ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),
ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн.г. і завяршыўся 0,1 млн.г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,
спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.
Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт Pназ. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́К УЛА́ДЫ,
дзяржаўны служачы, які мае права ў межах сваёй кампетэнцыі даваць распараджэнні і загады, прымаць рашэнні адносна асоб, што не падначалены яму па службе. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да П.у. адносяцца дэпутаты палат Нац. сходу і дэпутаты мясц. Саветаў, работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў і інш. службовыя асобы, надзеленыя ўладнымі паўнамоцтвамі. Закон прадугледжвае крымін. адказнасць за супраціўленне П.у., публічную яго знявагу, пагрозу насіллем і насілле над П.у. пры выкананні ім службовых абавязкаў. У той жа час прадугледжана крымін. адказнасць і П.у. за злоўжыванне ўладай або яе перавышэнне ці бяздзейнасць (невыкананне службовых абавязкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕ́СІЯ (ад лац. professio спецыяльнасць),
устойлівы і адносна шырокі від працоўнай дзейнасці; вял. група людзей, аб’яднаных агульным родам заняткаў, прац. дзейнасцю. Прадугледжвае пэўную сукупнасць тэарэт. ведаў, практычнага вопыту і прац. навыкаў, з’яўляецца крыніцай даходу. Вызначаецца характарам і зместам работы ці службовых функцый, прыладамі і прадметамі працы, якія выкарыстоўваюцца. Па меры развіцця прадукц. сіл грамадства, выкарыстання больш дасканалых прылад працы і тэхналогій вытв-сці паглыбляецца падзел працы, з’яўляюцца спецыялізаваныя П. Але працэс спецыялізацыі працы спалучаецца з тэндэнцыяй да фарміравання П. шырокага профілю і сумяшчэння П. З навук.тэхн. прагрэсам звязаны працэс адмірання некаторых П. і ўзнікнення новых. Існуе некалькі тысяч П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл.Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр.ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНАЯ АХО́ВА ГРАНІ́Ц, санітарная ахова тэрыторыі,
комплекс рэгламентаваных адм. і сан.-проціэпідэміял. мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне завозу (заносу) у краіну каранцінных хвароб жывёл і чалавека. Ажыццяўляецца ў міжнар. аэрапортах і марскіх (рачных) партах, на пагранічных чыг. станцыях і аўтадарожных магістралях.
Уключае забарону на ўезд людзей, атрыманне пасылак з краін, небяспечных у эпідэміялагічных адносінах па чуме, халеры; закрыццё дзярж. граніцы ў выпадку з’яўлення чумы або халеры ў суседніх краінах, сан. агляд транспарту, мед. агляд пасажыраў і інш. Ажыццяўляецца санітарна-эпідэміялагічнай службай. Адносна каранцінных хвароб С.а.г. праводзіцца паводле міжнар.сан. правіл, шэрагу міжнар. пагадненняў. Гл. таксама Каранцін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),
высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).