ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),

хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГАНАДЫ́ЗМ (ад гіпа... + ганады),

гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).

Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЕ́ННЕ,

разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіць да ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган. к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл. таксама Аманіфікацыя.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōtos вядомы + біялогія),

раздзел эксперым. біялогіі і медыцыны, які займаецца атрыманнем і вырошчваннем у стэрыльных умовах гнотабіётаў — жывёл, свабодных ад мікраарганізмаў, гельмінтаў і членістаногіх, а таксама стэрыльных жывёл, спецыяльна заражаных пэўнымі відамі мікраарганізмаў. Сфарміравалася ў 1960-я г. Вывучае ўзаемаадносіны паміж макра- і мікраарганізмамі, што мае значэнне для вырашэння праблем трансплантацыі органаў, імуналогіі, генетыкі, мікрабіялогіі, марфалогіі, фізіялогіі, радыебіялогіі, касм. біялогіі і медыцыны, хірургіі, анкалогіі і інш. Развіццё гнотабіялогіі прывяло да меркавання, што нармальнае жыццё чалавека і вышэйшых жывёл магчыма толькі пры наяўнасці ў іх мікрафлоры.

Літ.:

Чахава О.В. Гнотобиология. М., 1972;

Гнотобиология в хирургии. М., 1982;

Теоретические и практические основы гнотобиологии. М., 1983.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДАНІ́ЗМ (ад грэч. hēdonē асалода),

этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.​Гобс, Дж.​Лок, П.​Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.​Сантаяна, Дз.​Дрэйк, аўстр. М.​Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЛО́ГІІ І ПЕРАЛІВА́ННЯ КРЫВІ́ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1932 у Мінску як філіял Цэнтр. ін-та пералівання крыві на базе хірург. аддзялення 1-й клінічнай бальніцы, з ліст. 1932 Бел. НДІ пералівання крыві, з 1988 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў у дзяцей і дарослых з выкарыстаннем медулатрансфузіі (перасадка касцявога мозга), прагназаванне і карэкцыя гематалагічнага стану чалавека ў сувязі з праблемамі ліквідацыі мед. вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; даследаванне рэгулятарных механізмаў кроваўтварэння і імунітэту; стварэнне біятэхнал. схем вытв-сці гібрыдомных монакланальных дыягностыкумаў біяспецыфічных прэпаратаў крыві, кровазаменнікаў і гемасарбентаў, стварэнне аптымальнай структуры службы крыві і гематалагічнай службы.

Я.​П.​Іваноў.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАГІГІЕ́НА [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + гігіена],

раздзел геранталогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (сацыяльных, бытавых, прыродных) і ладу жыцця на хуткасць і характар старэння чалавека. Уключае герагігіену працы, харчавання, сацыяльную, камунальную. Герагігіена працы разглядае пытанні прафес. працаздольнасці асоб старэй за 40 гадоў. Асн. рэкамендацыі: зніжэнне рабочай нагрузкі, тэмпу і рытму працы, павелічэнне колькасці і працягласці перапынкаў, макс. выкарыстанне вопыту, устойлівага рабочага дынамічнага стэрэатыпу. Герагігіена харчавання даследуе прынцыпы энергет. збалансаванасці ў адпаведнасці з энергазатратамі; сацыяльная герагігіена — уплыў сац.-эканам. фактараў на стан здароўя, камунальная герагігіена — жыллёва-бытавыя праблемы пажылых і старых людзей. Важную ролю пры гэтым адыгрываюць фіз. нагрузкі, наяўнасць шкодных прывычак, псіха-стрэсарныя і экалагічныя фактары.

Л.​М.​Машуль.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУБА́НАВА (Газіза Ахметаўна) (н. 2.12.1927, урочышча Касуактам Акцюбінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар. Нар. арт. Казахстана (1973), нар. арг. СССР (1981). Скончыла Маск. кансерваторыю (1954, клас Ю.Шапорына). З 1966 выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1978 праф., у 1975—87 яе рэктар). Сярод твораў: оперы «Енлік і Кебек» (1975), «Дваццаць восем» (1981), «Курмангазы» (разам з бацькам А.​Жубанавым, 1987), балет «Легенда пра белую птушку» (1966); араторыі «Зара над стэпам» (1960), «Аральская быль» (1978), «Пісьмо Таццяны» (1983), «Палюбі чалавек чалавека» (1988); кантаты; сімфоніі «Жыгер» (1973), «Востраў Жанчын» (1983), сімф. паэмы (1954, 1965); канцэрты для фп. (1986) і скрыпкі (1958) з арк.; камерна-інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Казахстана 1970.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,

максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)