таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тысячаго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.

2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́цца, уймуся, уймешся, уймецца; уймёмся, уймяцеся; пр. уняўся, унялася, ‑лося; заг. уйміся; зак.

Разм.

1. Перастаць хвалявацца, плакаць, крычаць і пад.; суняцца, супакоіцца. Жаночы лямант крыху быў уняўся, але шчуплая смуглявая жанчына, матляючы ў паветры кулакамі, насядала на Юстына. Стаховіч. Лена апусцілася на мяккую капу, горка заплакала. Тлум адразу ўняўся. Ваданосаў.

2. Стаць больш слабым па сіле праяўлення; спыніцца, супакоіцца. Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся. Быкаў. Бяскрайняя снежная роўнядзь! Завіруха ўнялася. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.

2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.

3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казе́лец 1 ’расліна Ranunculus acer і пад.’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Касп., Мядзв.), ’ветраніца’, ’расліна, якая мае ядавітыя ўласцівасці’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Укр. козелець ’Ranunculus acer’, рус. козелец ’ровныя віды Ranunculus’. Звяртае на сябе ўвагу, што асноўныя фіксацыі слова з такім значэннем выяўлены на смал. і валаг. тэрыторыі, а спарадычныя фіксацыі такой назвы для некалькіх іншых, больш далёкіх раслін адзначаны і на іншай рускай тэрыторыі. Меркаваць аб украінскай тэрыторыі цяжка. У польск. мове kozielec адзначана ў XVI ст. для расліны Anemone ranunculoides, тое ж і рус. козелец, што можа азначаць другасны перанос (расліны, падобныя кветкамі і інш.). Чэш. дыял. kozelee, абазначае іншую расліну і матывацыя там (па паху карэнішча) іншая. Словаўтварэнне цяжка вытлумачыць, зыходзячы з бел. асноўнай формы з націскам на другім складзе, магчыма, гэта форма позняя. Слаўскі (3, 33) адзначаў, што польск. формы koziełek (ст.-польск., адзначаная прыблізна каля 1500 г.) — вынік кантамінацыі kozłek і kozielk; ст.-польск. koziełek суадносіцца са ст.-польск. koźlec ’казёл’; параўнаць зах.-слав. і ўсх.-слав. формы цяжка.

*Казе́лец 2, козелец ’расліна сівец, Nardus stricta’ (лсльч., Нар. лекс.). Такія назвы, як бел. пясюк. чортава барада, укр. мичка, псяга, свинюх, щетячка, шерстянка, адназначна характарызуюць гэту цяжкую для касьбы траву. Да семантыкі параўн. яшчэ бел. казаваты ’пра цвёрдае валакно лёну ці пянькі’ (КЭС, лаг.), балг. козина ’поўсць казы, ваўка або іншай жывёлы’.

Казе́лец 3 ’прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus Flammula’ (слаўг., Яшк.). Відавочна, да казелеці, аб падобным тыпе ўтварэння параўн. мох ’прыбалоцце, балота’ падрабязней гл. Талстой, Геагр., 164–165.

Казе́лец 4 ’хвароба ног, накшталт падагры’ (талач., Мядзв.). Рэгіянальнае ўтварэнне, назва суадносіцца з асновай казёл‑ і далей да каза (гл.), аб словаўтварэнні параўн. казелеці. Што датычыць семантыкі, то неабходна звярнуць увагу на больш шырока вядомае казінец ’хвароба ног у коней, пры якой нага згінаецца і становіцца падобнай на казіную’, якое адрозніваецца ад разглядасмага слова і больш празрыстай структурай і відавочнай семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў КІНАФОТАФОНАДАКУМЕ́НТАЎ (БДАКФФД),

навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНК СССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял. Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.​Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.

Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.

А.​М.​Грыневіч.

Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬБА,

шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.

Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.

Сарты бульбы: 1 — Беларуская ранняя; 2 — Дзецкасельская; 3 — Агеньчык; 4 — Тэмп; 5 — Лошыцкая.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)