ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),

від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі ​1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;

Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.

Да арт. Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКА́РСКАЯ ФО́РМА,

плоская або цыліндрычная форма, якая ў сістэме друкавальных (даюць адбіткі фарбы на матэрыяле) і прабельных (прамежкавых) элементаў мае тэкставую і ілюстрацыйную інфармацыю і служыць для шматразовага атрымання адбіткаў. Выкарыстоўваецца ў друкарскіх машынах.

Бывае для высокага друку (набор, клішэ, фотапалімерная форма, стэрэатып), плоскага друку (афсетныя, літаграфскія і фотатыпныя пласціны), глыбокага друку (пакрытыя меддзю і храміраваныя цыліндры), а таксама для металаграфскага, трафарэтнага, электраграфічнага і інш. спец. відаў друку. Матэрыялы Д.ф. — металічныя (друкарскія сплавы, цынк, алюміній, медзь, магній, біметал і інш.), неметалічныя (пластмаса. гума, шкло і інш.) і камбінаваныя. Д.ф. робяць фотанаборнымі, наборна-друкавальнымі і наборна-адліўнымі спосабамі, стэрэатыпныя формы — метадамі гальванапластыкі, прасаваннем і ліццём. З адной Д.ф. можна атрымаць 1 млн. і болей адбіткаў.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́НІНА (Юлія Уладзіміраўна) (10.5.1924, Масква — 21.11.1991),

руская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). У Айч. вайну санінструктар на фронце. Друкавалася з 1945. Вызначальнае ў вершах — памяць пра вайну, праблемы і клопаты сучасніка, яго духоўны свет (зб-кі «У салдацкім шынялі», 1948, «Размова з сэрцам», 1955, «Сучаснікі», 1960, «Ты вернешся», 1968, «Не бывае любві нешчаслівай...», 1973, Дзярж. прэмія Расіі 1975, «Акопная зорка», 1975, «Бабіна лета», 1980, «Сонца — на лета», 1983, і інш.). Аўтабіягр. аповесць «З тых вяршыняў» (1979), вершы «Зінка», «Памяці Клары Давыдзюк», «Песня вязня», «У пярэдадзень вайны» і інш. тэматычна звязаны з Беларуссю. Аўтар паэмы «Нуль тры» (1980). На бел. мову творы Д. перакладалі Э.Агняцвет, С.Басуматрава, Т.Бондар, С.Гаўрусёў, Х.Жычка, Ю.Свірка, І.Скурко і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫВО́ЦІНАЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад. Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.А.Луп’янам);

Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.З.Клябанавым).

Літ.:

Б.В.Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДАРЭ́НКА (Леанід Аляксандравіч) (н. 25.10.1930, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). Гал. месца ў творчасці, якой уласцівы метафарычная афарбоўка, багатае вобразнае вырашэнне, займаюць канцэптуальныя сюжэтна-тэматычныя карціны: «П’ета» (1968), «Вызваленне» (1975), «Касінеры Каліпоўскага» (1978), «У майстэрні» і «Гэта не павінна здарыцца» (абедзве 1986), «Эпілог» і «Людзі і манументы» (абедзве 1988), «Майму народу гэта кніга (Скарына)» (1990), «Баляванне драпежнікаў» (1993), «Усюды жыццё» (1995), «За што, Госпадзі?» (1996). Пейзажы і партрэты вылучаюцца моцнай пластыкай, выразнасцю малюнка: партрэты В.Быкава (1980), М.Багдановіча (1981), «Перад трэніроўкай. Н.Б.Сініцына» (1987), «Мая Наталля» (1997), пейзажы «Браслаў» (1982), «Раўбічы» (1988), «Пінск» (1993) і інш.

Літ.:

Шаура Р. Леанід Дударэнка. Мн., 1984;

Леонид Дударенко. Мн., 1995.

Л.Дударэнка. Гэта не павінна здарыцца. 1988.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).

Тв.:

Так і не: Вершы. Мн., 1993;

Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.

Літ.:

Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРАНІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; да яго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.

Літ.:

История Афганистана. М., 1982. С. 125—139.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНАВО́ (Мікалай Мікалаевіч) (4.11.1876, Масква —27.10.1937?),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1924), акад. АН БССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 праф. Саратаўскага, Бел. і Маскоўскага ун-таў. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 высланы. Рэабілітаваны ў 1964. Даследаваў слав. мовазнаўства («Да пытання аб старажытнейшых перакладах на стараславянскую мову біблейскіх тэкстаў. Супрасльскі рукапіс», 1926, «Думкі і меркаванні аб паходжанні стараславянскай мовы і славянскіх алфавітаў» і «Да пытання аб распадзе агульнаславянскай мовы», 1929), дыялекталогію і гісторыю рус. мовы. Аўтар першага рус. слоўніка лінгвістычных тэрмінаў «Граматычны слоўнік» (1924). У навук. працах выкарыстоўваў факты бел. мовы, апублікаваў арт. «Увагі да беларускай фанетыкі» (1929), рэцэнзіі на бел. і ўкр. мовазнаўчыя выданні.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977.

І.К.Германовіч.

М.М.Дурнаво.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУХО́ЎНАЕ ПРЫЧА́СЦЕ СВЯТЫ́Х БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,

польска-бел. школьная драма эпохі барока. Аўтар невядомы. Уваходзіць у рукапісны зб. канца 17 ст. «Аршанскі кодэкс». Паст. ў Полацку і, магчыма, у Оршы да 1693. У аснове сюжэта падзеі 11 ст. ў Полацку і Кіеве (феад. міжусобіцы, пашырэнне хрысціянства). Рэчаіснасць і вобразы гал. герояў святых Барыса і Глеба пададзены ўмоўна. Твор уключае антыпралог, пралог і 4 інтэрмедыі. У інтэрмедыях адлюстравана жыццё бел. грамадства канца 17 ст. Дзейныя асобы драмы селянін («хлоп»), гарбар, салдат, яўрэй, хлопцы-парабкі, якія гавораць па-беларуску, прадстаўлены людзьмі абмежаванымі. Мяркуючы па змесце, аўтар — католік-езуіт, прыхільнік ідэалогіі пануючых класаў. Твор апубл. І.Ляванскім у «Старапольскай драматургіі» (Варшава, 1963. Т. 6).

Літ.:

Мальдзіс АІ. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 175—192.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПРО́ЗІЙ (лац. Dysprosium),

Dy, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 66, ат. м. 162,50, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 156, 158, 160—164. У зямной кары 5—10​−4% па масе. Адкрыў франц. хімік П.Э.Лекок дэ Буабадран у 1886.

Мяккі серабрыста-белы метал, ніжэй за 1384 °C устойлівы α-Dy (шчыльн. 8559 кг/м³), вышэй пераходзіць у β-Dy (шчыльн. 8660 кг/м³), tпл 1409 °C. У паветры акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі). Узаемадзейнічае з вадой, з мінер. кіслотамі (акрамя плавікавай) утварае солі Dy (III), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі, вугляродам, фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. магнітных сплаваў.

Літ.:

Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 2. С. 66.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)