словазлучэнняў і інш.), размешчаных у пэўным парадку. С. часам называюць лексіку якой-н. мовы або яе асобныя лексічныя пласты (гл.Лексікаграфія). Асн. грамадскія функцыі С.: інфармацыйная (лінгвістычныя слоўнікі і энцыклапедычныя слоўнікі), камунікацыйная (перакладныя С., або двухмоўныя слоўнікі), нарматыўная (лексікаграфічныя працы кадыфікацыйнага характару пры дапамозе стыліст. памет стабілізуюць лексічныя і інш. нормы мовы).
С. вядомы з глыбокай старажытнасці. У б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала ў Ніневіі выяўлены гліняныя клінапісныя таблічкі, на якіх занатаваны тэматычна згрупаваныя словы шумерскай і акадскай моў 7 ст. да н.э. Першыя С. ў Еўропе створаны ў Стараж. Грэцыі ў 1 ст. да н.э. (збор грэч. слоў, выкарыстаных Гамерам. складзены філосафам Апалоніем). Першы С. лац. мовы — «De Verborum Siqnificate» («Значэнне слоў») В.Флакуса (1 ст.н.э.). Пасля 5 ст.н.э. з’явіліся першыя спец. С. па батаніцы, медыцыне. астраноміі на санскрыце, а таксама шматмоўныя С. (уключалі словы санскрыцкай. тыбецкай. манг. і кіт. моў). Першымі друкаванымі С. былі англ. «Свет слоў» (1598) Дж.Флорыя. у якім італьян. словы перакладзены на англ. мову, і «Алфавітны спіс» (1604) Р.Коўдры, дзе лац. і інш. запазычаныя тэрміны тлумачацца па-англійску. У 17—18 ст. у многіх краінах Еўропы выдадзены першыя акад. С. нац. моў. якія нармалізавалі (кадыфікавалі) слоўнікавы склад літ. мовы: італьян. «Слоўнік Акадэміі Круска» (1612). франц. (1694). ісп. «Слоўнік Аўтарытэтаў» (1739). рус. «Словавытворны слоўнік» (т. 1—6. 1789—94).
Першыя ўсх.-слав. С. бяруць пачатак ад ананімных рукапісных даведнікаў. што дадаваліся да сербскіх рэліг. твораў, якія з’явіліся ў Стараж. Русі з прыняццем хрысціянства. Ў такіх даведніках звычайна тлумачыліся незразумелыя словы грэч. і стараж.-яўр. моў («Речь жидовского языка преложена на русскую, неразумно на разум и в Евангелиях и Апостолах, и в Псалтыри и Паремии и в прочих книгах» у Ноўгарадскай кормчай 1282; Ноўгарадскі слоўнік 1431, які дадаваўся да твора Іаана Лесвічніка «Тлъкование неудобь познаваемом в писанных речем, понеже положены суть речи в книгах от начальных преводних ово Словенскы и ино Сръбскы и другая Блъгарскы и Гръчьскы их же неудоволишася преложити на Рускыи»). Усх.-слав.азбукоўнікі паслужылі крыніцамі пры стварэнні першых друкаваных С. усх. славян. Л.Зізаній надрукаваў як дадатак да царк.-слав. буквара перакладны слоўнік «Лексис, сиречь речения вкратце собраны и из словенского языка на просты русский диялект истолкованы» (Вільня, 1596), у якім перакладзена і растлумачана 1061 слова з царкоўнаслав. і інш. моў. «Лексикон славеноросскій и именъ тлъкование» П.Бярынды (Кіеў, 1627; 2-е выд., 1653, Куцейна каля Оршы) змяшчае 6982 лексічныя адзінкі, у т. л. больш за 4 тыс. царкоўнаславянізмаў, каля 2 тыс. іншамоўных запазычанняў і некалькі соцень мясц. (старабел. і стараўкр.) слоў. Да ранняга перыяду развіцця С. на Беларусі адносяцца рукапісныя і друкаваныя азбукоўнікі, лексісы, лексіконы, а таксама створаныя на працягу 17—19 ст. С. бел. дыялектныя К.Ф.Калайдовіча, Ф.С.Шымкевіча, Я.Чачота, С.П.Мікуцкага, П.М.Шпілеўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., гіст. С. старабел. мовы І.І.Грыгаровіча, І.П.Навіцкага. М.І.Гарбачэўскага, І.І.Насовіча і інш.Асн. іх функцыя — апісанне лексічных багаццяў нац. мовы. Складзены Насовічам «Слоўнік беларускай мовы» (1870) меў многія ўласцівыя для тагачасных акад. С. лексікаграфічныя параметры (нарматыўны, стылістычны, дэфініцыйны, ілюстрацыйны, грамат. і інш.). З пач. 20 ст. на Беларусі пачаўся перыяд навук. лексікаграфіі. Выдаваліся тэрміналагічныя С., універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі; распрацаваны лексікаграфія дыялектная, гіст., перакладная, энцыклапедычная, тэрмінаграфія і інш., у рамках якіх створана па некалькі дзесяткаў С. розных тыпаў. Існуюць і інш. лексікаграфічныя кірункі: лексікаграфія грамат., камп’ютэрная. лінгвакраіназнаўчая, тэалагічная, ідэаграфія, канцэптаграфія і г.д., што прадстаўлены адзінкавымі С. Ін-т мовазнаўства Нац.АН Беларусі падрыхтаваў акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84, больш за 105 тыс. слоўнікавых артыкулаў), 1-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996; 5-е выд. 2001, 65 тыс. слоў). Бібліяграфія бел. С. ўключае больш за 1 тыс. назваў. У залежнасці ад таго, якія адзінкі мовы ў С. апісваюцца, вылучаюцца С. марфем («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 1975; «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» Бардовіча, М.М.Круталевіча, А.А.Лукашанца, 2000, і інш.); уласна С., ці С. лексем (пераважная большасць айч. даведнікаў); С. паняццяў (тэрміналагічныя, энцыклапедычныя і інш. даведнікі); С. словазлучэнняў («Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М.Пазнякова, 1988), фразеалагізмаў («Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава, т. 1—2, 1993), скарачэнняў, параўнанняў, перыфраз, асацыяцый і да т.п. Асобную групу складаюць парэміялагічныя С., у якіх падаюцца (часам з тлумачэннямі і ілюстрацыямі з маст., публіцыст., навук. і інш. твораў) завершаныя сказы на бел. мове. Да гэтай групы адносяцца С. прыказак і прымавак («Слоўнік беларускіх прыказак» Лепешава і М.А.Якалцэвіч, 1996), крылатых выразаў і афарызмаў («Крылатыя словы і афарызмы» Ф.М.Янкоўскага, 1960), цытат і да т.п. У залежнасці ад таго, якія ўласцівасці слоў апісваюць С., яны падзяляюцца на частотныя («Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна, вып. 1—5, 1976—92); арфаграфічныя (гл.Арфаграфічны слоўнік), у якіх падаецца напісанне і акцэнталагічная характарыстыка слоў бел. мовы; дыялектныя (гл.Дыялектны слоўнік); гістарычныя (гл.Гістарычны слоўнік); этымалагічныя (гл.Этымалагічны слоўнік); перакладныя, якія падаюць іншамоўныя адпаведнікі да бел. слоў; С. іншамоўных слоў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік); С. мовы пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка).
Асобную групу складаюць т.зв. сінанімічныя С. (гл.Сінонімаў слоўнік), у якіх уласцівасць слова апісваецца шляхам вызначэння яго суадносін з інш. словамі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, паронімамі, аднакарэннымі словамі, паралексамі і г.д.). Напр., у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (2-е выд., 1993) апісана каля 1900 сінанімічных радоў з 11 тыс.бел. слоў; у «Слоўніку амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) тлумачыцца 2 тыс. пар ці груп амонімаў, аднолькавых па гучанні, але розных па значэнні. Слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў» (1977) і «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994) С.М.Грабчыкава праз тлумачэнні і ілюстрацыі высвятляюць узаемаадносіны паміж словамі-паронімамі. блізкімі па гучанні, але рознымі па значэнні.
Вылучаюць С. агульналітаратурнай мовы, у якія з кожнай галіны навукі і вытворчасці ўключаецца па некалькі дзесяткаў найб. вядомых тэрмінаў са спец. стыліст. паметамі абмежавальнага характару. Тэрміны і наменклатурныя назвы найб. поўна і сістэмна апісваюцца ў спец.тэрміналагічных С. У адпаведнасці з мэтамі, якія ставіць перад сабой карыстальнік, вылучаюцца бел. С. актыўнага тыпу (спрыяюць пабудове чытачом свайго тэксту); С пасіўнага тыпу (дапамагаюць зразумець чужы тэкст); універсальныя С. (разлічаны на ўсе катэгорыі чытачоў), аспектныя С., якія падаюць толькі пэўны тып інфармацыі пра слова (большасць С. бел. мовы) і інш.
Літ.:
Словари, изданные в СССР: Библиогр. указ., 1918—1962. М., 1966;
Библиогр. указатель словарей изд-ва «Сов. Энциклопедия», 1928—1966. М., 1967;
Dictionaries: An International encyklopedia of lexicography. Vol. 1—3. Berlin; New York, 1989—91.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Слоўнік. Беларускія слоўнікавыя выданні 1980—90-х г.