рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),
віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац.Чырв. кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НГА,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1998 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў. Пл. 12 015 га. Знаходзіцца на стыку Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай водна-ледавіковай раўніны. Уключае даліны рэк Лахазва, Дзеравянка, Іса, іх прытокі і штучныя вадаёмы. Пад лясамі 94% тэр., пераважаюць хвойнікі верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя, арляковыя; растуць бяроза, вольха чорная, елка, дуб, граб. У флоры шмат гаспадарча-карысных відаў раслін; 16 відаў сасудзістых раслін уключаны ў Чырв. кнігу: гарлянка пірамідальная, тлушчанка звычайная, званочак рапунцэль, купальнік горны, пальчатакарэннік майскі, сон лугавы, баранец звычайны, касач сібірскі і інш. У фауне 202 віды жывёл, з іх 24 у Чырв. кнізе: стронга ручаёвая, рак шыракапальцы, арлан-белахвост, скапа, паганка малая, бугай вялікі і малы, бусел чорны, уліт вялікі, гагара чорнаваллёвая, сыч касматаногі, соня арэшнікавая, барсук, рапуха чаротная і інш. Да аб’ектаў палявання і промыслу адносяцца 22 віды млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫЖЫ́ (Apodes, або Apodi),
падатрад птушак атр. даўгакрылых. Вядомы з ніжняга эацэну (каля 85 млн.г. назад).
2 сям.: С. чубатыя (Hemiprocnidae) — 4 віды, пашыраны ад паўд. Індыі да Новай Гвінеі, і ўласна С. (Apodidae) — 18 родаў, 82 віды, пашыраны паўсюдна, акрамя палярных абласцей. У палёце самыя хуткія з птушак (скорасць С. іглахвостых да 300 км/гадз). Гняздуюцца ў расколінах скал, дуплах, пад стрэхамі пабудоў і інш. Ва ўмераных шыротах пералётныя, у тропіках — аселыя. На Беларусі 1 від — С. чорны (Apus apus), нар. назва шкурат.
Даўж. цела да 33 см, маса да 140 г. Апярэнне зверху цёмнае. Дзюба кароткая, шырокая, рот вялікі. Крылы доўгія, вострыя. Ногі кароткія, у большасці відаў усе 4 пальцы накіраваны ўперад, каб зачапляцца кіпцюрамі за выступы гнязда. Кормяцца (насякомымі) і п’юць у палёце. Маюць развітыя слінныя залозы, выдзяленні якіх выкарыстоўваюць пры пабудове гнёзд. Манагамы. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ДНАЯ ЗБРО́Я,
зброя рукапашнага бою, выкарыстанне якой не звязана з выбуховымі рэчывамі. Падзяляецца на ўдарную (булава, паліца, шастапёр і інш.), колючую (канчар, кап’ё, піка, стылет і інш.), сякучую (бярдыш, меч, сякера і інш.), колюча-сякучую (алебарда, кінжал, палаш і інш.), колюча-рэжучую (нож, штык-нож і інш.). Х.з. вядома з ранняй стадыі развіцця чалавецтва як сродак палявання, потым стала і баявой. Рабілі яе з дрэва, каменю, косці, пазней з медзі, бронзы, жалеза, сталі. Паралельна з’явілася засцерагальнае ўзбраенне, у сувязі з гэтым мяняліся віды Х.з. і сродкі засцярогі. Да 15—16 ст. Х.з. была гал. відам, з удасканаленнем агнястрэльнай зброі (вынайдзена ў 14 ст.) страчвала першапачатковае прызначэнне. Варыянты Х.з. на тэр. Беларусі вядомы з каменнага веку да 18 ст.Найб. пашыраныя з іх былі дубіны, баявыя косы, гізармы, глевіі, кісцяні, кляўцы, корды, пярначы, пратазаны, скрамасаксы, цесакі, чаканы і інш. На ўзбраенні сучасных армій захаваліся штык, армейскі нож і корцік. Некат. віды Х.з. захаваліся як спарт. зброя (рапіра, шабля, шашка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ПЛІ,
птушкі сям. чаплевых атр. буслападобных. 3 роды (Ardea, Egretta, Bubulcus), 24 віды. Пашыраны ва ўмеранай, субтрапічнай і трапічнай абласцях. Жывуць каля вадаёмаў. На Беларусі 5 відаў Ч.: белая вялікая (E. alba), рыжая (A. purpurea), занесеныя ў Чырв. кнігу; белая малая (E. garzetta), егіпецкая (B. ibis) — выпадкова залётныя віды; шэрая (A. cinerea) — пашыраны від, нар. назва каня, валяваха. Ч. жаўтадзюбая (E. eulophotes) жыве ў Карэі, Кітаі, магчыма, у Прымор’і, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела каля 1 м, маса да 2,3 кг (Ч. шэрая). Апярэнне шэрае, чыста белае, чорнае, жоўтае, цёмна-рыжае або каштанавае. На патыліцы невял. чубок, знізу шыі пёры звісаюць грывай. Ад ніжняй ч. спіны адыходзяць 2 пучкі рассуканых пёраў (эгрэтак), якія закрываюць хвост. Hori і шыя доўгія. Дзюба прамая, вострая, доўгая. Нясуць 3—8 яец.
Кормяцца буйн. насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, паўзунамі.
Э.Р.Самусенка.
Чаплі: 1 — вялікая белая; 2 — малая белая; 3 — рыжая; 4 — шэрая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА,
назва спісаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Змяшчае кароткія дакумент. звесткі пра біял. іх асаблівасці, пашырэнне, прычыны скарачэння колькасці, меры аховы і інш.
Збор звестак пра рэдкія і знікаючыя віды пачаты ў 1949 Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, у 1966 выдадзены тамы «Чырвонай кнігі фактаў» («Red Data Book»), колькасць відаў у якой штогод мяняецца. Для дыферэнцыраванага падыходу ў планаванні ахоўных мерапрыемстваў распрацавана спец. шкала, паводле якой усе віды падзяляюць на 5 катэгорый у залежнасці ад стану папуляцыі. Занясенне ў Міжнар. Ч.к. пэўнага віду азначае сусв. прызнанне неабходнасці паўсядзённага клопату аб яго захаванні, таму кожная краіна, на тэр. якой трапляецца такі від, нясе маральную адказнасць за яго захаванне. У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты па ахове асобных відаў, выдаюцца афіц. спісы ахоўных відаў, зборнікі кароткай навук. дакументацыі пра іх умоўна наз.нац. Ч.к. (Аўстралія, ЗША, Швецыя, Японія, Расія, Беларусь; гл.Чырвоная кніга Беларусі), Чырвонымі спісамі (Германія), спісамі рэдкіх і знікаючых раслін (ЗША, Аўстралія, Калумбія, Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА БЕЛАРУ́СІ,
афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін на тэр. Беларусі, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Засн. ў 1979. Выдае кнігу Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 — ахоўных раслін. У 2-е выданне (1993) уключаны 182 віды жывёл, у т. л. млекакормячых 14 відаў, птушак 75, паўзуноў 2, земнаводных 1, рыб 5, насякомых 79, ракападобных 5, двухстворкавых малюскаў 1 від; раслін 180, грыбоў 17, лішайнікаў 17 відаў. Для кожнага віду прыведзены бел., рус. і лац. назвы, статус аховы, пашырэнне, месцы пражывання (росту), колькасць (трапляльнасць) у прыродзе, звесткі пра размнажэнне і феналогію, прычыны змены колькасці, магчымасць развядзення (вырошчвання) у няволі (у культуры), прынятыя і неабходныя меры аховы, крыніцы інфармацыі. Рыхтуецца 3-е выданне Ч.К.Б. ў 2 тамах, у якое плануецца ўключыць каля 330 відаў раслін і 200 — жывёл.
Літ.:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
элементы асяроддзя, якія неабходны арганізму ці адмоўна на яго ўплываюць. Падзяляюцца на біятычныя фактары (драпежнікі, паразіты і інш.), абіятычныя фактары (т-ра, вільготнасць, святло і інш.) і антрапагенныя ці антрапічныя Э.ф. (гл.Антрапагеннае ўздзеянне). Для кожнага Э.ф. ў відаў існуюць межы вынослівасці. Віды з шырокімі межамі вынослівасці, якія маюць вял.экалагічную валентнасць, — эўрыбіёнты, віды з вузкім дыяпазонам Э.ф. — стэнабіёнты. Найб. спрыяльная для жыццядзейнасці арганізма інтэнсіўнасць Э.ф. — экалагічны оптымум, найб. неспрыяльная — экалагічны песімум. Оптымум і межы вынослівасці арганізма ў дачыненні да аднаго Э.ф. залежаць ад інш. уздзеянняў. Напр., у раслін пры аптымальнай т-ры павялічваецца ўстойлівасць да неспрыяльнай вільготнасці, недахопу жыўлення; у жывёл мноства корму павялічвае ўстойлівасць да кліматычных умоў. Э.ф., узровень якіх выходзіць за межы вынослівасці віду, — лімітуючыя Э.ф., — робяць немагчымым існаванне віду ў пэўнай экасістэме. Напр., нізкая канцэнтрацыя кіслароду ў вадаёмах — лімітуючы Э.ф. для стронгі; завоз драпежнікаў (сабак, катоў, тхароў) у Новую Зеландыю прывёў да поўнага ці частковага знікнення мясц. птушак (моа, ківі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ТРА,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл.Засн. ў 2003 для захавання каштоўных ландшафтаў і расл. згуртаванняў, якія ствараюць адзіны прыродны комплекс з запаведнікам Чапкяляй (Літва). Пл. 10 463,5 га. Ландшафт зах. часткі — водна-ледавіковая раўніна з эолавымі ўтварэннямі; усх. часткі — нізіна з празмерным увільгатненнем і затарфаванымі азёрнымі катлавінамі. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, тарфяна-балотныя. Пад лясамі 80% тэр., яны прадстаўлены 10 фармацыямі хваёвых, дубовых, ясянёвых і інш. лясоў. У флоры 633 віды вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 14 занесены ў Чырв. кнігу: пустапялёснік зялёны, пальчатакарэннік балтыйскі, зубніца клубняносная, шпажнік чарапіцавы, касач сібірскі, чына горная і інш. Шмат дэкар., лек., харч. раслін. У фауне 124 віды наземных пазваночных жывёл, у Чырв. кнігу занесены рысь, барсук, падворлік малы, журавель шэры, пугач, сыч касманогі, дзятлы зялёны і трохпальцы, бусел чорны; з насякомых — жужаль бліскучы, пераліўніца вялікая, стужка ордэнская блакітная і інш. На тэр. заказніка 2 курганныя групы каменнага і бронзавага вякоў.