САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),
навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізмунайб. поўна адлюстравана ў працах Э.Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.А.Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.
Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.Парсапс, Р.К.Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.
На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.Я.Вальфсон, Б.Э.Быхоўскі), асветы і выхавання (С.М.Васілейскі, А.А.Гайвароўскі, С.М.Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г.гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш.ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн.Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.П.Давідзюк, Я.М.Бабосаў, І.І.Антановіч, А.М.Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.М.Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.М.Сакалова); С. сям’і (М.Р.Юркевіч, С.Д.Лапцёнак, С.Н.Бурава); С. навукі (Г.А.Несвятайлаў); С. культуры (Э.К.Дарашэвіч, В.І.Русецкая, Л.Р.Цітарэнка, С.В.Лапіна); С. адукацыі (А.І.Ляўко, В.А.Кліменка); паліт. С. (І.В.Катляроў, В.В.Бушчык); С. камунікацый (А.Ц.Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.А.Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.А.Шавель, А.У.Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.Г.Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.А.Ракаў) і інш.
Літ.:
Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1899—1901;
Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;
Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1993;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;
Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.