ні́ша, ‑ы, ж.
Паглыбленне ў сцяне для змяшчэння там чаго‑н. У нішы на ўвесь рост, у батфортах, з крыжамі і рэгаліямі на грудзях, з аголенай шпагай у руцэ стаяла.. скульптура Суворава. Алешка. Пад нізкай столлю ў нішах сцен туляцца маленькія крамкі і майстэрні. В. Вольскі. // Паглыбленне, уступ, праём у чым‑н. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. Шамякін. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нараджаць — нарадзіць і нараджацца — нарадзіцца. // Момант надыходу, з’яўлення, узнікнення на свет. Высока ў неба ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. У грозных бітвах і паходах З дня нараджэння, Як маяк, І праўдай і душой народа Была ты — Партыя мая! Хведаровіч.
2. Дзень, дата, калі хто‑н. нарадзіўся, а таксама святкаванне гэтага дня. У дзень нараджэння імкліва Ляціць тэлеграмны лісток... Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́фля, ‑і, ж.
Керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі, вугла, часткі карніза. Бліскучыя каляровыя кафлі, якімі аздабляюцца ўсе будынкі, захоўваюць свой колер па працягу трохсот — чатырохсот гадоў. В. Вольскі. / у знач. зб. — Гэта ж мы з вамі ляльку, а не кватэру зрабілі, кухня і ванна абкладзены белаю кафляю, падлога паркетная, на столі лепка... Арабей. Другі куток [пакоя] займала прыгожая грубка з узорыстай цёмнай кафлі. Васілевіч.
[Ням. Kachel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іскры́цца, іскрыцца; незак.
Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.
2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).
2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.
3. Зал. да пасоўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахо́дня, ‑і, ж.
Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
Ператвараць у руіны; разбураць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. В. Вольскі. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; у гэтую пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. Багдановіч. // Ліквідаваць, знішчаць. А лепш за ўсё гаіла .. [Зосіны] душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.
Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.
•••
Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́кта, ‑ы, М ‑кце, ж.
1. Рэлігійная абшчына, якая адкалолася ад пануючай царквы. Летась ён пасватаўся да нашай Мацяні, але тая адмовіла, і адмовіла толькі па той прычыне, што Шумейка нейкі час быццам быў звязаны з нейкай баптысцкай сектаю і заве іх «прайдзісветамі з вялікай дарогі». Савіцкі.
2. перан. Наогул усякая адасобленая група людзей. Усе заклінальнікі змей у Марока — берберы, якія належаць да асобнай секты ці брацтва заклінальнікаў. В. Вольскі.
[Ад лац. secta — вучэнне, напрамак, школа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)