адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл.Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл.Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пуа́з
[фр. poise, ад J. Poiseuille = прозвішча фр. фізіка (1799—1869)]
адзінка вымярэння дынамічнай вязкасці вадкасці (газу) у СГС сістэме адзінак, роўная вязкасці асяроддзя, што аказвае супраціўленне сілай у 1 дыну адноснаму перамяшчэнню двух яе слаёў плошчай у 1 см2 паралельна адзін другому.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
працэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Сотая доля ліку, які прымаецца за цэлае, за адзінку (абазначаецца знакам %). // Колькасць, якая вымяраецца ў сотых долях чаго‑н., прынятага за адзінку. Выканаць план на сто пяць працэнтаў.
2. Даход, які атрымліваецца на кожныя сто рублёў (ці сто іншых грашовых адзінак) капіталу. Працэнт прыбыткаў.
3. Плата, якая атрымліваецца крэдыторам ад даўжніка за карыстанне пазычанымі грашамі. З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні: — Папрашу ваш доўг з працэнтам.Гартны.
4. Узнагарода, якая вылічваецца ў залежнасці ад абароту, даходу. Сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй, як можа.Колас.
•••
На (усе) сто працэнтаў — поўнасцю.
[Ад лац. pro centum — за сто.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыферэнцыя́льны
(ад лац. differentia = розніца, адрозненне)
1) неаднолькавы, розны пры розных умовах;
2) які мае адносіны да дыферэнцыяла 1;
д-ыя ўраўненні — ураўненні, у якіх невядомая функцыя звязана з дыферэнцыяламі 1 і незалежнымі пераменнымі;
3) лінгв. адрознівальны;
д-ыя прыметы — прыметы, якія выкарыстоўваюцца для адрознення гукавых адзінак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНКСССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял.Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЭ́ННЕ,
знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.
У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл.Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоныадзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім.прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.
А.Р.Архіпенка, У.М.Сацута.
Да арт.Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІ́ЗІЯ,
асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш.вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.
У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАРЫ́С,
1) К. бюджэтных устаноў — асн. фінансава-планавы акт, які вызначае аб’ём, мэтавае накіраванне і паквартальнае размеркаванне асігнаванняў, прадугледжаных на ўтрыманне ўстаноў і арг-цый. З’яўляецца планам фінансавання ўстаноў і расходавання бюджэтных сродкаў. Прававое значэнне К. — вызначэнне правоў і абавязкаў кіраўніка бюджэтнай установы па мэтавым выкарыстанні сродкаў, што адпускаюцца з адпаведнага бюджэту, а фін. органаў — абавязкі па забеспячэнні гэтых сродкаў і ажыццяўленні кантролю за мэтавым іх выкарыстаннем. К. падзяляюцца на індывідуальныя, цэнтралізаваных мерапрыемстваў і зводныя. Індывід. К. адлюстроўваюць асаблівасці асобнай установы. Для аднатыпных бюджэтных арг-цый устанаўліваюцца тыпавыя формы расходаў, што ўключаюць 3 асн. раздзелы: агульныя звесткі пра ўстанову, агульную суму расходаў з размеркаваннем па кварталах і накіраваннем расходаў; аператыўна-вытв. паказчыкі, неабходныя для вызначэння расходаў (колькасць штатных адзінак, абслугоўваемы кантынгент і г.д.); разлікі па асобных расходных артыкулах. К. складаецца з артыкулаў, кожны з іх мае аднародную групу расходаў і строга абавязковы характар. К. на цэнтралізаваныя мерапрыемствы складаецца мін-вамі, ведамствамі, упраўленнямі і аддзеламі органаў мясц. самакіравання. К. зводныя аб’ядноўваюць усе індывід. К. падведамасных устаноў і К. расходаў на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.
2) К. выдаткаў на вытв-сць — вылічэнне планавай сумы затрат прадпрыемства, аб’яднання або галіны нар. гаспадаркі на вытворчасць усёй прадукцыі і аказанне паслуг. Складаецца на пэўны каляндарны перыяд (год, квартал).
3) К. выдаткаў на буд-ва — сукупнасць нарматыўных разлікаў, якія вызначаюць памер усіх затрат, звязаных з буд-вам (рэканструкцыяй) прадпрыемства, асобнага памяшкання, збудавання або іх комплексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,
адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А.Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн.адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.