АЛІГА́ТАРЫ

(Alligatoridae),

сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.

Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.

Алігатары: 1 — місісіпскі; 2 — кайманавы; 3 — кітайскі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ДЫЙ

(Olpidium),

род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (О. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.

Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.

Альпідый капусны: 1 — плазмодый і зіготы грыба ў клетках кораня; 2 — зоаспарангіі; 3 — зааспоры; 4 — пашкоджаная расада капусты («чорная ножка»).

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНА́С

(Ananas),

род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.

Суплоддзе ананаса.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ

(Cervus elaphus),

млекакормячае з сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. Мае шмат падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, рагамі і афарбоўкай (марал, ізюбр, вапіці і інш.). На Беларусі жыве ў мяшаных лясах з развітым падлескам паблізу вадаёмаў і лугоў Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, Бярэзінскага запаведніка.

Даўж. цела да 2,6 м, выш. да 1,5 м, маса да 340 кг. Хвост кароткі. Рогі толькі ў самцоў (кожнай вясной скідаюць). Корміцца лісцем і парасткамі раслін, зімой — карой, пупышкамі і парасткамі. Палавая спеласць у 2 гады. Гон увосень. Цяжарнасць 8,5 мес. Ацёл у чэрв.—ліпень. Нараджае штогод 1, зрэдку 2 цяляці. Аб’ект промыслу і гадоўлі.

Алень высакародны.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙХЕ́РА

(Heuchera),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (Н. americana), гібрыдная (Н. hybrida) і крывава-чырвоная (Н. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЕ́НІУМ

(Helenium),

род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (Н. autumnale) і Хупа (Н. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕНСКАЯ МУ́ХА хлебны камарык

(Mayetiola destructor),

насякомае сям. галіц атр. двухкрылых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі абмежаваныя ачагі пашырэння ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Цела даўж. 2,5—3,5 мм, зверху цёмна-шэрае або жаўтавата-бурае, знізу светлае. Падобная да камара. Галава вузейшая за грудзі, брушка цыліндрычнае або канічнае. Вочы фасетачныя. Ногі тонкія. Да 3 пакаленняў за год. Лёт першага пакалення ў час усходаў яравой пшаніцы. Яйцы (50—500) адкладвае на верхнім баку ліста злакавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта). Лічынкі верацёнападобныя, малочна-белыя або ружова-жоўтыя, даўж. 0,8 — 4 мм, ротавыя органы сысучыя, кормяцца сокамі раслін і выклікаюць уздуцці (галы). Дарослая не корміцца. Шкодзіць сельскай гаспадарцы.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНЯ́НКА

(Erophila),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вяснянка веснавая (Erophila verna), нар. назва крупка. Расце на пясках на ўзлесках і лясных палянах, каля дарог і на сухіх схілах, зрэдку як пустазелле на палях.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 2—20 см з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом. Лісце сабранае ў разетку, падоўжана-эліпсоіднае ці ланцэтнае, апушанае, сядзячае або звужанае ў чаранок. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у кароткіх малакветных гронках. Плод — голы эліпсоідны стручочак. Эфемер (цвіце ў крас.—маі, поўны цыкл развіцця праходзіць за 1—2 тыдні, потым адмірае). Лек. (выкарыстоўваецца пры цынзе, панарыцыях, параніхіях) і кармавыя расліны.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХІШВІ́ЛІ М.

(сапр Адамашвілі Міхаіл Савіч, 20.11.1880, с. Цэракві Марнеульскага р-на, Грузія — 1937),

грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1903. Выступаў з апавяданнямі, артыкуламі супраць самадзяржаўя, за што быў прыцягнуты да суд. адказнасці. 3-за праследаванняў у 1907 выехаў за мяжу, падарожнічаў па Еўропе і Амерыцы. Пасля вяртання на радзіму ў 1909 выдаваў час. «Эры» («Нацыя»), які неўзабаве быў забаронены, а Дж. засуджаны да турэмнага зняволення, пазней — ссылкі. Аўтар сатыр. раманаў «Квачы Квачантырадзе» (1924), «Гіві Шадуры» (1928), гіст. «Арсен з Марабды» (1932), «Лёс жанчыны» (1936), адметных актуальнасцю тэматыкі і праблематыкі, майстэрствам сюжэтнай кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў А. Жук.

Літ.:

Радиани Ш. Михаил Джавахишвили. Тбилиси, 1958.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́,

кіпу, сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.

А.А.Кожынава.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)