ПРЫМЕКСІКА́НСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Паўн. Амерыкі, у ЗША і Мексіцы. Акаймоўвае ўзбярэжжа Мексіканскага зал., на ПнУ зліваецца з Прыатлантычнай нізінай. Шыр. 350 км. П.н. ўяўляе сабой рухомую вобласць прагіну Мексіканскага зал. Складзена з тоўшчы марскіх асадкавых парод магутнасцю да 6—10 тыс. м. Характэрны саляныя купалы, якія змяшчаюць радовішчы солі і нафты. Паверхня паступова павышаецца на Пн да 150 м, перарэзана далінамі рэк. Плоская алювіяльная нізіна на ўзбярэжжы акружана лагунамі, пясчанымі косамі, прыбярэжнымі астравамі. Для ўнутр. раёнаў характэрны куэставы рэльеф. Клімат субтрапічны, на ПдЗ трапічны. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 4 °C — 8 °C, на ўзбярэжжы 12 °C — 18 °C, ліп. 26 °C — 28 °C. Ападкаў на З 600—800 мм, на У 1200—1500 мм за год. У жн. — вер. частыя трапічныя цыклоны, здараюцца тарнада. Больш за ​1/3 тэр. ўкрыта лясамі. Характэрны хваёвыя лясы, якія ў раёне куэст змяняюцца мяшанымі (хвоя, шыракалістыя лістападныя і вечназялёныя віды). На З — саванны, па рачных далінах — лясы з цісу, горнага кіпарысу, тапалёў таполяў; на ўзбярэжжы — маршы. Субтрапічнае пладаводства. Вырошчваюцца бавоўнік, цукр. трыснёг; плантацыі тытуню. Здабыча нафты і газу. Найб. гарады: Новы Арлеан, Х’юстан (ЗША), Тампіка, Веракрус (Мексіка).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЭ́НЫ (Ardennes),

узвышша, зах. працяг Рэйнскіх Сланцавых гор на Пд Бельгіі, часткова ў Францыі і Люксембургу. Працягласць 160 км. Выш. каля 400 м, найб. — 694 м (г. Батрандж). Платопадобная паверхня, расчлянёная на асобныя масівы глыбокімі далінамі рэк сістэмы Мааса. Складзены з крышт. і гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў, скамечаных у складкі ў герцынскі арагенез. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, мінер. крыніцы. Клімат умераны марскі. Шмат тарфяных балотаў. Букавыя і дубова-бярозавыя лясы, пасадкі елкі.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Валдай,

на ПнЗ Рускай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Водападзел вярхоўяў Волгі, Зах. Дзвіны і інш. Даўж. больш за 600 км, выш. да 343 м. Складаецца з марэнных градаў і ўзгоркаў (Ціхвінская града, Вепсаўскае узв.), якія ўзніклі на выступе карэнных парод (каменнавугальныя вапнякі, мергелі, гліны). Шмат азёр, у т. л. Селігер, Валдайскае, Верхняволжскія і інш. Моцна забалочанае. Хваёвыя лясы чаргуюцца з апрацаванымі палямі. Па паўд.-ўсх. ускраіне Валдайскага ўзвышша праходзіць мяжа валдайскага зледзянення.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ (Viti Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУЛІ́, Жэгулі,

горы на правым беразе р. Волга, у яе лукавіне (Самарская Лука), ч. Прыволжскага ўзвышша, у Самарскай вобл. Расіі. Даўж. каля 75 км, выш. да 375 м. Складзены пераважна з вапнякоў і даламітаў. Глыбокія яры і лагчыны. Вяршыні — Лысая гара, уцёс Шалудзяк, Бахілава гара, Вярблюд і інш. вельмі маляўнічыя. На паўн. схілах шыракалістыя і хваёвыя лясы, на паўд. — лесастэпы. У раёне Ж. Волжская (Куйбышаўская) ГЭС. Жыгулёўскі запаведнік. Прыродны нац. парк Самарская Лука. Турызм.

Жыгулі.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Ibérica),

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, каля паўн.-ўсх. ускраіны плато Месета. Даўж. 440 км. Выш. да 2313 м (г. Манкайо). Паніжэнне з далінай р. Халон падзяляе горы на масівы больш высокія з альпійскімі вяршынямі на ПнЗ і больш нізкія, значна закарставаныя на ПдУ. Слаба расчлянёныя складкава-глыбавыя масівы, складзеныя з мезазойскіх вапнякоў, пясчанікаў, кварцытаў. Радовішчы жал. руды. Міжземнаморскія хмызнякі, на ПнЗ — шыракалістыя і хваёвыя лясы.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая ўключана ў занальную расліннасць, аднак не складае самаст. зоны. Змяняецца ў шыротным і даўготным напрамках. У адрозненне ад азанальнай расліннасці цесна звязана з пэўнымі зонамі, напр., расліннасць саланцоў і саланчакоў у стэпавай і пустыннай зонах, сфагнавыя балоты ў лясной і тундравай зонах. Звычайна займае ў адпаведнай зоне невял. плошчы. Месцамі І.р. пераважае над занальнай, напр., хваёвыя лясы Палесся ў падзоне шыракалістых лясоў, балоты Зах. Сібіры ў падзоне тайгі.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАЙ (Kenai),

паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНУАЛ (Cornwall),

паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),

Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)