Дуб1 ’дуб’. Рус. дуб, укр. дуб, польск. dąb, чэш. dub, серб.-харв. ду̑б, ст.-слав. дѫбъ. Прасл. *dǫbъ, дуб’ (падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 95–97). Паводле Трубачова, прасл. *dǫbъ — гэта назва-эўфемізм, якая звязана з лексікай з шырокай семантыкай: *dǫbrava, *dъbrь. У аснове ляжыць і.-е. *dheu̯bh‑ ’глыбокі’, але Трубачоў разумее *dǫbъ як іншасказальнае слова: першапачаткова ’нізіннае (дрэва)’. Сюды адносіцца і бел. дуб ’вялікі човен’ (Бяльк.), рус. дуб, укр. дуб. Прасл. характар маюць *dǫbiti (бел. дубі́ць і г д.); гл. Трубачоў, там жа, 91–92; прасл. dǫbina (у тым ліку бел. дубі́на, рус. дуби́на, укр. дуби́на).

Дуб2 ’вялікі човен’. Гл. дуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́ґаць ’моцна біцца (пра сэрца)’ (Сцяц.). Выбухное ґ сведчыць пра запазычанне. Параўн. польск. dygać ’трасціся’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 185; дзіўна, што Слаўскі, там жа, бел. ды́ґаць ставіць у адзін рад з польск. словам і не ставіць нават пытання аб магчымасці запазычання). Калі праўда, як мяркуе Слаўскі (там жа), што ў аснове дзеяслова ляжыць выклічнік тыпу dygu!, dyk!, можна думаць і пра самастойнасць бел. лексемы (ды́ґаць < *дыкаць з азванчэннем інтэрвакальнага ‑к‑ > ‑ґ‑). У Насовіча ды́гаць ’прысядаць, рабіць рэверанс; павольна, нібы прысядаючы, ісці’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 198) дапускае магчымасць запазычання з польск., але і роднаснасць з іншымі слав. формамі (прасл. *dygati). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 557.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ж, жа часціца, злучн. супр., далуч. Цяпер — паўн.-слав., аднак прадстаўлена ў выглядзе же ў ст.-слав., а ў складзе вытворных і складаных слоў — у сучасных паўд.-слав. мовах, таму па паходжанні прасл. *že, у якім скарачаўся галосны. Прасл. слова ўзыходзіць да і.-е. *ge ці *g​e, або *ghe (параўн. літ. ‑ga‑ nėsanga ’бо’, betaigaале’, ст.-прус. anga ’ці’). Непалаталізаваны варыянт *go прадстаўлены як частка слова няўго́ ’няўжо’ (Шат.) і шэрагу паўд.-слав. слоў, у тым ліку серб.-харв. не̏голи ’няўжо’. ESSJ SG, 1, 310, 334–335; 2, 759–760; Фасмер, 2, 39; Траўтман, 73–74; Тапароў, A–D, 85–86, Покарны, 1, 417.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́р-пту́шка ’казачная птушка з агністым пер’ем’. Рус. жар‑птица, укр. жар‑птиця, серб.-харв. жар‑пти̏ца, балг. жар‑птица (са спасылкай на рус. казкі) ’тс’. Параўн. у Плетаршніка славен. žâr‑žéna ’міфічная істота, падобная да вілаў’. Слова жар выступае ў спалучэнні ў якасці прыметніка са значэннем ’вогненны’ (гл. жа́ры). Іначай у Шанскага, 1, Ж, 277: складанне слоў жар ’агонь, гарачае вуголле’ і птица. Трэба мець на ўвазе познюю (1825 г.) фіксацыю спалучэння ў слоўніках, што можа ўказаць на пазнейшае штучнае ўтварэнне слова. Але Іваноў і Тапароў (Слав. яз. мод. системы, 141–142) пераканаўча звязваюць жар-птушку (і славац. pták‑ohnivák) са старажытным культам агню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рсці, перець ’грудзі ў каня’ (в.-дзв., Шатал.; ТС; ганц., беласт., Сл. ПЗБ; слон., арш., КЭС; Бяльк.; Янк. 2; Некр.; мазыр., З нар. сл.). Генетычна узыходзіць да персі. Мяркуецца (Махэк₂, 486), што слова магло абазначаць ’рэбры’, параўн. ст.-інд. parśu‑, ст.-інд. pr̥šṭí‑ (ж. р.) ’рабро’, але ў прасл. мове *pьrstь стала абазначаць ’грудзі ў каня’. Рэшткі ‑t‑ можна бачыць у чэш. prsotiny, prsosiny ’нагруднік’ (< *prstiny) і ў ням. Brust ’грудзі’. Раней Махэк (Recherches, 60) звязваў і.-е. *perкʼ‑ з *perst‑ > слав. pьrstъ ’палец’, прыводзячы ў пацвярджэнне той факт, што ў некаторых народаў (напр., у казахаў) нованароджанаму спачатку давалі смактаць палец, а не грудзі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыдо́ражня (прыдо́рожня) ’прыгуменне’ (лун., Нар. сл.). Суадносіцца з до́ражнік ’двор для жывёлы’ (Шат.); даржні́к ’адроджанае месца, куды летам заганяюць статак’ (Варл.; ашм., Стан.), што магло б даць падставы рэканструяваць прасл. *dьržьnikъ ’месца, дзе (часова) утрымліваюць статак’ з нерэгулярным, але і не ўнікальным пераходам ‑ь‑ у спалучэнні з плаўным у галосны непярэдняга раду, параўн. шырока распаўсюджанае рус. дыял. доржа́ть ’трымаць, мець у руках і пад.’ (СРНГ, 8, 130). Аднак больш верагодна, што аснова слова з’яўляецца мадыфікаванай пад уплывам дарога літуанізмам dar̃žiñe ’адрына, гумно’, параўн. даржэ́нь ’двор’, ад літ. daržas, лат. dārzs, латг. dāržes ’месца, дзе адпачывае свойская жывёла’ (Блесэ, SB, 12; Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́міна ’жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (ганц., Сл. ПЗБ), таксама пры́мі́ца, прамі́ца, прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (лун., Шатал.; ц.-палес., Нар. сл.; ТС; стол., ЛА, 4), мн. л. прі́мыцы ’пруты, якімі замацоўваецца салома на страсе’ (Шушк.), пры́мкі ’жэрдкі ў страсе’ (трак., Сл. ПЗБ); сюды ж больш далёкае ад словаўтваральнай асновы пры́йма ’тс’ (пін., Нар. сл.) з эпентэзай, якая, магчыма, з’явілася ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з пры́ймаць. Утворана ад прыміна́ць/прымя́ць, гл. мяць. Інакш Лаўчутэ (Балтизмы, 126), якая звязвае назвы на ‑іц‑ з літ. prìemietis, дыял. prýmietis, мн. л. prýmiečai ’калок, які ўваткнуты каля плотавага кала; падпорка, падбойка’, што фармальна цалкам верагодна, але семантычна няпэўна. Гл. прыні́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́падзь1 ’закалец — сыры, недапечаны слой хлеба каля ніжняй скарынкі, які ўзнікае пры неналежным выпяканні’, пры́падлівы ’з закальцам, як бы трохі прылеплены да поду’ (Нас.). Магчыма, перанос значэння з наступнага слова — ’сыры слой у хлебе, як глей’, але не выключана і незалежнае ўтварэнне ад прыпада́ць з семантычнай матывацыяй: ’нізкі; які не падняўся; злеглы’ і да т. п.

Пры́падзь2 ’слой глеістай зямлі; падзол’ (Нас., Байк. і Некр., Варл.), пры́падлівы ’глеісты, з падзолам’ (Нас.), прыпа́длівый ’вільготны, злеглы (аб зямлі)’ (Бяльк.). Рус. зах. при́падь ’падзолістая глеба’, смал., цвяр. припа́дливый ’зацвярдзелы (пра зямлю, глебу)’, укр. при́падь ’нізіннае месца; чарназём з гразкай глінай’, припа́дливый ’нізінны’. Да прыпадаць1 ’нахіляцца, прыціскацца’, ’шчыльна прылягаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́мень ’доўгая паласа, вырабленай скуры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’раменная частка пугі’ (ТС), ’прывязка для прымацоўвання біча да цапільна’ (Шатал.), рэ́мінь ’раменны пас’ (Бяльк.), рэмянчык ’раменьчык’ (Сл. ПЗБ), рэменячка ’тс’ (ТС), рэменны ’раменны, зроблены са скуры’ (ТС), раме́нь ’рэмень’ (Сл. ПЗБ). Укр. ремінь, рус. ремень, польск. rzemień, rzemyk, н.-луж., в.-луж. rjemjeń, чэш. řemen, řemyk, славац. remeň, славен. jermen, серб. і харв. реме̑н, макед. ремен, балг. ремък. Прасл. *remy, Род. скл. *remene (Сной, 201). Не выключаюць і праславянскае запазычанне з нямецкай мовы, параўн. с.-в.-ням. rieme(n) ’тс’, с.-н.-ням. rēme, rēmen ’тс’ (Брукнер, 475; Чарных, 2, 110), але існуе думка, што ням. Riemen славянскае запазычанне (Даль, 3, 1675).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)