АДАМО́ВІЧ Алесь

(Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.А.Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯ імя Якуба Коласа АН Беларусі. Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АН БССР

(1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял. Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.Коласа АН БССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн. экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575),

«Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав. слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел. фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел. друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.Я.Багдановіча, П.Н.Беркава, П.Ф.Глебкі, П.К.Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.Брыля, М.Гарэцкага, Ю.Гаўрука, Глебкі, Я.Драздовіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, У.Караткевіча, К.Крапівы, І.С.Краўчанкі, М.Лынькова, А.Пальчэўскага, С.П.Сахарава, М.М.Улашчыка, Я.Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.

Літ.:

Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.

М.П.Стрыжонак.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,

галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; тэхнічныя сродкі бібліятэчнай работы распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш. тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на БеларусіБібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.

Літ.:

Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ. М., 1983.

У.А.Акуліч.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКВА́Р,

азбука, падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.Байкова, С.Некрашэвіча, М.Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.Федасенка, М.Пігулеўскі і І.Пісарчык, С.Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.Сіўко (1929—32 з Л.Лукіной, 1937—41 з З.Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР

(ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),

калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.

Вял. інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.

Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Дзярж. т-ра муз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.

Літ.:

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,

у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец. Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр. СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн. чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУС СССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс. чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс. чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.

Пасля выхаду ў свет кн. А.Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.

Літ.:

Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте... »: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;

Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;

Кузнецов И. Без грифа «секретно». Мн., 1997.

У.І.Адамушка, І.М.Кузняцоў.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у тым ліку не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.А.Салановіч.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Не́тра1 ’цяжкадаступнае месца ў багністым балоце, трушчобы’ (парыц., Янк. Мат.), ’непраходныя зараслі на балоце’ (ТС), ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Жд. 1), не́тры ’густыя зараслі’ (Гарэц.), niétry ’niedostępne chrapy, porośnięte łozą, trzciną, olchą і wszelakim wiszem’ (Маш.), hustýje łózy, niètry, hrùzkije bałota (Пятк. 2), паводле Карскага (Труды, 479), «только полесское»; беласт. ńétra, nétra ’непраходная багна, непраходнае месца; зараслі, гушчар, непраходнае месца ў лесе’ (Лапіч, Term. geogr., 123), укр. не́тра, не́трі ’непраходныя зараслі, лес; захалусце, трушчоба’, рус. не́тря ’запаведны гай, запаведнік’ (паўдн., зах., Даль), параўн. таксама: «В Мярэчах попадаются именно те непроходимые местности, где гибнут заблудившиеся люди, и которые носят название «нетры» (смал., Максимов, Живая Россия, 3, 444). Найбольш верагодныя версіі: з не і *ter‑ (гл. церці), параўн. рус. трогать ’рухаць, кранаць’ і зафіксаванае на Беларусі значэнне ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (параўн. не́руш, не́варуш і пад.), гл. Фасмер, 3, 69; або з не і церабіць ’вырубаць, вычышчаць хмызняк, рыхтаваць участак пад поле і пад.’ з зыходным значэннем ’месца, дзе нельга церабіць лес’ або ’месца, дзе не цярэбяць лес’, гл. Талстой, Геогр., 180, а таксама Лапіч, Term. geogr., 123 (прыводзяцца формы trepeza/trebeza ’гушчар, зараслі’, да церабіць). Сумніцельна вывядзенне смал. нетра ’дрыгва’ з літ. nendré ’чарот’, параўн. Буга, 1, 412; Лаўчутэ, Балтизмы, 146, паводле Ільінскага (Працы кл. філал., 1, 235), — гэта словы роднасныя; збліжэнне апошнім (там жа) смал. не́тра з грэч. νῆτρον ’самапрадка’ адмаўляецца Фасмерам (3, 69). Гл. таксама Пятлёва, ОЛА–72, 212 (< *ne‑tьra), Гаўлава, Slavia, 40, 82. Літаратурнае нетры ’зямныя глыбіні, паклады, радовішчы’ (Гарэц., Яруш., ТСБМ) на аснове значэння ’багна’ пад уплывам рус. не́дра ’унутранасці зямлі’.

Не́тра2 ’машкара’ (Сл. ПЗБ), ’незлічоная колькасць’ (жлоб., Нар. сл.), ’вош’ (Шатал.), нэ́тра ’напасць, неадчэпны чалавек’ (драг., Нар. лекс., З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна; магчыма, паралельнае да нетра1не і церці ’кранаць, чапаць’), параўн. рус. нетря ’недатыка’ (паўдн., зах., Даль). Менш верагодна з літ. netyrà ’нячысты дух (аб жывёле)’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 129). Збліжэнне Клімчука з серб.-харв. дыял. на̀трчица ’задзірака, хуліган’ (З нар. сл., 145) адхіляецца Запрудскім (Серб.-хорв.-бел. яз. соответствия. АКД, Мн., 1989, 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУЛІКО́Ў Іван Сямёнавіч

(н. 10.4.1949, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне энергетыкі і энергет. машынабудавання. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў Казанскі ун-т (1972). З 1974 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі (у 1995—98 нам. дырэктара), адначасова (з 1998) дырэктар дзярж. прадпрыемства «Белінвестэнергазберажэнне». Навук. працы па даследаванні трываласці і надзейнасці элементаў энергет. абсталявання, па пытаннях рэсурсаэнергазберажэння. Распрацаваў тэорыю разліку напружана-дэфармаванага стану нераўнамерна нагрэтых цел ва ўмовах рэактарнага апрамянення.

Тв.:

Прочность тепловыделяющих элементов быстрых газоохлаждаемых реакторов. Мн., 1984 (разам з Б.Я.Цвяркоўкіным);

Прочность элементов конструкций при облучении. Мн., 1990 (разам з В.Б.Несцярэнкам, Б.Я.Цвяркоўкіным).

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Я.В.Малашэвіч.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)