Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу.М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі.Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было.Беразняк.Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха.Кулакоўскі.А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы.Лупсякоў.
Убірацца ў тогукаго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч.Даніленка.Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх.Курто.Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця.Марціновіч.Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло.Пташнікаў./уперан.ужыв.У будучнасць людзі ўзіраюцца смела.Купала.// Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант.Шамякін.
2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы.Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упо́равень, прысл.
Разм.
1. На адной лініі, вышыні, глыбіні і пад. Вада кіпела ўпоравень з бартамі.Арабей.Хвілін праз пяць.. [Раман] падняў упоравень з грудзьмі ляшча і гукнуў: — Во!!!Ляўданскі.[Хатка] такая маленькая і нізкая, што мальвы і сланечнік, якія абступілі яе вакол прызбы, цвітуць упоравень са страхой.Васілевіч.// На аднолькавым узроўні, у роўным становішчы. Літаратура наша вырасла да такой ступені, што зрабілася фактам не толькі нацыянальна-беларускім, а выйшла на ўсесаюзную арэну, стаўшы ўпоравень з лепшымі творамі шматнацыянальных літаратур.Скрыган.
2. Аднолькава, на роўных умовах, правах і пад. [Алена Данілаўна] адчула сябе ўпоравень з усімі, з вядомымі ў краіне партыйнымі кіраўнікамі, з наватарамі вытворчасці.Сабаленка.Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй.Навуменка.
3. Поруч, побач. У падраным кажушку бяжыць упоравень з санкамі мужычок — грэецца.Мурашка.Ганна Макараўна ішла ўпоравень з вагонамі.Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі.Гроднеў.// Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю.С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне.Сачанка.Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш.Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга.Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне.Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол.Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку.Кляшторны.
2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй.Шамякін.// Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы.Рагойша.
3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей.Сташэўскі.Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату.Хведаровіч.
4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае.Камейша.Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць.Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)