лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
абалонка з разрэджанага іанізаванага газу, якая акружае гарачы белы карлік і расшыраецца. Па знешнім выглядзе падобная на дыск планеты (адсюль назва).
Пры сцісканні ядра зоркі, якім заканчваецца стадыя чырвонага гіганта, яе вонкавыя слаі скідваюцца з вял. скорасцю і аддзяляюцца ад ядра. Паводле сучасных тэорый зорка з вугляродным ядром і масай 0,6—4 сонечныя масы ўтварае П.т. і пераўтвараецца ў белы карлік. Абалонка расшыраецца са скарасцямі да некалькіх тысяч метраў за секунду, паглынае ультрафіялетавае выпрамяненне цэнтр. зоркі і перавыпрамяняе яго ў бачнай частцы спектра праз флуарэсцэнцыю. Стадыя П.т. доўжыцца да 50 тыс. гадоў. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫ ЛЕДАВІ́К.
мацерыковы лёд, наземны ледавік у выглядзе суцэльнага ледзянога шчыта (купала). Дасягае магутнасці некалькіх кіламетраў (больш за 4 км у Антарктыдзе) і плошчай у мільёны квадратных кіламетраў. Утвараецца там, дзе снегавая лінія апускаецца да ўзроўню нізін. Напрамак руху і шчытападобная пукатая форма П.л. не залежаць ад характару рэльефу дна. Вобласць жыўлення размешчана ў цэнтр., найб. узвышанай частцы, адкуль лёд расцякаецца да краёў. Расход лёду ажыццяўляецца пераважна за кошт яго сцёку ў шэльфавыя ледавікі і адколвання айсбергаў. П.л. займаюць пл. 14,4. млн.км², з іх 85,3% прыпадае на Антарктыду, 12,1% на Грэнландыю, 2,6% на ледавікі Канадскага Арктычнага архіпелага, Ісландыі, Шпіцбергена і інш. астравоў Арктычнага басейна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн ў 1993 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. на базе політэхн. ін-та (з 1974). У 2000/01 навуч.г. 6,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: геадэзічны, інж.-буд., машынабуд., радыётэхн., тэхнал., гісторыка-філал., фін.-эканам., юрыд.; 3 ф-ты павышэння кваліфікацыі работнікаў прам-сці ў галіне эканомікі, нафтагазавай прам-сці, інфарм. тэхналогій. Аспірантура з 1989. Магістратура з 1997. Пры ун-це працуе ліцэй. Мае вылічальны цэнтр, б-ку. З’яўляецца галаўной н.-д. арг-цыяй Віцебскага рэгіёна ў галіне хім. тэхналогіі, машынабудавання, буд-ва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі; вядзе даследаванні ў галіне эканомікі, экалогіі, педагогікі, права. З 1995 выдае «Весці ПДУ».
Заняткі ў хімічнай лабараторыі Полацкага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1906 з жоўтай цэглы замест драўлянага касцёла Маці Божай Ружанцовай (17 ст.) на правым беразе р. Іслач. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай. Цэнтр. неф накрыты спічастым 2-схільным, бакавыя (больш нізкія) нефы — пакатымі 1-схільнымі дахамі. На гал. фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, 2-ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Гал. ўваход вырашаны 3 стральчатымі парталамі з акном-ружай над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў пра-. сценках, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі і паясамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАКРЫ́ШНА (сапр.Чатэрджы Гададхар ; 18.2.1836, Камарпукур, Індыя — 16.8.1886), індыйскі мысліцель, рэліг. прапаведнік і грамадскі дзеяч. У юнацтве быў індуісцкім жрацом. Імкнуўся аб’яднаць адвайта-веданту Шанкары з вучэннем Рамануджы. Лічыў, што для адраджэння Індыі і ўсяго чалавецтва неабходна адзіная рэлігія; прапаведаваў духоўную роднасць усіх рэлігій. Асабістая яго рэліг. практыка была звязана з пакланеннем жаночаму боскаму пачатку, цэнтр. персанажу індуісцкага пантэона багіні Калі (Вял. Маці). Паводле Р., гал. патрабаванне рэліг. этыкі — не адмаўленне ад свету, а выкананне сваіх абавязкаў. Значна паўплываў на ідэалогію інд.нац. руху. У сучаснай Індыі Р. прыраўноўваюць да святых — да тых, хто пры жыцці дасягнуў духоўнага вызвалення, набыў пазаасобаснае быццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ.цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв.цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтрВаршаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст.цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 17.4.1962). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 33,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 50,7%. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Клімавічы. 161 сельскі нас. пункт. 10 сельсаветаў: Высакоўскі, Галіцкі, Гусаркаўскі, Дамамерыцкі, Кісялёва-Будскі, Лабжанскі, Лазовіцкі, Мілаславіцкі, Раднянскі, Ціманаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, з 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, адселены 15 нас. пунктаў.
Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважна на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 214 м (на Пд ад в. Галічы). Карысныя выкапні: торф, мел, мергель, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. У раёне р. Сож з прытокамі Іпуць, Лабжанка, Асцёр (з Сасноўкай), на Пд — р. Жадунька (з Крупняй) і р. Сураў (правыя прытокі Беседзі). На р. Іпуць Мілаславіцкае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя (46,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33,5%) глебы. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і асінавыя, займаюць 34% тэрыторыі, з іх 30,5% — штучныя насаджэнні. Пад балотамі 4% тэрыторыі, асушана 345 га, найб. масівы Булгакаўскае, Фаміно, Саўскае, Вял. Мох. Зона адпачынку Лабжанка. Помнікі прыроды мясц. значэння: лес яловы Гірэевічы ў Клімавіцкім лясніцтве, лес бярозавы Пянькоўка ў Гусаркаўскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 82,8 тыс.га, з іх асушаных 13,9 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 9 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак, племзавод «Ціманава», навуч. гаспадарка с.-г. тэхнікума, эксперым. база «Раднянская» па насенняводстве бульбы, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (спірт, мясныя і малочныя вырабы), металаапр., буд. матэрыялаў і паліўнай (торфабрыкет) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі, якія звязваюць цэнтр раёна з гарадамі Касцюковічы, Крычаў, г.п. Хоцімск, адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых (у т. л. школа-інтэрнат), 6 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, тэхнікум, СПТВ, 22 дашкольныя ўстановы, раённы цэнтр культуры, 8 дамоў культуры, 26 клубаў, 35 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: цэрквы ў вёсках Дубравіца (пач. 20 ст.), Куляшоўка (1893), Лазовіца (пач. 20 ст.), Мілаславічы (2-я пал. 19 ст.). Выдаецца газ. «Родная ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтрЛунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтрЛунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).