ПАМЕРАНЧУ́К (Ісаак Якаўлевіч) (20.5.1913, Варшава — 14.12.1966),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1936). З 1940 у Фіз. ін-це, з 1943 у Ін-це атамнай энергіі, з 1946 у Ін-це тэарэт. і эксперым. фізікі АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, тэорыі квантавых вадкасцей, фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з Дз.​Дз.Іваненкам). Выявіў анамальны характар плаўлення (зацвердзявання) гелію-3 (эфект П.; 1950) і прапанаваў новы метад атрымання нізкіх т-р. Сфармуляваў адно з асн. палажэнняў квантавай тэорыі поля (гл. Памеранчука тэарэма). Зрабіў важкі ўклад у стварэнне першых у СССР ядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

Тв.:

Собр. науч. трудов. Т. 1—3. М., 1972.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910,

антыманархічная рэвалюцыя ў Партугаліі, у выніку якой у краіне ўстаноўлены рэсп. лад. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва антыдэмакр. і рэпрэсіўным курсам каралеўскага ўрада. Пачалася ноччу 4.10.1910 у Лісабоне з паўстання рэспубліканцаў на чале з М. душ Сантушам, якіх падтрымалі армейскія часці сталічнага гарнізона і маракі 2 крэйсераў. 5 кастр. пасля капітуляцыі ўрадавых войск і эміграцыі караля Мануэла II [1908—10] у Вялікабрытанію кіраўнікі паўстання абвясцілі Партугалію рэспублікай. Быў створаны часовы ўрад на чале з Т.Брагам. Часовы ўрад аддзяліў царкву ад дзяржавы, скасаваў дваранскія тытулы, правёў выбары ва Устаноўчы сход, які 21.8.1911 прыняў новую канстытуцыю краіны (набыла сілу 11.9.1911). Яна прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, які выбіраў прэзідэнта рэспублікі, увядзенне свабоды друку і слова, права рабочых на забастоўкі, скасаванне манаскіх ордэнаў, устанаўленне ў прам-сці 8-гадзіннага рабочага дня і інш.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́Н ((perrón) Хуан Дамінга) (8.10.1895, г. Лобас, Аргенціна — 1.7.1974),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Аргенціны. Скончыў Вышэйшую ваен. школу, выкладаў у ёй. З 1934 ваен. аташэ ў Чылі, у 1939—41 у Еўропе, вывучаў вопыт ваен. дзеянняў. Чл. групы афіцэраў, якая ажыццявіла ў чэрв. 1943 ваен. пераварот у Аргенціне. З 1943 ваен. міністр, міністр па пытаннях працы і сац. забеспячэння, віцэ-прэзідэнт. У 1945 арыштаваны, вызвалены ў выніку масавай кампаніі. У лют. 1946 абраны прэзідэнтам Аргенціны. Ажыццявіў праграму эканам. і сац. рэформ (нацыяналізацыя шэрагу прадпрыемстваў, стварэнне сістэмы сац. гарантый і г.д.). Вялікі ўплыў на П. аказвала яго жонка Э.​М.​Дуартэ Перон («Эвіта», 1919—52), якая фактычна кіравала яго сац. палітыкай, не займаючы афіц. пасад. Скінуты ваеннымі ў вер. 1955, жыў у эміграцыі. У 1973 вярнуўся на радзіму і абраны прэзідэнтам Аргенціны.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́Р (Pythagoras) Самаскі

(каля 580, в-аў Самас, Грэцыя — 500 да н.э.),

старажытна-грэчаскі матэматык і філосаф-ідэаліст, заснавальнік піфагарэізму. У галіне матэматыкі яму прыпісваюць увядзенне доказу ў геаметрыю, пабудову планіметрыі прамалінейных фігур, стварэнне вучэння пра падобнасць, доказ Піфагора тэарэмы, адкрыццё ірацыянальных лікаў, пабудову некат. правільных многавугольнікаў і мнагаграннікаў і інш. Ёсць звесткі пра П. як астранома. Ён лічыў Зямлю шарам, які знаходзіцца ў цэнтры Сусвету; ведаў пра ўласны рух Сонца, Месяца і планет. Заснаваў у г. Кратоне (Паўд. Італія) піфагарэйскі саюз, які быў адначасова філас. школай, паліт. партыяй і рэліг. брацтвам. Лічыў, што лік ёсць сутнасць усіх рэчаў, а Сусвет з’яўляецца гарманічнай сістэмай лікаў і іх адносін. Адстойваў уяўленне аб бессмяротнасці душ і іх перасяленні. Быў ідэолагам рабаўладальніцкай арыстакратыі.

Літ.:

Болгарский Б.В. Очерки по истории математики. Мн., 1974.

Піфагор.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,

стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъстварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛЬЦО́ЎКА, вальцаванне,

1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз. таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.

3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.

4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.

5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТМІ́НЬ [поўная назва В’етнам док-лап донг-мінь — Ліга (фронт) барацьбы за незалежнасць В’етнама],

адзіны нац. фронт В’етнама ў 1941—51. Створаны ў маі 1941 пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Індакітая ва ўмовах яп. акупацыі краіны. Аб’ядноўваў сялян, рабочых, дробную і сярэднюю нац. буржуазію, патрыятычна настроеных памешчыкаў, прагрэс. інтэлігенцыю, навучэнцаў, жаночыя і рэліг. арг-цыі. Кіраваў партыз. вайной супраць японцаў (1941—45) і франц. каланізатараў (з 1946), пасля абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (1945) паводле вынікаў усеагульных выбараў атрымаў 230 з 300 месцаў у Нац. сходзе (1946). Паліт. праграма В’етміня, распрацаваная і прынятая пад кіраўніцтвам Хо Шы Міна, прадугледжвала заваяванне нац. незалежнасці і стварэнне рэв. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, канфіскацыю зямель франц. каланізатараў і в’етн. памешчыкаў, перадачу ўсёй зямлі ў прыватную ўласнасць сялян, свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці для нац. буржуазіі і інш. У сак. 1951 зліўся з Льен-В’етам.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М, «Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», «Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц. т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым. мех. з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

В.​А.​Філімонаў.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)