САМА́РА,

горад у Іраку, на левым беразе р. Тыгр (мухафаз Багдад). Заснаваны ў 836 на месцы стараж. паселішча як рэзідэнцыя Абасідаў. Пасля пераносу халіфам Мутамідам (870—892) сталіцы халіфата ў Багдад С. заняпала. У 1911—13 ням. археолаг Э.​Герцфельд даследаваў руіны стараж. горада: рэгулярныя ў плане грандыёзныя палацы з садамі, мячэці, маўзалеі, жылыя пабудовы (усе з абпаленай цэглы, радзей сырцу). На правым беразе р. Тыгр — руіны замка Каср аль-Ашык (878—882) з 3 параднымі палацамі і васьміграннага купальнага маўзалея Кубат ас-Сулайбія. У С. знойдзены сюжэтныя і арнаментальныя размалёўкі, разны стук, мастацкая люстравая кераміка і інш.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГАЎ ТЭА́ТР У ДЗЯРЭ́ЧЫНЕ.

Існаваў у 1786—91 у в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Праект т-ра быў створаны Я.​С.​Бекерам. Будынак быў крыжападобны ў плане, разлічаны на драўляныя канструкцыі, меў сцэну з чатырма планамі куліс і заднікам. Зала мела 7 радоў у партэры і 9 лож. Аўтарам дэкарацый да спектакляў таксама быў Бекер. У т-ры працавала капэла. Для т-ра мастак К.​Атасельскі стварыў славутую заслону «Купанне Дыяны» (пасля 1776), якую пазней набыў антрэпрэнёр Д.​Мараўскі для новага т-ра ў Вільні.

Праект Сапегаў тэатра ў Дзярэчыне. Арх. Я.​С.​Бекер. 1780-я г.

т. 14, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З АБАРО́НЫ ЎСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ»,

падпольная антыбальшавіцкая арг-цыя ў Расіі ў канцы 1917 — пач. 1918. Створаны ў Петраградзе 23.11(6.12).1917 прадстаўнікамі правых эсэраў, нар. сацыялістаў, меншавікоў-абаронцаў і часткі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў); меў аддзяленні ў Маскве, Ноўгарадзе, Адэсе, Самары і інш. Мэта — выкарыстаць маючае быць 5(18).1.1918 адкрыццё Устаноўчага сходу для звяржэння ўлады бальшавікоў і аднаўлення дэмакр. ладу. Выдаваў «Известия Союза защиты Учредительного собрания», распаўсюджваў антыбальшавіцкія лістоўкі, арганізаваў 5—9 (18—22).1.1918 у Петраградзе і Маскве дэманстрацыі ў падтрымку Устаноўчага сходу (расстраляны ўладамі). Неўзабаве пасля разгону бальшавікамі Устаноўчага сходу [у ноч на 6(19).1.1918] «С.а.У.с.» спыніў існаванне.

т. 14, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВАБО́ДНЫЯ АФІЦЭ́РЫ».

тайная афіцэрская арг-цыя ў Егіпце ў 1940-я — пач. 1950-х г. Яе ядро (Г.​А.​Насэр, М.​А.​Садат і інш.) узнікла ў 1942, арганізацыйна аформілася ў 1949. Да 1952 налічвала каля 1 тыс. членаў, якія займалі розныя пасады ва ўсіх звёнах ваен. і дзярж. кіраўніцтва Егіпта. Ставіла за мэту ажыццяўленне шырокіх сац., паліт. і эканам. рэформ, незалежнай знешняй палітыкі краіны. 23.7.1952 узначаліла ваен. пераварот, які адхіліў ад улады караля Фарука, пасля чаго выканком «С.а.» ператвораны ў Савет кіраўніцтва рэвалюцыяй (старшыня М.​Нагіб), які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКАЯ ЦЭЦ Пабудавана ў 1958 (першая чарга) у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як Васілевіцкая ДРЭС. Другая чарга пушчана ў 1965. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю цеплафікацыйных турбін у 1978 ДРЭС атрымала сучасную назву. У 1983—86 усе катлы ЦЭЦ пераведзены на выкарыстанне ў якасці паліва — газу і мазуту. Цяпер асн. паліва — спадарожны гаручы газ нафтавых радовішчаў з Беларускага газаперапрацоўчага завода і прыродны газ (з Расіі). ЦЭЦ мае 4 цеплафікацыйныя турбіны, 9 паравых катлоў і 1 воданагравальны кацёл. Магутнасць ЦЭЦ — 260 МВт/гадз электраэнергіі і 841 Гкал/гадз цеплаэнергіі. Забяспечвае цепла- і электраэнергетычныя патрэбы прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Светлагорск.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р. Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в. Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял. кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял. кн. Яўнута (гл. ў арт. Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт. Ямантовічы). У 1387 вял. кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІВО́НІК (Васіліса Сямёнаўна) (1907, в. Літвінкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1990),

удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. Брэсцкага, сакратар Гродзенскага, Слонімскага і Пінскага акр. к-таў КПЗБ. Дэлегат II з’езда КПЗБ (май 1935). У сак. 1936 арыштавана польск. ўладамі і прыгаворана да 10 гадоў турмы. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У Вял. Айч. вайну ўдзельніца партыз. барацьбы на тэр. Жабінкаўскага і Брэсцкага р-наў, чл. Жабінкаўскага раённага антыфаш. к-та. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце ў Брэсце. Ганаровы грамадзянін г. Брэста (1969). Аўтар успамінаў.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСАЮ́З, Сялянскі саюз, Украінскае сялянскае сацыялістычнае аб’яднанне,

легальная рэв.-дэмакр. сялянская арг-цыя, якая дзейнічала ў Зах. Украіне і паўд.-зах. частцы Зах. Беларусі ў 1922—26. Узнікла ў 1922 у час выбараў у польскі сейм на базе выбарчых к-таў, што ствараліся на Палессі, Валыні і Холмшчыне. Утвораны 5.8.1924 на ўстаноўчым з’ездзе ў Брэсце. Друкаваны орган — газ. «Наше життя». Меў уплыў сярод бяднейшага і сярэдняга сялянства. Ставіў за мэту далучэнне іх да рэв.-вызв. руху на аснове рэв.-дэмакр. патрабаванняў. У кастр. 1926 пасля аб’яднання з радыкальнай сял. арг-цыяй «Народная воля» ўвайшоў у склад Сельраба.

т. 14, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯДО́ЛІ,

першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)