рэпарцёр, ‑а, м.
Работнік газеты, радыё і пад., які дастаўляе рэдакцыі звесткі аб падзеях і здарэннях. Рэпарцёры, нарысісты, фельетаністы, фотакарэспандэнты — штатныя і пазаштатныя — збіраліся ў купку і горача абмяркоўвалі, дзе і як яны скончаць гэты дзень. Васілёнак. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў.
[Англ. reporter.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салёнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць салёнага (у 1, 2 знач.); насычанасць соллю. Чарнаморская вада мае ўдвая меншую салёнасць у параўнанні з міжземнаморскай. «Маладосць». // перан. Пра маральную якасць людзей. [Рэдактар:] — Як далёка, кажу вам, стаіце вы ад жыцця! І калі вы, соль зямлі, страцілі салёнасць, то што сказаць аб гэтых малых? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скары́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да скарынка (у 1 знач.). Берагчы хлеб, шанаваць самы маленькі кавалачак, кожную скарыначку — прывучалі дзед і бацька. Грамовіч. Да чаго ж мне хацелася свежай хрумсткай скарыначкі! Пальчэўскі. [Мышка] знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сос 1, выкл.
Міжнародны радыёсігнал аб бедстве суднаў ці самалётаў.
[SOS — бесперапыннае паўтарэнне трох кароткіх і трох доўгіх сігналаў па азбуцы Морзе, пераасэнсаванае ў англійскі выраз Save Our Souls — ратуйце нашы душы.]
сос 2, ‑у, м.
Разм. Нікацінавая смала, якая застаецца пасля курэння ў цыбуку люлькі. — Гэта, брат, не так лёгка, — выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарапі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чарапіцы; прызначаны для вырабу чарапіцы. Чарапічная вытворчасць. Чарапічны завод.
2. Зроблены з чарапіцы. Белыя аканіцы і ярка-чырвоны чарапічны дах, веранда і чысценькія, пасыпаныя жоўтым пяском сцяжынкі між сапраўднага гушчару [глогу] і вінаграднай лазы — усё сведчыла аб руплівасці гаспадыні дома. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шаргаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.
Шапацець, шамацець, шумець. Часам і ўдзень чутно было, як у садках і прысадах шаргацелі, ападаючы, сухія лісты. Кулакоўскі. Я доўга не спаў, слухаў, як шаргацела па сцяне голле бярозы, як жаласна гуў у коміне вецер і брынчалі шыбы, і думаў аб сваім гаспадару. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Хадзіць на свежым паветры, адпачываючы; прагульвацца. Часта Паўлюк любіў шпацыраваць вечарамі па цяперашнім Купалаўскім скверыку. Русак. На праспекце ад Камсамольскай да Энгельса шпацыравалі купкі моладзі. Грамовіч. // Хадзіць не спяшаючыся, узад і ўперад. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Дарашава́ты ’брудна-карычневы, жаўтаваты (аб конях)’ (Шат.). Шатэрнік (79) выводзіць гэта слова з польск. deresz (гл. дэ́раш). Але хутчэй гэта запазычанне прама з польск. dereszowaty ’тс’. Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 14; Брукнер, 87 (лічыцца запазычаннем з венг. мовы; параўн. венг. прыметнік deres ’тс’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аб ’сёння’ паўн.-слав. Праславянскі характар яго даводзіцца, магчыма, яшчэ балтаславянскай канструкцыяй тыпу бел. аб ноч ’на працягу ночы’. Параўн. рус. ц.-слав. объ нощъ, чэш. ob noc, н.-луж. hob noc, серб.-харв. об ноћ, славен. ob noč, літ. apýnaktis (Трубачоў, Проспект, 65–66).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)