Жва́ка, жва́чка ’ежа (або нейкі прадмет), што шматразова перажоўваецца’ (ТСБМ). Рус. жвак, жва́ка, жва́чка, укр. жва́ка, жва́чка ’тс’, серб.-луж. žwak, в.-луж. žwačk, н.-луж. žwack ’тс’, балг. дыял. жва́ка, жва́чка ’тс’, серб.-харв. жва́ка ’тс’, жва̑к ’жавок, адзін рух сківіц пры жаванні’. Няма сумнення пра корань *žьv‑a‑ (гл. жава́ць). Далейшае ўтварэнне або ад жвакати бяссуфіксным спосабам (Лідэн у Зб. Міккале, 120, паводле Фасмера, 2, 37) або з суфіксам ‑к‑, як драка (Шанскі, 1, 5, 279), і памяншальным ‑ьк‑а (параўн. драчка), што больш верагодна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жу́чыць ’дакараць’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́чить ’тс’. Параўн. серб.-харв. жу̏чити, жу́чити ’рабіць горкім, мучыць’ (відаць, ад жу̑ч ’жоўць, злосць’). Праабражэнскі (1, 239) звязваў жучить з жгут, што неверагодна. Мала верагодна і дапушчэнне Фасмера (2, 68) пра сувязь з жуда, жуткий. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 301, ЭИРЯ, 3, 65) лічыць звязаным з рус. дыял. жук ’сварка, шум’ (у СРНГ не зафіксавана) і жу́ка́ть ’дакараць, спрачацца, сварыцца, гаварыць ціха’. Гэта этымалогія мае больш падстаў. Ці не з польск. zuczyć ’навучыць’ (у рус. тады з бел.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парася́, парасё ’дзіцяня свінні’, дыял. таксама парасёнак. Агульнаславянскае: рус. поросёнок, дыял. порося́, укр. порося́, ст.-рус. порося, царк.-слав. прасѧ, польск. prosię, серб.-харв. пра̑се і г. д. Праславянскае porsę, ‑ęte. Роднасныя у інш. і.-е. мовах: літ. par̃šas ’парася’, ст.-прус. parstian н. р. ’парася’, лац. por̃cus ’свойская свіння’, грэч. πόρκος, ст.-в.-ням. far(a)h ’парася’, сяр.-ірл. ors ’маладая свіння’, курдскае purs (гл. Траўтман, 207; Вальдэ-Гофман, 2, 314; Фасмер, 3, 332; Трубачоў, Происх., 63; у яго гл. і больш падрабязна літ-ру).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перако́п ’роў з валам упоперак чаго-небудзь’ (Растарг.), піряко́п ’роў, канава’ (Бяльк.); рус. перекоп ’глыбокая канава з валам’, польск. przekop, przekopa, przykop(a) ’роў, канал; абарончы роў’, н.-луж. pśekop ’траншэя; роў’, в.-луж. překop ’тс’, чэш. příkop ’роў, канава, кювет’; славац. prekop ’тс’, славен. prekòp ’канал; роў’, серб.-харв. пре́коп ’папярочны роў, канава’ — больш позняе аддзеяслоўнае ўтварэнне з прасл. *per‑kopati ’перакапаць’, якое набыло розныя канкрэтныя значэнні ў паасобных мовах. Параўн. перэкопа́ць ’перакапаць, перарэзаць канавай’ (ТС). У балг. (изкоп) і макед. (ископ) — з іншай прэфіксацыяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іша́к. Рус. иша́к, укр. іша́к, серб.-харв. ешек. Слова цюркскага паходжання. У беларускай праз рускую (на магчымасць гэтага ўказвае Крукоўскі, Уплыў, 73). У рускай адзначана з XVII ст., у форме ишечькъ — з 1567 г. Звычайна лічаць запазычаннем з тур., азерб. äşäk, тат. işäk ’асёл’ (Радлаў, Опыт, 1, 905–906, 1552; Фасмер, 2, 146). Па фанетычных і экстралінгвістычных прычынах Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 24) называе Каўказ як больш верагодную тэрыторыю запазычання. Гл. яшчэ Шанскі, 2, I, 140. У серб.-харв. мове з турэцкага (Скок, 1, 495).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
маха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым. Рабіць узмахі, рухі ў паветры. [Чалавек] ішоў не спяшаючыся, махаў партфелем, нібы забаўляўся ім. Чарнышэвіч. Вяла махала крыллямі разамлелая галка. Адамчык. // каму чым і чым. Падаваць знак, сігнал. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Усё больш і больш аддаляўся бацька. Ён махаў Сашку рукою. Даніленка. З узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, .. [Сцёпкаў] брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся. Колас. // чым. Разм. Рабіць узмахі якой‑н. прыладай у час работы. Махаць сякерай. □ Гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам .. і стукаць: цік-так, цік-так... Брыль. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам. Мележ.
2. чым. Трэсці чым‑н., пагражаючы каму‑н. [Бацька] з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад .. [сынавым] носам. Карпаў. Махае на людзей кулакамі .. пан камендант. Бажко.
3. Разм. Хутка ісці, рухацца, шпарыць. — Эх ты, брат, і жук, — у сваю чаргу разгадаў яго думку Міхал і засмяяўся: — Махай дадому. Васілевіч. — Ты махай за вярбу, а я ціхенька зайду з другога боку куста. Ляўданскі.
•••
Хоць ты махалам махай — занадта многа каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. Трымаючыся за што‑н. рукамі, падцягнуць сваё цела куды‑н., да чаго‑н. Падцягнуцца на турніку. □ Хлопчык ухапіўся за голле, падцягнуўся і вылез на бераг. Хадкевіч.
2. Рухаючыся куды‑н., сабрацца, дагнаць пярэдніх. Падцягнуліся войскі да лініі фронту. □ Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.
3. Разм. Падрасці, стаць большым. — Так... Хлопец не з дужых... І ростам не выйшаў... — Ну, рост не такі ўжо страшны, хлопец яшчэ падцягнецца. Лынькоў.
4. перан. Разм. Пачаць лепш выконваць работу, свае абавязкі, дагнаць лепшых, стаць больш дысцыплінаваным, акуратным. Пацягнуўся калектыў, вялікі давер натхняў, бадзёрыў. Узялі абавязацельствы працаваць яшчэ лепш. Кулакоўскі. Адных сакратар пакрытыкаваў, другім параіў падцягнуцца да ўзроўню перадавых. Кавалёў. — Малайчына, Ваня, — сказала настаўніца. — Вось толькі з пісьмом трэба падцягнуцца... С. Александровіч. // Стаць падцягнутым, строгім, акуратным. Пасля наведвання клуба кожны неяк падцягнуўся, стаў больш строгім, сабраным, старанным. «Звязда». Старшыня звыклым рухам паправіў рэмень, падцягнуўся і казырнуў. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.
1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.
2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.
3. звычайна мн. (тылы́, ‑о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.
4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.
•••
З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́віць, упраўлю, управіш, управіць; зак., каго-што.
1. Уставіць на месца што‑н. вывіхнутае. Дзед Беласпай управіў Паўліку вывіхнуты сустаў, і хлопчык ужо мог наступаць на хворую нагу. Беразняк.
2. Разм. Усунуць, уставіць што‑н. куды‑н. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза. Гартны. Каб зрабіць больш-менш паслухмяным [бугая], яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны.
3. Разм. Аддаць, прадаць. [Залман:] — Гэтулькі лесу чорту лысаму ўправіць! Лобан.
4. Разм. Даць увязнуць, увагнаць у што‑н. вязкае, грузкае. Так управіў воз у гразь, што ледзь выцягнулі. □ Цётка Іваніха зачыняе вароты, паказвае на дарогу: — Глядзіце ж, кабылу на.. грэблі не ўпраўце. Васілевіч.
5. Разм. Дагледзець, зрабіць усё па гаспадарцы. Маці працавала, мабыць, больш за нас усіх, разам узятых. Падумаць толькі! Дагледзець скаціну, управіць гаспадарку, напрасці і наткаць палатна і сукна на ўсю сям’ю. Дубоўка. [Андрэіха:] — Ай, Яўхім! Дзе б ты адным сваім канём дзве гаспадаркі ўправіў. Чарнышэвіч. Прошаным канём гаспадаркі не ўправіш. Прыказка.
6. перан. Разм. Загубіць каго‑, што‑н. Прыпала Зося губамі да болькі і заекатала, зайшлася з плачу.. Валасы рвала на сабе, праклінала, што сама сваё дзіця ўправіла. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хадо́к, хадака, м.
1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.
2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.
•••
Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)