ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ

(ДРЭС),

цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 Мвт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл. Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс. кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс. кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл. Светлагорская ЦЭЦ).

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шлюз

(ням. Schleuse)

1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе адной ці некалькіх камер для пераводу суднаў з адной часткі ракі (канала) у другую, якая мае іншы ўзровень вады;

2) адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада;

3) прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пла́ціна ’высакародны метал шаравата-белага колеру’ (ТСБМ). З рус. платина ’тс’, якое праз ням. platina ці непасрэдна з ісп. platina ’кепскае срэбра’, вытворнага ад ісп. plaki срэбра’ (Фасмер, 3, 275), — апошняе адпавядае прасл. *platu: у гой час сярэбраны посуд уваходзіў у манетарную сістэму (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Плаці́на1 ’гідратэхнічнае збудаванне на рэках і вадаёмах для падняцця ўзроўню вады’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ). Да плот (гл.) і суф. ‑ін‑а. Найбольш імаверна, што слова прыйшло з рус. моўнай тэрыторыі. Параўн. рус. паўн. плоти́на́ ’пярэспа’, разан., варонеж. ’гаць’, омск. ’ніжнія бярвёны плыта’, арх. ’фундамент дома з бярвенняў і інш. пабудоў’.

Плаці́на2 ’невялікі кавалак палатна, анучы’ (Шат.), плаці́нка ’абрэзак матэрыі’ (ТС). Да плат, палатно (гл.).

Плаціна́ ’агароджа з жэрдак’ (слуц., ДАБМ, камент., 811), ’доўгая і тонкая жардзіна для плота’ (Варл.), плаці́на ’жэрдка ў плоце’ (астрав., Сл. ПЗБ), плаця́нка ’накрытая паветка, сцены якой з паркану’ (Варл.). Да плот (гл.). Сюды ж пла́ціна ’жэрдка (з плоту)’ (гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКО́П,

адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш. Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.

Акоп на аддзяленне: 1 — ячэйкі для стралка; 2 — ніша; 3 — пляцоўкі для кулямёта; 4 — прыбіральня; 5 — бліндаж (шчыліна); 6 — ход зносін; 7 — ячэйкі для стралка.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ту́мба, ‑ы, ж.

1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара. Па краях стаяць спецыяльныя тумбы ці урны, каб вадзіцелі здалёк маглі заўважыць пляцоўку ці абмінуць. Жычка.

2. Падстаўка для чаго‑н. у выглядзе такога слупка. У пакоі стол з букетам палявых кветак .. Масіўная тумба з вазонам. Чорны. // Ніжняя частка пісьмовага стала ў выглядзе невялікай шафкі з шуфлядамі. За сталом з дзвюма тумбамі сядзеў другі міліцыянер .. і вадзіў алоўкам па аркушы паперы. Арабей.

3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад. Вось .. [чалавек] спыніўся ля круглай рэкламнай тумбы, заклеенай мноствам аб’яў. Мехаў.

4. перан. Разм. зневаж. Пра тоўстага чалавека. Бургамістр .. гыркнуў па сваю палавіну. — Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ім, панам афтэрам, скакаць з вамі, тумбамі! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІЯДУ́К

(франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),

маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАСХО́ВІШЧА,

будынак або збудаванне для захоўвання харчовага ці фуражнага збожжа і насеннага зерня. Бываюць напольныя (збожжасклады), засекавыя (бункерныя) і сіласныя. Для загрузкі і выгрузкі збожжа маюць норыі, транспарцёры (стужачныя, вібрацыйныя, шнэкавыя, скрабалкавыя), зернепагрузчыкі, зерняпульты, пнеўматранспарт, самацечныя зернеправоды і інш. Абсталёўваюцца зернеачышчальнымі машынамі, зернесушылкамі, вентылятарамі.

Падлогавыя З. — аднапавярховыя будынкі, звычайна з верхняй і ніжняй галерэямі, з гарыз. або нахіленай падлогай; для адначасовага захоўвання некалькіх розных партый зерня (у адсеках, адгароджаных разборнымі шчытамі). Засекавыя З. — склады, раздзеленыя пастаяннымі перагародкамі на засекі, або склады з бункерамі, якія маюць нахіленыя і конусныя днішчы; для захоўвання некалькіх партый (сартоў) збожжа. Сіласныя З. — ёмістасці выш. 25—30 м, круглыя, прама- або многавугольныя ў плане, з лейкападобнымі днішчамі ў выглядзе конусаў. Найб. дасканалыя з іх — элеватары. З., прызначаныя для захоўвання збожжа і насення насыпам, маюць прыстасаванні для прымусовай аэрацыі (аэраднішчы, аэражолабы і інш.), сіласныя — устаноўкі для аэравання.

В.П.Чабатароў.

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

храм, ‑а, м.

1. Збудаванне, прызначанае для адпраўлення набажэнства і рэлігійных абрадаў. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню. Маўр. Захаваліся руіны рымскіх храмаў, палацаў, тэатраў, трыумфальных арак, лазняў. В. Вольскі.

2. перан. Месца, якое выклікае павагу, святое для каго‑н. У хуткім часе БДТ‑1 стаў храмам мастацтва, святыняй роднага слова. Ліс. Бачу цябе [Пуліхава] ў Піцеры, ва універсітэце. Вось яны сцены храма навукі, пра які ты марыў! Мехаў. А душа мая і думкі — там, Дзе шахцёры-салякопы Мудра Пад зямлёй узводзяць працы храм, Увесь з мазаікі і перламутру. Аўрамчык. // перан. Пра сферу высокіх духоўных каштоўнасцей. А невядомы Ікс. Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.

1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.

2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.

•••

Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.

[Ням. Stab.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)