ГАСЕ́НДЗІ ((Gassendi) П’ер) (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),
французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв.укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),
расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар.арт. Расіі (1967), нар.арт.СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЛЕ́Н (Coquelin),
Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.
Тв.:
Рус.пер. — Искусство актера. Л.;
М., 1937.
Літ.:
История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБЕ́РТ (Карл Восіпавіч) (Lambert Marie Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),
расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЭ́, Лямэ (Lamé) Габрыэль (22.7. 1795, г. Тур, Францыя — 1.5.1870), французскі матэматык і інжынер. Чл. Парыжскай АН (1843). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1829). У 1820—32 працаваў у Пецярбургу ў Ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1832—63 праф.Політэхн. школы і Парыжскага ун-та (1848—63). Навук. працы па тэорыі пругкасці і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную тэорыю крывалінейных каардынат і метады іх выкарыстання ў механіцы (1859), устанавіў сувязь паміж кампанентамі мех. напружання і дэфармацыі (пастаянныя Л.), увёў спец. клас функцый (функцыі Л.). Аўтар першага трактата па тэорыі пругкасці цвёрдых цел (1852). Даследаванні Л. былі пакладзены ў аснову тэнзарнага аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕ́ ((Longuet) Шарль) (14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),
дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл.Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл.Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр.Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДУ́, Ле Ду (Ledoux, Le Doux) Клод Нікала (1736, г. Дарман, Францыя — 19.11.1806), французскі архітэктар. Вучыўся ў Ф.Бландэля і Л.Ф.Труара. З 1773 «архітэктар караля». У работах (т-р у Безансоне, 1775—84; заставы ці т. зв. прапілеі Парыжа, захаваліся 4 з 6 пабудаваных, 1784—89) выкарыстоўваў строгія стэрэаметрычныя формы, часткова прадвызначыў арх. мову стылю ампір. У праекце г. Шо (з 1771, ажыццёўлены часткова) развіваў ідэю рэнесансавага «ідэальнага» горада, дзе жылыя, вытв. і адм. будынкі складалі адзіны комплекс. Ідэі сац. утапізму ўласцівы і інш. яго праектам, у якіх захапленне сімвалізмам простых геам. форм — куба, цыліндра, шара, піраміды.
Літ.:
Аркин Д.Е. Леду // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),
французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц.АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст.Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.