стогадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прадаўжаецца сто год. Стогадовая вайна.

2. Узростам у сто год; які існуе сто год. Змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч — Кальчуга і Лук’ян Сіпайла. Караткевіч. // Вельмі стары. Мяснікоў неяк казаў, што хлеб добры аднадзённы, віно стогадовае, а дружба вечная. Гурскі.

3. Які мае адносіны да стагоддзя (у 2 знач.). Стогадовы юбілей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угняздзі́цца, угнязджуся, угнездзішся, угнездзіцца; зак.

1. Звіць, зрабіць сабе гняздо дзе‑н., у чым‑н. (пра птушак). // Разм. Зручна размясціцца, асталявацца дзе‑н., звычайна на невялікай прасторы. Угняздзіцца на печы.

2. перан. Моцна ўкараніцца дзе‑н., у чым‑н. (пра абстрактныя паняцці). Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка: — А Загорскага сынок... Чулі? .. Якабі-інец. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца або насычацца фарбай, падвяргацца ўздзеянню фарбы. // Прымаць які‑н. колер, адценне. Сапраўды, трохі прадзімала: праз шчыліны веяў вільготны, дрыготкі павёў. Свет штохвілінна фарбаваўся ў сіняе і чорнае, палосамі. Караткевіч.

2. Разм. Падмалёўваць губы, твар, валасы.

3. Зал. да фарбаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадні́к, ‑а, м.

1. Вузкая доўгая паласа грубай тканіны, якая рассцілаецца на падлозе. На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе — густа — ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках — прывезеныя дываны. Караткевіч.

2. Разм. Тое, што і тратуар. Каля дамоў былі пакладзены вузкія, дашчаныя хаднікі. «Маладосць».

3. Спец. Падземная вырабатка, прызначаная для пешага перамяшчэння людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаля; які прызначаны для шаля. Шалевы ўзор. □ Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Караткевіч. // Які з’яўляецца шалем. Шалевая хустка.

•••

Шалевы каўнер — адкладны ляжачы акруглай формы каўнер, які спускаецца на грудзі і складае адно цэлае з бартамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бая́рын, ‑а; мн. баяры, ‑яраў; м.

1. Гіст. У дапятроўскай Расіі — вышэйшы дараваны сан, а таксама асоба, якой надаваўся гэты сан. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад Кулікоўскай бітвай. Караткевіч.

2. Гіст. Радавіты дваранін, буйны памешчык.

3. Уст. Шафёр, распарадчык на вяселлі ў жаніха, дружна маладога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіку́нства, ‑а, н.

1. Уласцівасць і стан дзікунскага; дзікасць. У Караліне меўся адбыцца сход сялян, які павінен быў вырашыць пытанне, ці жыць калектыўна, ці гібець у аднаасобніцкім дзікунстве. Сабаленка.

2. Паводзіны, учынкі дзікуна. — Вось яшчэ дзікунства! Да чалавека нельга зайсці. Выдумалі. Шамякін. Даведаўшыся, Загорскі пачаў судзіць сябе і забойцу. Так, гэтаму варварству і дзікунству няма апраўдання. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заву́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад завучыць.

2. у знач. прым. Засвоены частым паўтарэннем; прывычны. Мужчына.. дасканалым, завучаным жэстам паднёс руку да вуснаў. Асіпенка. // Штучны, няшчыры. — Добрай раніцы, Варфаламей, — з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек. Караткевіч.

3. у знач. наз. заву́чанае, ‑ага, н. Тое, што засвоена, вывучана. Завучанае ў дзяцінстве не забываецца і ў старасці. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надлама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымаць трэшчыну, не пераламацца зусім. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. Караткевіч.

2. перан. Страціць фізічныя або душэўныя сілы, аслабець. Здароўе надламалася. Душа надламалася.

3. перан. Стаць іншым, змяніцца. Алег убачыў, што ў яго ўзаемаадносінах з бацькам недзе нешта надламалася. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́лы, ‑сіл; адз. няма.

Жэрдкі без насцілу для пераноскі сена ў копах. [Міхась і Алена] падсадзілі насілы пад капы і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Мужчыны і жанчыны трымалі ў руках граблі, вілы, з кожнага воза тырчалі насілы. Сабаленка. // Тое, што і насілкі. Маленькая купка людзей стаяла... Астатнія цягнуліся па снезе, несучы на самаробных насілах параненых і забітых. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)