Ляжа́ць, лежа́ць, ліжа́ць, лыже́тэ ’знаходзіцца, займаць гарызантальнае становішча, прастору’, ’распасцірацца’, ’прылягаць’, ’хварэць’, ’захоўвацца’, ’пра зямлю, якая непрыгодна для апрацоўкі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Мат. Гом., Янк. 1, Ян., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Укр. лежа́ти, рус. лежа́ть; польск. leżeć, палаб. liže (3 ас. адз. ліку), н.-луж. lažaś, в.-луж. ležeć, чэш. ležeti, славац. ležať, славен. léžati, серб.-харв. лѐжати, макед. лежам, балг. лежа́, ст.-слав. лежати. Прасл. ležati, якое з legeti ’быць выцягнутым гарызантальна ўсім целам на чым-небудзь’ (Слаўскі, 4, 196–198). Да і.-е. *legh‑: ст.-в.-ням. ligen (liggan), гоц. ligan, ст.-сакс. liggian, ням. liegen, ст.-ісл. liggja, ст.-грэч. λέχος, λέκτρον ’пасцель’, ст.-ірл. ligę ’пасцель, магіла’ (Бернекер, 1, 704–705; Мее, MSL, 14, 339;Фасмер, 2, 475; Махэк₂, 329; Скок, 2, 281–283; БЕР, 346–347; Шустар-Шэўц, 11, 818). Сюды ж міёр. ле́жъцца ’даспяваць сарванымі, лежачы (пра плады)’ (Нар. сл.), ле́жанне ’вылежванне (пра плады)’ (Юрч.), ляжня́ ’ляжанне’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лік1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъзах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліцо ’твар, аблічча’ (Бяльк., Ян.; брасл., ушац., лепел., арш., крыч., капыл., пух., маз., хойн., КЭС; брасл., Сл. ПЗБ), лічка, лічэнька, лічанька ’тварык’ (Нас., Растарг.), ’правы бок тканіны’ (Уладз.), укр. лице, рус. лицо, ст.-рус. лице; польск. lice, н.-, в.-луж. lico, чэш. líce, líčko, ст.-чэш. яшчэ і líc, ходск. líce, lícata, славац. líce, líco, славен. líce, серб.-харв. ли́це, чак. лице̏, макед. лице, лици (мн. лік лицинта), лико, балг. лице, лико, ст.-слав. лице, личеса. Прасл. lice Якабсон (Этимология–84, 248–249) рэканструюе як *lin̥kam, а формы з заднянёбным (лико, ликъ) узыходзяць да праформы *leik‑ (без насавога інфікса). Мартынаў (Прасл. яз., X Міжнар. з’езд слав., Мн., 1988, 30–31) прасл. lice разглядае як слав.-прус. інавацыю (параўн., ст.-прус. laygnan < *leiknan), якая арыентавана на італійска-кельцкі арэал (параўн., ст.-ірл. lecco, ірл. leaca ’шчака’ < *lēk‑ < leik‑). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 495–496; Слаўскі, 4, 222–225; Махэк₂, 331; Бязлай, 2, 139; Мартынаў, Лекс. взаим., 213–217. Больш падрабязна гл. Трубачоў, Эт. сл., 15, 75–78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́цца ’цячы струменем’, ’распаўсюджвацца, выходзіць (аб дыме), разносіцца’, ’залівацца тлушчам’, ліць ’выліваць’, ’безупынна цячы’, ’выплаўляць’, ’распаўсюджваць’, ’ісці (пра вялікі дождж)’, лаг. лі́цца, тураў. ліць вуліўкі ’несці яйкі без шкарлупы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сцяшк., КЭС, ТС), літыя боты ’боты з тоўстай гумы’ (лід., Сцяшк. Сл.; Ян.), літы ’выраблены ліццём’ (ТС). Укр. лити, рус. лить, ст.-польск. lić, суч. lać, н.-луж. laś, в.-луж. leć (lije), чэш. líti, славац. liať, славен. líti (líjem), серб.-харв. ли̏ти, балг. лия ’лить’, макед. излева ’выліваць, адліваць’, ст.-слав. излити ’выліць’. Прасл. liti (lьjǫ і пазней lějǫ), роднаснымі да якога з’яўляюцца: літ. lýti, lỹja ’ісці (аб дажджы)’, líeti, лат. liêt ’ліць’, lît ’струменіць’, ст.-грэч. ἄλεισον ’посуд на віно’, лац. lītus ’востраў’, кімр. lli ’мора’, lliant ’цячэнне’, гоц. leiþu ’фруктовы сок, сідр’, алб. lisë, lysë ’ручэй’, і.-е. *lē̆i ’ліць, капаць’ (Бернекер, 709, 710; Фасмер, 2, 504; Слаўскі, 4, 248; Махэк₂, 336; Бязлай, 2, 145).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лічма́н1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.

Лічма́н2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)