Ба́лё (дзіцяч.) ’абаранак’ (палес., Клім.), ба́ля (дзіцяч.) ’тс’ (Бяльк., Шат.). Як і ўсе дзіцячыя словы, магчыма, гукапераймальнага характару. Параўн., аднак, і аснову бал‑ (балаб‑), што сустракаецца ў назвах розных вырабаў з цеста. Але хутчэй за ўсё звязана з рус. ба́ля ’ягня, авечка’. Як семантычную паралель параўн. бел. бара́нік ’абаранак, крэндзель’, рус. бара́нок ’тс’, бара́н печыва’, бара́нка ’булка’. Гэта, можа, сведчыць у пэўным сэнсе супраць агульнапрынятай (гл. Фасмер, 1, 124) этымалогіі рус. бара́нка, бел. абара́нак, укр. оба́рінок (< ob‑variti). Параўн. і ўкр. ба́льо (дзіцяч.) ’падарунак, гасцінец’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бра́га (у розных значэннях) (БРС, Янк. I, Касп., Нас., Шат., Бяльк.). Рус. бра́га, укр. брага, польск. braha (< усх.-слав. моў). Лічылася запазычанне з кельт. моў (параўн. ірл. braich ’солад’, кімр. brag ’тс’). Бернекер, 80; Шахматаў, AfslPh, 33, 87; Брукнер, 38; Лер-Сплавінскі, RS, 18, 6; Машынкі, Pierw., 68. Але хутчэй за ўсё гэта запазычанне з цюрк. моў (*бърага < чуваш. pɛraGa). Гл. Фасмер, 1, 205 (там іншая літ-ра і іншыя малапраўдападобныя версіі). Параўн. яшчэ MESz, 1, 366 (венг. bráha), дзе ёсць меркаванні да этымалогіі слав. слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лама́ка 1 ’чалавек, які вядзе першасную апрацоўку льну’ (Жд. 1). З лама́ха (гл.). Суф. ‑ака (замест ‑аха) па тыпу пісака, ваяка, гуляка і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 25).
Лама́ка 2, лома́ка ’ламачына’ (ТС; ельск., Мат. Гом.), ’старая, сапсаваная рэч’ (ТСБМ), ’чалавек, які нічога не ўмее рабіць’ (докш., Янк. Мат., ТС), ’нязграбны, няздатны’ (ТСБМ), ’гультай’ (Сцяшк.), ’няўмека, няздольны да работы’, ламакава́ты ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. ломака ’палка, галіна’, ’вялікі, але нязграбны чалавек’, рус. ломака ’ганарлівец, задавака’, каш. łomaga, łȯmaga ’калека, нехлямяжы’. Утворана ад лама́ць і суф. ‑ака.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.). Гл. дро́гкі. Лексема з беларускай тэрыторыі з вакалізмам «е» не прыводзіцца наогул у падрабязным этымалагічным слоўніку прасл. мовы (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 138, дзе пад праформай *drъgъkъjь прыводзіцца толькі бел. дро́гкі і рус. смал. дре́хкий). Але ўсё сведчыць аб тым, што і формы з вакалізмам «о», і формы з вакалізмам «е» канцэнтраваліся фактычна на беларускай этнічнай тэрыторыі, г. зн. што прасл. лексема *drъgъkъjь (можна дадаць і яе варыянт *drьgъkъjь) з’яўляецца праславянскім дыялектызмам бел. мовы, што вельмі важна для гісторыі праславянскіх дыялектаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дубальто́ўка 1 ’дубальтоўка, паляўнічая стрэльба’ (БРС, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dubeltówka ’тс’ (ад dubeltowy ’падвойны’ < ням. dupel; гл. Брукнер, 101).
Дубальто́ўка 2. Гэта назва азначае розныя рэаліі: ’вялікая суконная хустка’ (Сцяшк., Сцяц.), ’падвойнае акно’ (Сцяшк.). У аснове ляжыць запазычаны з польск. мовы прыметнік дубальто́вы ’падвойны’ (гл.). Назвы для ’хусткі’ і ’падвойнага акна’ могуць быць утворанымі ўжо на бел. глебе (параўн., напр., выраз дубальто́выя ра́мы ’падвойныя рамы’, БРС). Але не выключаецца, што дубальто́ўка ў адзначаных вышэй значэннях — запазычанне з польск. дыялектаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жгут ’скручаны кавалак матэрыялу’. Рус. жгут ’тс’, укр. джгут, жгут. Паводле Гараева (107), падтрыманага Фасмерам (2, 38), дзеепрыметнік ад дзеяслова з коранем *žьg‑ (гл. жгаць), першапачаткова як ’шнур для падпальвання’. Праабражэнскі (1, 223) у гэтым не быў упэўнены, а Шанскі (1, Д, Е, Ж) прапануе тлумачэнне жгут//жигут (прадстаўленага ў арл., разан. гаворках) як вытворнага з суфіксам ‑ут (як лоскут) ад дзеяслова жигать (параўн. жгаць 2) паводле функцыі жгута, якім удараюць. Але галоўная семантычная прымета жгута — скручанасць — у абедзвюх этымалогіях застаецца па-за тлумачэннямі. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жму́ркі ’назва гульні’ (ТСБМ; гродз., Нар. словаўтв., 256), жму́ркі, зму́ркі ’частаванне на другі, трэці дзень пасля хрэсьбін’ (пухав., бярэз., Жд.). Рус. жму́рки ’назва гульні’, смал. ’нябожчыкі’, укр. жму́рки ’(назва гульні’, польск. żmurki ’тс’, чэш. žmukaná, уст. žmukačka ’тс’, славац. žmúračka, уст. разм. žmurky, серб.-харв. жму́рка, жму́ра, жми́ра ’назва гульні’. Відаць, яшчэ прасл. аддзеяслоўны назоўнік (гл. жмурыць) з суфіксам ‑ък‑, аформлены па мн. л.; на старажытнасць можа ўказваць не толькі агульнаслав. пашырэнне, але і выкарыстанне ў якасці назвы абраду, хаця і гульня можа адносіцца да старажытных.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Працэ́сія ’ўрачыстае мнагалюднае шэсце’ (ТСБМ), ’хрэсны ход’ (Нас., Гарэц.). Крыніцай слова з’яўляецца лац. prōcēssīo ’рух наперад’ (Фасмер, 3, 386), але вызначыць, праз польскае ці рускае пасрэдніцтва было запазычана слова, цяжка (Гіст. лекс., 260). Відаць, у першым значэнні слова запазычана з рус. проце́ссия ’тс’, якое, у сваю чаргу, праз польск. procesja ’хрэсны ход, царкоўнае шэсце; шэсце, чарада’ ўзыходзіць да вышэйназванай лац. крыніцы (параўн. Фасмер, там жа), а ў другім — з польскай. Ст.-бел. процесия, процесыя, процессия, процессыя ’шэсце’ з польск. procesja < лац. prōcēssiō (Булыка, Запазыч., 269).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рамшту́к, рамчу́к ’палачка на раму’ (Сл. ПЗБ). Вельмі падобна на германізм, параўн. ням. Rahmen, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, ст.-в.-ням. ram ’падпора’ і ням. Stock ’палка’. Рамчук магло б разглядацца як адаптацыя замежнай словаформы з выкарыстаннем малапрадуктыўнага, але блізкага па гучанні суф. ‑чук, што тут не нясе памяншальнай семантыкі, уласцівай гэтаму элементу. Цяжка пагадзіцца з Лаўчутэ (Балтизмы, 129), што гэта літуанізм і дэмінутыўнае ўтварэнне ад рама (гл.) з элементам ‑амшт‑ балтыйскага паходжання, параўн. літ. ramstùkas ’тс’ < ramstis ’папярочная планка, падпорка, апора’, remti ’падпіраць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)