астудзі́ць, астуджу, астудзіш, астудзіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць халодным або халаднейшым. Астудзіць ваду. □ А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні. Асіпенка. Паліць гарачае сонца, І вецер яго не астудзіць. Танк.

2. перан. Разм. Стрымаць, суцішыць сілу, палкасць якога‑н. пачуцця, жадання і пад. От што значыць час: ён можа астудзіць, патушыць самы вялікі пажар пачуццяў. Сабаленка. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Колас. Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вербава́ць, вярбую, вярбуеш, вярбуе; незак., каго.

Набіраць, наймаць людзей на якую‑н. працу, схіляць да ўступлення ў якую‑н. арганізацыю. Вербаваць рабочых на лесараспрацоўкі. □ Школа існавала ўжо некаторы час, але карысці з яе не было, бо людзі, якія ў ёй вучыліся, кідалі гэтую нязвыклую ім справу, ледзьве пабыўшы ў ёй тыдзень або найбольш два. Вербавалі тады новых «вучняў». Чорны. Прысуду і кары яшчэ патрабуем Злачынцам праклятым, што ночы і дні Разбой ухваляюць, забойцаў вярбуюць Да новай крывавай сусветнай вайны. Танк.

[Ад ням. werben — шукаць, дамагацца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.

2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агрэ́бці, аграбу, аграбеш, аграбе; аграбём, аграбяце; пр. агроб, агрэбла і аграбла; зак., што.

1. Тое, што і абгрэбці.

2. Разм. Згрэбці ўсё з якой‑н. плошчы. [Дзядзька:] — Агрэблі мы так свае соткі, зірнулі, і страх нас узяў — было поле зялёнае, а стала чорнае, толькі вяршочкі зялёныя з зямлі вытыкаюцца. Палтаран.

3. перан. Атрымаць, здабыць, захапіць што‑н. у вялікай колькасці. [Ціток:] — Каб нам з вамі папалам дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замяша́нне, ‑я, н.

1. Стан разгубленасць збянтэжанасці. Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Зарэцкі. Быў імгненны, як электрычная іскра, спалох, які працяў усю істоту, а хвілінай пазней, калі замяшанне прайшло, нейкае ўнутранае задавальненне. Навуменка.

2. Часовае парушэнне звычайнага ходу якога‑н. дзеяння; беспарадак, расстройства. — Сабраў бы ў камяк усю волю, прыняў бы адразу ўсе меры, каб не было ніякага замяшання ў калгасе. Хадкевіч. Кулямёт застракатаў другі раз, і ў першых радах зрабілася замяшанне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ізалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.

1. Адасобіць (адасабляць), аддзяліць (аддзяляць) ад навакольнага асяроддзя, абставін, умоў і пад. Дзверы не адчыняліся. Аўтаматычныя рэле пасля ўдару герметычна ізалявалі бібліятэку ад астатніх памяшканняў. Шыцік.

2. Змясціць (змяшчаць) асобна, пазбавіць (пазбаўляць) кантактаў з кім‑н. Ізаляваць злачынца. □ Пакуль хвароба не пашыралася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. — Я вас не арыштоўваў, а толькі ізаляваў на некаторы час. Чарнышэвіч.

3. Пакрыць ізаляцыяй (у 3 знач.). Ізаляваць электрычны провад.

[Ад фр. isoler.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бля́клы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.

2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Цягнучы, зняць з чаго‑н., адкуль‑н. Звалачы мяшок з воза.

2. Цягнучы, перамясціць куды‑н. [Пятрусь] звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Колас.

3. Сабраць, сцягнуць у адно месца. Звалачы галлё ў кучу.

4. Угаварыць, прымусіць пайсці куды‑н. — На рыбу .. [бацьку] Яўхім звалок. Кажа, у дождж ловіцца добра. Савіцкі.

5. Украсці, сцягнуць. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)