РАБО́ЧАЯ СІ́ЛА,

1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).

2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,

узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л. генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЮ́НКІ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.

Л.​У.​Дучыц.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),

англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.

А.​Ю.​Маніна.

Р.Рос.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТКА ((Rothko) Марк) (25.9.1903, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 25.2.1970),

амерыканскі мастак. Беларускага паходжання. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Іельскага ун-та (1921—23). З 1925 у Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў групы «Дзесяць» (1935). У ранні перыяд звяртаўся да сац. матываў, якія трактаваў у духу экспрэсіянізму, у 1942—47 працаваў у сюррэалістычнай манеры. Пазней звярнуўся да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы вызначаюцца манументальнасцю, лаканічнасцю кампазіцыі (абмяжоўваў формы 2—3 квадратамі), пераважна светлым каларытам і аксамітнасцю фактуры, наўмыснай незавершанасцю афарбоўкі плоскасці: «Нумар 10» (1950), «Нумар 118» (1961), «Darke Over Brown № 14» (1963), серыя карцін для аздаблення капэлы Ін-та рэлігіі і чалавека ў Х’юстане (1969—70) і інш.

М.Ротка. Нумар 10. 1950.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),

падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кранія́льны

(ад гр. kranion = чэрап)

анат. чарапны, галаўны, размешчаны на падоўжнай восі цела чалавека або жывёлы бліжэй да галавы (пра які-н. орган); проціл. каудальны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыптакако́з

(ад крыпта- + гр. kokkos = зярнятка)

рэдкая хвароба жывёл і чалавека, выкліканая дрожджавымі грыбамі, пры якой паражаюцца лёгкія, цэнтральная нервовая сістэма, скура і падскурная клятчатка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыптархі́зм

(ад крыпта- + гр. orchis = яечка)

анамалія эмбрыянальнага развіцця, пры якой да моманту нараджэння чалавека або жывёліны адно або два яечкі не трапляюць у машонку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)