Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ЛАО́С (Lao), Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст.тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЗА́НІЯ (Tanzania), Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (суахілі Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, англ. United Republic of Tanzania),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Складаецца з мацерыковай (Танганьіка) і астраўной (а-вы Занзібар і Пемба) частак. Мяжуе на Пн з Кеніяй і Угандай (частка граніцы па воз. Вікторыя), на З з Руандай, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікай Конга (граніца па воз. Танганьіка), Замбіяй, Малаві (частка граніцы па воз. Ньяса), на Пд з Мазамбікам; на У абмываецца Індыйскім ак.Пл. 945,09 тыс.км². Нас. 35 306,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — суахілі і англійская. Сталіца — г.Дадома (урадавыя ўстановы паступова пераводзяцца з г.Дар-эс-Салам). Краіна падзяляецца на 25 абласцей (20 на мацерыку, 5 у астраўной частцы). Нац. свята — Дзень Саюза (26 крас.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — парламент, у які ўваходзяць прэзідэнт краіны і Нац. асамблея з 232 дэпутатаў, што выбіраюцца кожныя 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым і тайным галасаваннем (частка дэпутатаў назначаецца).
Прырода. Большая ч.тэр. — на Усх.-Афр. пласкагор’і (на выш. больш за 1000 м). Характэрны ланцугі пласкаверхіх узвышшаў і гор. Уздоўж зах. і паўд.-зах. граніц працягнуліся скідавыя ўпадзіны Усх.-Афр. высокасейсмічнай зоны разломаў з вулканамі Кіліманджара (выш. 5895 м, найвыш. пункт Афрыкі) і Меру (4567 м). Уздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. — вузкая нізіна. Карысныя выкапні: алмазы, волава, вальфрам, фасфарыты, тытана-магнетытавыя, ніобіевыя руды і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячныя т-ры ад 15—20 °C да 25—27 °C. Ападкаў на б.ч. краіны 500—1500 мм за год. Гал. рэкі Пангані, Руфуджы, Рувума ўпадаюць у Індыйскі акіян. Т. часткова належаць азёры Вікторыя, Танганьіка, Ньяса; ёсць бяссцёкавыя салёныя азёры Руква, Натран, Эясі. У натуральнай расліннасці на З і Пд пераважаюць трапічныя сухія рэдкалессі, на прыморскай нізіне — паркавыя саванны, у цэнтр. і паўн.-ўсх. раёнах — травяністыя саванны. Па схілах гор — вечназялёныя лясы, хмызнякі. Шматлікія нац. паркі і рэзерваты, у т. л. Селус, Серэнгеці, Кіліманджара і Нгарангора, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, а таксама Руаха, Мікумі, Тарангірэ, Рунгва, створаныя для аховы багатай фауны млекакормячых (сланы, насарогі, бегемоты, буйвалы, зебры, жырафы і інш.).
Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна, больш за 30 народаў. Каля 98% складаюць афр. народы, што пераважна належаць да ўсх. банту. Найб. народы: ньямвезі, сукума, суахілі, хехе, бена, макондэ, хайя, кінга, джага. На ПнУ жывуць масаі, мова якіх адносіцца да нілоцкай сям’і, у цэнтр. частцы — народы, што гавораць на кушыцкіх і кайсанскіх мовах. Ёсць таксама індыйцы, пакістанцы, арабы. Сярод вернікаў хрысціяне (45%), мусульмане (35%), прыхільнікі традыц. вераванняў (20%). Сярэднегадавы прырост 2,57% (2000). Сярэдняя шчыльн. 37,4 чал. на 1 км. Найб. населены раён на Пд ад воз. Вікторыя, схілы Кіліманджара і Меру, в-аў Занзібар (да 500 чал. на 1 км²), найменш — унутр. пласкагор’і. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1998). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Дар-эс-Салам — 1360,8, Мванза — каля 300, Дадома, Танга і Занзібар — каля 200. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. Т. знойдзены найб.стараж. рэшткі чалавека (гл.Олдувай). Аўтахтоннае насельніцтва Т. — плямёны, блізкія да сучасных бушменаў і гатэнтотаў. У 1-м тыс.н.э.тут пасяліліся плямёны земляробаў банту і жывёлаводаў нілотаў. У 7—8 ст. сюды праніклі арабы; у выніку іх узаемадзеяння з мясц. насельніцтвам ва ўзбярэжных раёнах Т. склалася мусульм. паводле веравызнання этн. супольнасць — суахілі. Існаваў шэраг гарадоў-дзяржаў суахілі, багацце якіх ствараў транзітны гандаль паміж унутр. раёнамі Афрыкі і краінамі Б. Усходу. У канцы 15 ст.тут з’явіліся партугальцы, якія ўсталявалі кантроль над гарадамі суахілі. У канцы 17 ст. партугальцаў выгналі аманцы. У 1856 узнік самастойны султанат Занзібар з цэнтрам на аднайм. востраве на чале з дынастыяй аманскага паходжання. У 1884 над мацерыковай ч. Т. ўстанавіла кантроль Германія. А-вы Занзібар з 1890 сталі брыт. пратэктаратам. У 1-ю сусв. вайну Герм.Усх. Афрыку акупіравалі брыт. войскі; у 1920 б.ч. яе пад назвай Танганьіка перададзена Лігай Нацый пад кіраванне Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну больш за 80 тыс. выхадцаў з Т. змагаліся ў складзе брыт. арміі. У 1954 створаны Нац.афр. саюз Танганьікі (ТАНУ) на чале з Дж.К.Ньерэрэ. ТАНУ перамог на ўсеагульных выбарах 1960 і ўзначаліў урад Танганьікі. 9.12.1961 абвешчана незалежнасць краіны.
У снеж. 1962 абвешчана рэспубліка на чале з прэзідэнтам Ньерэрэ, 10.12.1963 абвешчана незалежнасць Султаната Занзібар. Паўстанне 12.1.1964 скінула манархію на Занзібары і паклала канец панаванню выхадцаў з Амана; да ўлады прыйшла Афра-шыразі партыя (АШП). 26.4.1964 Танганьіка і Занзібар аб’яднаны ў адзіную дзяржаву (з 29.10.1964 — Аб’яднаная Рэспубліка Т.); Занзібар пры гэтым захаваў значную аўтаномію. Па ініцыятыве Ньерэрэ ў краіне пачалася пабудова сацыяліст. грамадства шляхам аб’яднання сял. гаспадарак у калектыўныя — т.зв. уджамаа; нацыяналізаваны замежныя банкі і прадпрыемствы. У 1977 ТАНУ і АШП аб’яднаны ў Рэв. партыю (РП), усе інш. партыі забаронены. У пач. 1980-х г.эканам. становішча Т. пагоршылася, што прымусіла Ньерэрэ падаць у 1985 у адстаўку. Новае кіраўніцтва краіны і РП на чале з А.Х.Мвіньі пачало лібералізацыю эканомікі, што спрыяла пераадольванню крызісу. У 1992 дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах 1995 перамагла РП, яе прадстаўнік Б.У.Мкапа абраны прэзідэнтам Т. Т. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь з мая 1996. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. партыя, Нац. канвенцыя за стварэнне і рэформы, Аб’яднаны грамадз. фронт, Аб’яднаная дэмакр. партыя, Партыя дэмакратыі і прагрэсу.
Гаспадарка. Т. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна, уваходзіць у лік 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) расце больш марудна, чым насельніцтва, складае каля 250 дол. на 1 чал. ў год. 25% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, Паляўніцтве. 14,4% — у прам-сці, энергетыцы, будаўніцтве, 4,9% — у транспарце і сувязі, 14,8% — у гандлі, атэлях і рэстаранах, 40,9% — у інш. абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 52 млн.га (каля 55% тэр. краіны), у т. л. каля 10,4 млн.га ў раслінаводстве і каля 31,6 млн.га ў жывёлагадоўлі. Частка зямель арашаецца. Праведзена агр. рэформа, ёсць с.-г. кааператывы і дзяржгасы. У некаторых раёнах захоўваецца абшчыннае землеўладанне. Узровень с.-г. вытв-сці непастаянны, церпіць страты ад неспрыяльных умоў надвор’я, недахопу ўгнаенняў, паліва і машын. Пераважае матычнае раслінаводства. Збор асн.харч. культур (1999, млн.т): кукурузы 2,8, рысу 0,9, маніёку 2,2. Сеюць таксама пшаніцу. проса, сорга, бабовыя, маніёк, батат. алейныя культуры і агародніну. Асн. экспартныя культуры (1999, тыс.т): кава 37,1, зялёны чай 120,6, бавоўна 133,5, арэхі кэш’ю 75,8, тытунь 37,9, сізаль 24 (1-е месца ў свеце). На а-вах Занзібар і Пемба плантацыі гваздзіковага дрэва (1-е месца ў свеце, каля 60—80% сусв. вытв-сці) і какосавых пальмаў. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг, арахіс, бананы, пірэтрум. Трапічнае садоўніцтва. Харч. культуры вырошчваюць амаль паўсюдна, экспартныя — у асобных раёнах: каву — у горных і перадгорных раёнах, на схілах вулкана Рунгве, чай — на схілах Кіліманджара, бавоўну — на паўд. узбярэжжы воз. Вікторыя, арэхі кэш’ю — на ўзбярэжжы акіяна, тытунь і пірэтрум — каля г. Ірынга, сізаль — у раёнах гарадоў Дар-эс-Салам і Танга. Жывёлагадоўля малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Колькасць жывёлы ў многіх этнічных групах мае прэстыжны характар, таму яе забіваюць вельмі рэдка. Пагалоўе (1997, млн. галоў); буйн. раг. жывёлы 14,4, коз 9,9, авечак 4,2. Каля 75% пагалоўя сканцэнтравана ў раёне воз. Вікторыя. на ПнУ і ў цэнтр. раёнах. Пераважае паўкачавая, адгонна-пашавая і пашавая жывёлагадоўля. Развіццё галіны стрымліваецца эпізаотыямі і недастатковай абводненасцю значнай часткі пашы. Птушкагадоўля (больш за 28 млн. курэй). Рыбалоўства ў моры і азёрах (357,2 тыс.т, 1999). Паляўніцтва. У прам-сці Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, тэкст. і абутковыя ф-кі, з-ды па вытв-сці ўгнаенняў, буд. матэрыялаў і цэменту. Вядзецца здабыча золата, алмазаў, рубінаў, сапфіраў, каменнай солі, фасфарытаў, гіпсу, жал. руды, волава і кааліну. На ПдЗ здабываюць кам. вугаль (каля 300—400 тыс.т штогод). На Пд ад г. Дарэс-Салам пачата здабыча прыроднага газу. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (каля 70%) і імпартнай нафты (каля 30%). Найб.ГЭС на р. Пангані. У 1999 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Вытв-сцьасн.прамысл. прадуктаў (1999): цукру — 153 тыс.т, цыгарэт — 3,4 млн.шт., піва — 123,9 млн.л, тэкстылю — 49,8 млн.м² цэменту — 833 тыс.т, металапракату — 9,5 тыс.т, нафтапрадуктаў — 287 тыс.т, фарбаў — 12,9 млн. л. Працуюць нафтаперапр., цэм., аўтазборачны з-ды (Дар-эс-Салам), шынны і фармацэўтычны з-ды (Аруша), цукр.з-д і каваперапр. ф-ка (Букоба) і інш. Развіты саматужныя рамёствы: пашыў нац. адзення і абутку, выраб посуду, упрыгожанняў, цыновак і сувеніраў. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. (1999, тыс.км): чыгункі — 4,4, аўтадарог — 88,2, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,7, унутр. водных шляхоў (у асн. па азёрах) — каля 0,8. Нафтаправод з Дар-эс-Салама ў г. Ндола (Замбія). У краіне 55 тыс. легкавых. 78,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскія парты Дар-эс-Салам, Танга, Лінды, Занзібар, азёрныя — Мванза (воз. Вікторыя), Кігома (воз. Танганьіка). Праз марскія парты Т. ідзе значная частка знешнеэканам. сувязей Уганды, Бурундзі, Руанды, Замбіі. У краіне больш за 100 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. 3 міжнар. аэрапорты (каля гарадоў Дар-эс-Салам, Аруша і Занзібар). У 1999 экспарт склаў 828 млн.дол., імпарт — 1440 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава, чай, бавоўна, сізаль, арэхі кэш’ю, мінер. сыравіна, тытунь, у імпарце — спажывецкія тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, паўфабрыкаты і камплектуючыя вырабы, нафта. Гал.гандл. партнёры: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія, Кенія, Германія, Вялікабрытанія. Саудаўская Аравія. Знешні доўг больш за 7,7 млрд.дол. Краіна знаходзіцца ў стане пастаяннага знешнегандл. дэфіцыту. Дапамога складае каля 1 млрд.дол. штогод, паступае ад міжнар. арг-цый, а таксама скандынаўскіх краін, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі, Італіі, Канады. У Т. самыя вядомыя запаведнікі Афрыкі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. Даходы ад абслугоўвання турыстаў і продажу паляўнічых ліцэнзій (каля 300—500 млн.дол. штогод) — важная крыніца папаўнення бюджэту. Грашовая адзінка — танзанійскі шылінг.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У раёнах Кандоа, Кісесе, Тамбала, Мванза выяўлены наскальны жывапіс верхняга палеаліту (прымітыўныя выявы фантаст. жывёл) і неаліту (наіўна-рэаліст. сцэны палявання, бітваў і інш.). У 7—15 ст. развівалася мусульм. архітэктура, захаваліся шматлікія палацы, мячэці (Вял. мячэць у Кілва-Кісівані), жылыя дамы з каралавага вапняку і інш. З канца 19 ст. паводле праектаў еўрап. архітэктараў забудоўваліся партовыя гарады (Дар-эс-Салам) і гандл. цэнтры (Мошы, Дадома). Традыц. сельская забудова — прамавугольныя ў плане жытлы з канічнымі ці плоскімі дахамі, нізкія хаціны акруглай формы (у народа масаі), у выглядзе вял. кашоў з галерэяй па акружнасці (у макондэ), конусападобныя буданы (у джага). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася буд-ва грамадскіх аб’ектаў, пасёлкаў з 1- і 2-павярховымі дамамі, складзены праект планіроўкі г. Занзібар. У мастацтве пераважае драўляная скульптура: слупападобныя фігуры, звязаныя з культам продкаў у народаў сукума і хехе, экспрэсіўныя фігуры танцуючых жанчын у макондэ, гратэскныя фігуры чалавека з рухомымі канечнасцямі ў вазарама, выявы жывёл у джага. Характэрны антрапаморфныя маскі, манахромныя ці размаляваныя, з багатым дэкорам, які імітуе татуіроўку. У 2-й пал. 20 ст. пачала складвацца нац. школа жывапісу: партрэты і сцэны з сял. жыцця С.Дж.Нтыра, нацюрморты В.Мача, жанравыя кампазіцыі Ф.К.Мзангі, Т.Ф.Абдулы і інш. Сярод маст. рамёстваў найб. пашыраны разьба па дрэве, пляценне, ганчарства.
Герб і сцяг Танзаніі.Да арт.Танзанія. У запаведніку Серэнгеці.Да арт.Танзанія. Узбярэжжа вострава Занзібар.Да арт.Танзанія. Горад Мошы каля падножжа Кіліманджара.